Жніво набірае тэмп

Актуально Общество

На мінулым тыдні хлебаробы ААТ «Прудзінкі» убіралі зерне пад плюшчэнне, а з пачатку гэтага прыступілі да масавага жніва.

Камбайнер Аляксандр Барсток.

Гаспадарка з году ў год пацвярджае званне аднаго з лепшых хлебаробчых прадпрыемстваў раёна, з’яўляецца пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак». Менавіта тут на 1250 гектарах размешчаны эксперыментальныя насенняводчыя ўчасткі па вырошчванню элітнага насення. Таму жніво для прудзінкаўскіх вытворцаў — час вызначальны, ад якога залежыць дабрабыт калектыву. І вядуць яго хлебаробы абдумана, па-гаспадарску, эфектыўна выкарыстоўваючы спрыяльны час і рэсурсы.

Вадзіцель Алег Жукоўскі.

Сёлета ўбраць належыць 2101 гектар зернебабовых і рапсу. Хлеб вырас добры, таму нагрузка на кожны з васьмі камбайнаў гаспадаркі будзе немалой. Каб не губляць час, уборку пачалі яшчэ да «афіцыйных зажынак» — абмалочвалі больш засмечаныя ўчасткі, ускрайкі палёў, ураджай з якіх пускалі пад плюшчэнне. Такім чынам «абкаталі» камбайны і перапрацавалі каля 350 тон збожжа павышанай вільготнасці — з задачай паспяхова справіліся работнікі плюшчылкі Сяргей Ядрэўскі і Арцём Зубрыцкі.
Па меры выспявання збажыны прыступілі да масавай уборкі, якая ў гэтыя дні ідзе поўным ходам. Камбайнеры завіхаюцца на палях азімых пшаніцы і рапсу, ячменю, аўсу, трыцікале. На ўчарашні дзень убрана 266 гектараў або 13 % плошчаў, намалочана 972 тоны пры ўраджайнасці 40,2 цэнтнера з гектара. Паміж удзельнікамі ўборачнага атрада разгарнулася напружанае спаборніцтва за лідарства- тэхнікай кіруюць сапраўдныя прафесіяналы, якія не ўступаюць адзін аднаму ў майстэрстве. Напачатку ўборкі наперадзе ішоў вопытны камбайнер Аляксандр Барсток на КЗС-1218, намалот у якога складае 186 тон. Учора яго дагнаў Яўген Мардвінцаў, а камбайнер Анатоль Лапкоўскі выйшаў наперад з паказчыкам 188,8 тоны. Самы высокі аб’ём адвезенага збожжа ў вадзіцеля МАЗ-555 Алега Жукоўскага — 378 тон.
Добрым тэмпам уборкі спрыяе эфектыўна наладжаная работа сушылак. Сёлета ў гаспадарнікаў былі праблемы з забеспячэннем іх нафтавым палівам. Але прудзінкаўцы паклапаціліся аб бесперабойнай рабоце СЗС-10, якая працуе на дровах. Менавіта гэта сушылка, якую абслугоўвае маладзёжны атрад у складзе Аляксандра Даманава, Мікалая Даніловіча, Дзмітрыя Клопава і Аляксандра Турчыновіча, прыняла на сябе першае збожжа і выдатна давяла яго да патрэбнай кандыцыі. Да прыёму «вялікага» хлеба прыступіла ўжо і асноўная лідская сушылка КЗСВ-30, на якой працуюць Аляксандр Папковіч, Уладзімір Рудніцкі, Сяргей Лашчонак і Генадзь Краснік. Днямі ўключыцца ў работу яшчэ адна — М-819.
У гаспадарцы ўсё падпарадкавана зладжанаму ходу жніва: наладжана двухразовае гарачае харчаванне, штодзённае падвядзенне вынікаў работы, дзяжурства ў полі адказных за ўборачны працэс. Хлебаробы стараюцца максімальна выкарыстаць спрыяльнае надвор’е, каб справіцца з уборкай у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
С. Дзвінская.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *