Верхнядзвінскі музей пашырае змест

Актуально Наш край

На адной з пахарашэлых за апошнія гады вуліц Верхнядзвінска – Ленінградскай – прыцягвае ўвагу сваім святочным дызайнам будынак былога народнага суда, на фасадзе якога красуецца шыльда “Верхнядзвінскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”. Гэта – адзін з уцалелых узораў местачковай архітэктуры пазамінулага стагоддзя, жылы дом некалі вядомага ў Еўропе шаўца Канавалава, які загінуў разам з сям’ёю ў Дрысенскім гета ў 1942 годзе.

А. Бубала (злева) прымае першых  гасцей «верхнядзвінскіх прычалаў».
А. Бубала (злева) прымае першых гасцей «верхнядзвінскіх прычалаў».

Ад самага пачатку на шляху будучага музея існавала шмат праблем. Адна з іх – збор адметных экспанатаў. Верхнядзвіншчына мае багатую гісторыю, але мала яе рэчавых сведкаў. У апошнюю вайну гітлераўцы спалілі 426 паселішчаў раёна ра-зам з іх матэрыяльным начыннем, у агні згарэлі сямейныя фатаграфіі і дакументы, прадметы побытавага ўжытку і народнага мастацтва, рэліквіі рэлігійных культаў.
Скарбы “шматгадовага захоў-вання”, што ляжаць у старадаўніх курганах, а таксама артэфакты шматлікіх войнаў грунтоўна перакапалі сучасныя “чорныя археолагі”, добра ўзброеныя металашукальнікамі і навігатарамі найноўшых мадэляў.
Таму супрацоўнікі рабочай групы па стварэнні музея шчыра ўдзячны як гараджанам і вяскоўцам, што прапаноўваюць музею рэчы, дакументы і фатаграфіі, так і шукальнікам скарбаў, якія на бескарыслівай аснове аддаюць частку знойдзенага на ўсеагульны прагляд.
Багаты праект будучага музея вымагаў немалой плошчы з разлікам на дабудову. Але ён аказаўся несувымерным з фінансавымі магчымасцямі раёна, і таму давялося сціскаць рамкі задуманага, адмовіцца ад прывабных ідэй мець лекцыйную залу з мультымедыйнымі сродкамі, дастатковую прастору для захоўвання дапаможных фондаў, гуртковай і даследчай працы.
Выбраны варыянт “прычалаў” на старадаўнім шляху “з варагаў у грэкі”. Галоўная водная артэрыя краю – Дзвіна – акаймавала геаграфічную карту раёна з паўднёвага захаду, па мяжы з Мёрскім раёнам. “Сплаў” па стагоддзях было вырашана ладзіць па галоўным дзвінскім прытоку – рацэ Дрыса, якая працякае па найбольш заселенай і насычанай гістарычнымі падзеямі мясцовай дыяганалі і падаравала свой адвечны балцкі назоў мястэчку ў сваім вусці.
Зараз на кожным «прычале» выстаўлена ўся гісторыя адпаведнай мясціны, дзе, аднак, найбольш высвечана яе брэндавая тэма. У першай зале ўжо сфармавана ў агульных рысах экспазіцыя двух «прычалаў» – “Курган Рагнеды” і “Сокал”. Тут выстаўлена схема археалагічнай перыядызацыі гісторыі і некалькі агульных карт, у асобнай нішы змешчаны самы важкі ў прамым і пераносным сэнсе экспанат – старадаўні каменны крыж.
Асобны планшэт знаёміць наведнікаў з асобамі, чые імёны ўславілі родны край сваёй працай, творчасцю, навуковай і грамадскай дзейнасцю. Тут яны побач – заснавальнік Акадэмгарадка і сусветна вядомы навуковец В.Капцюг, былы падпольшчык і партызан, мемуарыст Г.Капусцёнак, пісьменнік М.Барэйша і мастак А.Пятроў, прафесар У.Навіцкі і “афганец” С.Улашэвіч.
Рэчавыя рэліквіі гэтай залы амаль на сто працэнтаў – з прыватных збораў апантанага краязнаўцы і супрацоўніка рабочай групы Юрыя Карасёва. Тут цікавыя калекцыі рэштак зброі з мясцін бітваў мінулых стагоддзяў, багатыя зборы сярэднявечных і царскіх манет і іншае начынне. Пастаянныя экспазіцыі мяркуецца ўсталяваць па дамоўленасці з дзяржаўнымі музеямі і інстытутамі. Частка скарбаў, знойдзеных навукоўцамі на Верхнядзвіншчыне, можа быць перададзена на адрас сваёй пачатковай “прапіскі” пасля стварэння належных умоў для іх надзейнага захоўвання.
Вялікую ролю ў кожнай зале выконваюць фрызы – суцэльны пояс каляровых фатаграфій па перыметры ўсіх памяшканняў па-над вітрыннымі шафамі. Гэта не якія-небудзь няпэўныя пейзажы, а найбольш адметныя выявы архітэктурных і прыродных аб’ектаў, сцэн сучаснага жыцця з кожнага канкрэтнага «прычала». Кіруючыся справядлівым выслоўем “Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць”, складальнікі тэматычна-экспазіцыйнага плана стараюцца стварыць незабыўны маляўнічы партрэт адпаведнай мясцовасці.
Адметны вобраз і галоўнае афармленне мае ўжо і невялікая зала, дзе выстаўлены экспазіцыі «прычалаў» “Каханавічы“, “Расіца“, “Сар’я“ і памежнай з Латвіяй часткі “Дзвіна“. Астатняя прастора чакае свайго часу і пакуль выкарыстоўваецца пад часовыя экспазіцыі. Аб’ёмы запланаванага «прычала» “Княжыцы“ заняты выставай этнаграфічнага начыння, а вялікая зала, якая будзе падзелена паміж «прычаламі» “Свольна“,“Лісна“,“Асвея“,“Дрыса“ і галоўнымі экспазіцыямі прычала “Дзвіна“, ужо выдатна паслужыла для тэматычных выстаў да юбілею Перамогі і Дня Незалежнасці.
Першыя наведнікі музея яшчэ на стартавым этапе яго існавання аднадушна задаволены зместам і афармленнем экспазіцый; некаторыя экскурсанты, па іх прызнанні, нават зачараваны ўбачаным. Як і варта было чакаць, яны надоўга затрымліваліся каля «сваіх прычалаў», пазнаючы дарагія рысы родных мясцін і знаёмых людзей, адкрываючы для сябе невядомыя дагэтуль старонкі гісторыі сваёй малой радзімы.
А. БУБАЛА,
дырэктар рабочай групы
па стварэнні раённага музея.



1 комментарий по теме “Верхнядзвінскі музей пашырае змест

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *