ВУП беларусі ў 2015 годзе павінен павялічыцца на 2 працэнты

Экономика

Прырост ВУП Беларусі ў 2015 годзе складзе 2 працэнты, заявіў 31 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што цяпер ва ўрадзе ідзе работа над праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2015 год. У праекце ўлічаны рызыкі і рэзервы росту эканомікі, што ў цэлым павінна дазволіць забяспечыць рост эканомікі на 2 працэнты.

У будучым годзе асноўнай мэтай прамысловасці, паводле яго слоў, будзе выхад на дадатную дынаміку росту вытворчасці прадукцыі і валавой дабаўленай вартасці і забеспячэнне прыросту на ўзроўні не менш як 1,6 працэнта.

Пунктамі росту прамвытворчасці, паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, павінны стаць глыбока мадэрнізаваныя галіны, якія спецыялізуюцца на айчыннай сыравіне. У прыватнасці размова ідзе аб дрэваапрацоўцы, вытворчасці прадуктаў харчавання. Пэўную ролю адыграе павелічэнне паставак у Расію на фоне ўвядзення адносна яе санкцый.

Што датычыцца іншых галін, то, напрыклад, тэмп росту вытворчасці будаўнічых матэрыялаў чакаецца на ўзроўні 102,7 працэнта. «Умераны паказчык росту прагназуецца ў галінах, якія працуюць з максімальнай загрузкай, маюць высокую ўдзельную вагу ў прамысловасці. Гэта хімічная прамысловасць, — сказаў Уладзімір Сямашка. — Аб’ём вытворчасці калійных угнаенняў захаваецца на максімальным узроўні 2014 года. На ўзроўні 101,5-103 працэнты чакаецца тэмп росту ў сферы машынабудавання і звязаных з ім галінах».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *