Навучыцца быць мамай

Общество

У раёне завяршыўся месячнік мацярынства, падчас якога праведзены дзесяткі цікавых і карысных мерапрыемстваў у падтрымку сям’і і дзяцей. Сумесныя лекторыі для жанчын, моладзі і прыхаджан прапанавалі Касцёл Нараджэння Багародзіцы і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.

Перад удзельнікамі сустрэчы ў ЦДМ выступае К. П. Арол.
Перад удзельнікамі сустрэчы ў ЦДМ выступае К. П. Арол.

Хрысціянскія суполкі па сваёй сутнасці з’яўляюцца актыўнымі абаронцамі і захавальнікамі кожнага зачатага жыцця. Барацьба супраць абортаў, прапаганда высокіх маральных каштоўнасцяў, выхаванне дзяцей у Нядзельных школах, абарона сям’і — сферы дзеяння рэлігійных арганізацый. Падчас месячніка мацярынства духоўнікі сумесна з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа арганізавалі ў Касцёле і памяшканні Цэнтра дзяцей і моладзі гутаркі і лекцыі па найбольш папулярных тэмах захавання жыцця і абароне сям’і. Правяла іх запрошаны з Маладзечна лектар школы кансультантаў сямейнага жыцця Казіміра Пятроўна Арол.
Прадметам абмеркавання сталі тэмы «Прычына цяжкасцей у сям’і», «Пабудова сямейных адносін і стварэнне выхаваўчага асяроддзя», «Жанчына — храм жыцця». Здавалася б, нямала інфармацыі ў гэтым плане ёсць у перыёдыцы, кнігах і інтэрнэце. Але лектар падабрала настолькі рэдкую і патрэбную інфармацыю, насыціла яе такімі цікавымі і красамоўнымі фактамі, што ўвага слухачоў была выключнай. І гэта зразумела: у Казіміры Пятроўны 40 гадоў медыцынскага стажу ў якасці акушэра-гінеколага, 16 гадоў яна з’яўлялася сястрой міласэрнасці ў таварыстве Чырвонага Крыжа ў Мінску, на працягу трох гадоў выступае з лекцыямі ў абарону жыцця перад рознай аўдыторыяй. На гэты раз карысную для сябе інфармацыю атрымалі, у асноўным, маладыя жанчыны, якія выхоўваюць або збіраюцца нарадзіць дзяцей.
Як адзначыла старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа А.М.Шамёнак, на працягу месячніка праводзілася таксама акцыя па зборы і перадачы сем’ям гуманітарнай дапамогі. 19 сем’яў атрымалі больш за 820 прадметаў адзення, 28 пар абутку, а таксама сумкі, пасцельную бялізну, рэчы для гаспадарчага ўжытку. Кіраўнік грамадскай арганізацыі ад імя карыстальнікаў дапамогі выказала сардэчную падзяку ўдзельнікам акцыі, якія падзяліліся з іншымі сваімі набыткамі і цяплом душы.
С. Дзвінская.



1 комментарий по теме “Навучыцца быць мамай

  1. Для того,чтоб понять эти самые «Прычыны цяжкасцей у сям’і» великого ума не требуется.Это все те же невежество,ложь,пьянство итд.Главная ошибка борцов с этим злом заключается в том,что бесполезно перевоспитывать уже сформировавшееся быдло.Нужно формировать новое поколение,где быдлу нет места.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *