У Боркавічах адкрыта новая лазня

Актуально Общество

Будынак лазні адкрываюць (злева направа) А. М. Есіпёнак, У. У. Быкаў, У. Г. Кузняцоў.
Будынак лазні адкрываюць (злева направа) А. М. Есіпёнак, У. У. Быкаў, У. Г. Кузняцоў.

У аграгарадку Боркавічы адкрыта новая лазня.
Гэтай падзеі баркавічане чакалі доўга, можна сказаць, некалькі гадоў. У вялікім населеным пункце не мелася грамадскай лазні, а часовыя памывачныя пункты праблему вырашыць не маглі. Мясцовыя жыхары накіравалі звароты ў органы ўлады з просьбай адкрыць патрэбны аб’ект. Пытанне ўзялі на кантроль у раённым і абласным выканаўчых камітэтах, да справы падключыліся дэпутаты. Усё ж пабудаваць з “нуля” новы будынак у сённяшніх эканамічных умовах няпроста. Аднак сродкі былі вынайдзены, і ўжо з мінулай восені пачаліся будаўнічыя работы.
Галоўным падрадчыкам на ўзвядзенні лазні выступіла Валынецкае ПМС на чале з дырэктарам Н.А.Халанскай. Будаўнікі аднесліся да справы адказна – работы былі выкананы якасна і ў адведзены тэрмін.
Нямала працы патрабавала і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Яго праводзілі “усім мірам” — навядзеннем парадку займаліся мясцовыя арганізацыі і жыхары падчас шматлікіх суботнікаў. Варта сказаць, што на месцы новага будынка лазні раней знаходзіліся два ветхія дамы. Боркавіцкім сельскім Саветам былі арганізаваны работы па іх зносу і рэкультывацыі ўчастка. А затым яму знайшлося вось такое гаспадарскае прымяненне.
Цяпер навокал лазні раскінуліся акуратныя газоны, выкладзена стылізаваная дарожка, з дапамогай лясгаса ўстаноўлена альтанка. Як адзначыла старшыня сельвыканкама А.М. Есіпёнак, работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі будуць працягвацца.
Днямі баркавічане маглі ацаніць вынік агульнай працы падчас урачыстага адкрыцця аб’екта. Удзел у ім прынялі першы намеснік старшыні райвыканкама У.У. Быкаў, старшыня Боркавіцкага сельскага Савета дэпутатаў А.М. Есіпёнак, дырэктар ДРУВП ЖКГ У.Г.Кузняцоў, на баланс якога перададзены аб’ект, дырэктар Валынецкага ПМС Н.А. Халанская, мясцовыя жыхары. Людзі сардэчна падзякавалі райвыканкаму і райсавету дэпутатаў за тое, што іх просьба выканана найлепшым чынам.
Будынак атрымаўся прыгожым і дабротным. Лазня разлічана на 8 памывачных месцаў, ёсць вельмі добрая парылка, неабходныя падсобныя памяшканні. Тут устаноўлены халадзільнік, работнік лазні будзе прапаноўваць наведвальнікам напіткі. Цэны на абслугоўванне даступныя. Пабываць у лазні, дарэчы, прапаноўваюць не толькі пастаянным наведвальнікам, але і на заказ. А першым кліентам, якія пажадалі “праверыць” пар, можна было скарыстаць паслугі бясплатна. Людзі задаволены: лазня – што трэба!
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *