З гісторыі каталіцкіх святынь

Актуально Духовность

Пад такой рубрыкай «Дзвінская праўда» друкавала грунтоўныя матэрыялы па гісторыі праваслаўных святынь на Верхнядзвіншчыне. Па шматлікіх просьбах чытачоў сёння мы пачынаем публікаваць абяцаныя матэрыялы пра касцёлы і капліцы каталіцкай канфесіі. Як і раней, у распрацоўцы тэмы актыўны ўдзел брала навуковая супрацоўніца рабочай групы раённага музея Л.В.Гагалінская. Будуць выкарыстаны таксама літаратурныя крыніцы з розных выданняў і сведчанні нашых чытачоў, на водгукі якіх мы разлічваем. Асабліва каштоўнымі для нас з’яўляюцца ўспаміны пра канкрэтных людзей — божых служкаў, якія неслі крыж веры, даўшы клятву перад алтаром Хрыста прысвяціць сваё жыццё служэнню людзям па Яго запаветах.

валынцы касцёл пач ХХст

Забельскі касцёл
Самай пышнай і славутай святыняй Дрысеншчыны быў Забельскі храм у Валынцах з яго 12 храмавымі фэстамі, кляштарам дамініканцаў і калегіумам, пры якім дзейнічаў школьны тэатр і дзе працавалі выкладчыкамі славутыя прафесары-гісторыкі, філосафы, тэолагі, пісаліся драмы і камедыі, падручнікі па фізіцы і іншых навуках. Драматычныя падзеі сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі ў адказ на вызвольнае паўстанне 1831 г. распачаліся імператарскія ганенні на ўніяцтва і каталіцызм, не дазволілі здзейсніць мару аб стварэнні Забельскай акадэміі і нават амаль згасілі агеньчык інтэнсіўнага грамадскага жыцця. Але святыня выстаяла дзякуючы самаахвярнай працы яе пастыраў. Найлепш распавядае пра гэта праца кс. Я.Жыскара «Нашы касцёлы» (Варшава — Пецярбург, 1912 — 1914гг.), урыўкі з якой (у перакладзе з польскай А.Бубалы) мы будзем выкарыстоўваць, знаёмячы чытачоў з гісторыяй нашых храмаў.
«Валынцы, або іначай Забелы,- гэта невялікае мястэчка на беразе Дрысы. Не маючы ні гандлёвага, ні стратэгічнага значэння, яно тым не менш стала асяродкам грамадскага жыцця ў Дрысенскім павеце. Раней паселішча называлася Акацеўшчына і належала полацкай царкве Святога Мікалая; кароль Стэфан Баторы аддаў яго езуітам. Тады Акацеўшчына і атрымала новую назву — Валынец, ад імя тутэйшых пасяленцаў Валынцоў. Наступнымі ўладальнікамі зямлі тут сталі Захарэвічы і Туковічы, а ўрэшце — Канстанцы Шчыт. Ягоны сын Ян Шчыт аддае валоданне Забельскім-Шчытам, войскім полацкім, адкуль і паўстала назва парафіі Забелы.
Новыя набожныя валадары найперш задумалі ўсталяваць тут святыню і ў 1716 годзе пабудавалі касцёл Святога Георгія (Ежы), а таксама запрасілі сюды ксяндзоў-дамініканцаў, аддаўшы ім некалькі маёнткаў. У 1746 г. кароль Аўгуст ІІІ надае Валынцам прывілей на два кірмашы — на св. Дамініка і на Матку Боскую Ружанцовую.
Будаўніцтва драўлянага касцёла было завершана падчас прэарату кс. Даміяна; у 1731 г. быў пабудаваны кляштар і закладзены навіцыят; кс. Прэор Алаіз Тракінецкі распачаў будоўлю мураванага касцёла, а кс. Рэмігіюш Загароўскі — мураванага кляштара. Апошнім прэорам быў кс. Геранім Байкоўскі.
Ксяндзы-дамініканцы не толькі абслугоўвалі парафію, але дбалі таксама пра асвету. Пры кляштары існавала школа, якая ў 1811 г. была пераўтворана ў гімназію. Яна ўтрымлівалася на сродкі (фундуш) Гільзэна — Шадурскага. На жаль, у 1838 годзе гімназія была зачынена, а фундуш перададзены Віцебскай гімназіі, дзе на яго сродкі ўтрымлівалася 40 вучняў.
У часы дамініканцаў Валынцы былі вельмі ажыўленай мясцінай. Школа прываблівала шмат грамадзян, прыцягальнымі былі таксама ўрачыстыя набажэнствы. Зараз Валынцы — нядужае мястэчка з 1250 жыхарамі, 850 з якіх — яўрэі. Дамоў мураваных — 2, драўляных — 137.
Парафія Забельска-Валынецкая даволі вялікая — ёсць у ёй мясціны, аддаленыя ад касцёла на 45 вёрст. У ёй налічваецца больш як 3000 вернікаў, пераважна шляхты і землеўладальнікаў. Ёсць 14 вёсак цалкам каталіцкіх, мяшаных — мала. Колькасць католікаў значна павялічылася па талеранцыйным указе. Добра пачуваюцца землеўладальнікі, не чуваць, каб прадаваліся маёнткі, лясы ж тут ужо добра прарэджаны.
Праца ксяндзоў-дамініканаў, праведзеная ў шырокіх рамках, не засталася без следу, пра што сведчыць грамадзянскі дух жыхароў. Навучаючы ў касцельных мурах моладзь, дамінікане ўклалі ў яе сэрцы чыстыя ідэалы і любоў да касцёла. На жаль, сацыяльная разруха, якая бурай пранеслася над нашым краем, спляжыла пляцоўку сумеснай працы, усклаўшы ўвесь вялізны яе аб’ём на плечы аднаго каплана — тутэйшага пробашча. Але ў гэтай мясціне дасюль найбольш захаваліся жаданне супольнай працы і пачуцця грамадзянскасці.
(Працяг будзе).
А. Бубала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *