Са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі!

Актуально

0_7c931_7b52536b_xl

Дарагія Браты і Сёстры!
Бог дае нам ласку чарговы раз перажываць Таямніцу Пасхі, якая з’яўляецца Таямніцай Збаўлення – вызвалення з-пад улады зла.
Чалавека цікавіць наяўнае жыццё, хочацца ўсё ўпарадкаваць і наладзіць, зрабіць больш лёгкім і прыемным наша існаванне на зямлі. Але з цягам часу разумеем, што гэтыя намаганні не прыносяць задаволенасці, немагчыма вырашыць жыццёвыя памкненні ніякімі зямнымі дабротамі.
Пасха, якая сустракаецца з вясной, прыносіць нам, быццам на крылах цёплага ветрыку, Божую думку: “Чаму шукаеце жывога сярод памерлых? Няма Яго тут, Ён Уваскрос” (Лк 29, 5-6).
Нярэдка бывае, што нашы мітусня і пошукі ідуць не ў тым напрамку. Словы з Бібліі стрымліваюць, прымушаюць задумацца, прыводзяць да Езуса Хрыста – Збаўцы.
Хто Ён і з чым прыйшоў да нас? Паэт Францішак Карпінскі піша:
“За наш лёс Ён турбаваўся,
Навучаў, лячыў, стамляўся,
Зносіў голад, адрачэнні
Дзеля нашага Збаўлення”.
На жаль, чалавечыя планы не супадалі з Хрыстовымі. А лозунг упаўшага анёла “non serviam” (не буду служыць) паглынуў людское сэрца:
“Злосць і любасць нечакана
Давялі да смерці Пана.
Высіцца адна й другая –
Любасць Бога, злосць людская”.
Такім чынам, споўніліся словы Хрыста: “а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх далучу да Сябе” (Ян 12,32).
Чалавек, далучаны да Бога і паяднаны з Ім, праз крыж кліча:
“Ты мае сілы ўзмацні ў гэтым бегу,
Перш чым прыйду да свайго я начлегу,
Дай супраць смерці з трайной выйсці зброяй –
З Верай, Надзеяй, Любоўю Тваёю.”
Пасхальныя дні заканчваюцца падзеяй, якая не ўмяшчаецца ў чалавечым розуме: бляскам Божага святла – Уваскрасеннем Хрыстовым. Усё, што здарылася ў гэты час, абуджае кожнага з апосталаў, а потым і кожнага хрысціяніна ў сузіранне Новай эры, якая пачалася ў Пасхальную Раніцу.
З яе пачаткам злосць, нянавісць, забойствы, войны, зайздрасць, несправядлівасць, прага багацця і ўлады, распуста і нявер’е — усё, што назначана смерцю, — адыходзіць у небыццё. Як абвяшчае святая літургія:
“Хрыстос Уваскрос з мёртвых,
Смерцю смерць зваяваў,
І тым, хто ў магілах, жыццё дараваў”.
Пасхальнае таямніца мае два аспекты: сваёю смерцю Хрыстус выбаўляе нас ад грэху, а Уваскрасеннем – адчыняе шлях у новае жыццё. “Як Хрыстус быў уваскрошаны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём” (Рым 6,4).
Дарагія Браты і Сёстры! Нам даравана Хрыстом новае жыццё. Жадаю, каб адкрытым сэрцам прынялі гэты дар, уваходзячы з Ім на новую дарогу. Няхай Хрыстус адорыць кожнага сваім святлом і ласкамі! Мы выбіраем не насілле і вайну, але надзею на новы шлях супакою.
З Хрыстом і Яго законамі мы ўсё пераможам. Няхай Хрыстус вас благаслаўляе, суцяшае і ўмацоўвае.
Хрыстос Уваскрос – Сапраўды Уваскрос!
Айцец ТАДЭВУШ,
пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.



2 комментария по теме “Са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *