Свята Божага Нараджэння адзначаюць вернікі каталіцкай канфесіі

Актуально Духовность

«Сёння нарадзіўся вам Збаўца … Знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях» (Лк. 2,11-12).

DSCF8255

Дарагія Браты і Сёстры — хрысціяне! Пачынаем святкаванне Таямніцы Нараджэння Езуса — Бога, які выбаўляе.
У тым, што Хрыстус, Сын Божы, нарадзіўся ў пячоры, заключана вялікая таямніца і вялікі парадокс. Парадокс у тым, што сам Бог ляжаў у калысцы і ва ўсіх сваіх патрэбах быў залежны ад чалавека. Быццам хацеў сказаць: не бойся, чалавек, бо ніхто не баіцца малога дзіцяці, прыйдзі да Мяне, а я зраблю цябе дзіцём Божым.
Слабыя і грэшныя мы, людзі, не хапае нам сіл, а часам і ахвоты ў імкненні да добрага. Але, калі ёсць яслі, у якіх мы бачым Любоў Бога ў абліччы малога бездапаможнага Немаўляці, якога можна ўзяць на рукі, то як можам думаць, што Бог не любіць нас у нашай мізэрнасці і залежнасцях?
Хрыстус быў не толькі маленькім, але яшчэ і бедным. Ён пажадаў нарадзіцца не проста ў калысцы, але ў стайні. Гэта дае нам вялікую надзею, бо мы ўсе бедныя і нам патрэбна беднае Божае Дзіцятка: «Будзь ты пастух або мудрэц, на гэтай зямлі ты не можаш спасцігнуць Бога інакш, як схіляючы калені перед Віфлеемскімі яслямі і з любоўю пакланяючыся Яму патаемнаму» (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 563).
Наша чалавечая праца заключаецца ў пошуках Бога, як шукалі Яго мудрацы, якім Неба давала пуцяводную Зорку. Калі мы будзем шукаць, то таксама знойдзем Хрыста Езуса. Калі станем як дзеці Божыя, то зможам пасядзець каля ясляў і паяднацца з Богам. Тады зноў убачым сябе такімі, якімі стварыў нас Ён, і зло не кране нас. Калі будзем жыць з верай, любоўю і надзеяй, якія прынесла Дзіцятка Езус, то не будзем паддавацца ні хлусні, ні злу.
Няма нічога больш цудоўнага, чым нованароджанае дзіця. Езус хоча, каб мы паважалі кожнае зачатае жыццё. Давайце будзем прасіць Хрыста, каб мы ўсе, асабліва маладыя, успрымалі кожнае зачатае жыццё, як падарунак з нябёс.
Бог з-за неабсяжнай любові да прыніжанага чалавецтва рашыў адмовіцца ад камфорту прабывання на небе і прыйшоў на змучаную нашымі грахамі зямлю. Ён хоча, каб і мы дзеля іншых людей адмовіліся ад камфорту і лепшага жыцця і адчулі радасць ад сваёй ахвярнай любові.
Дарагія Браты і Сёстры! Жадаю ўсім гэтай радасці і поспехаў у пошуках таго, што самае каштоўнае, — Бога, які прыходзіць і выбаўляе нас у асобе Божага Дзіцяці. Жадаю душэўнага супакою, лёгкасці на сэрцы, добрага здароўя, дапамогі ў працы і вучобе.
Няхай добры Бог адорыць вас усімі патрэбнымі дабротамі, чэрпайце радасць з Нараджэння Бога, які зышоў на зямлю.
Са Святам Божага Нараджэння!
а. Тадэвуш Кавальскі,
настаяцель Верхнядзвінскага касцёла
Нараджэння Панны Марыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *