У райвыканкаме разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы да жніва

Актуально Райисполком

Як паведамлялася ўжо, на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне «Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да правядзення ўборкі збожжавых, сяўбы азімых культур і ўздыму зябліва».

З даклада першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкава вынікае, што сёлета трэба ўбраць 25903 гектары збожжавых культур, 5536 га рапсу, 1200 га насеннікаў шматгадовых траў, 272 га бульбы, 1100 — льну, 5294 гектары кукурузы.
Прагназуемая ўраджайнасць азімых збожжавых культур — 30 цэнтнераў з гектара, яравых — не больш 25 цэнтнераў. Валавы збор зерня прагназуецца ў межах 70 тысяч тон (летась было 75,6 тысячы тон). Гэта колькасць павінна забяспечыць выкананне дзяржзаказу, засыпку насення і на 82% — патрэбу ў фуражным зерні для грамадскай жывёлагадоўлі.
Разлікі паказваюць, што для ўборкі ў лепшыя тэрміны трэба мець 204 камбайны, а ў наяўнасці — 117, прычым удзельнічаць у жніве будуць 110. Нагрузка на камбайн складае 297 гектараў і ва ўсіх гаспадарках перавышае нарматыўную.
Магутнасць сушыльнага абсталявання дазваляе прасушыць за суткі 6040 тон збожжа. Сушыльная гаспадарка пры ўмове ўборкі збожжа ў поўнай васковай спеласці і стопрацэнтнай гатоўнасці справіцца з яго перапрацоўкай, а ва ўмовах няўстойлівага надвор’я частку ўраджаю з павышанай вільготнасцю давядзецца паставіць на Верхнядзвінскі ўчастак Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.
Для ўборкі даўгунцу ёсць 14 льнокамбайнаў. Нагрузка на адзін складае 79 гектараў і перавышае нарматыўную на 44%. У ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод» нагрузка на агрэгат яшчэ вышэйшая.
На ўборцы бульбы будзе задзейнічана 5 камбайнаў і 8 капалак. Нагрузка на камбайн 40 гектараў, капалку — 9.
У тэрмін да 20 жніўня неабходна выканаць дзяржзаказ па пастаўках збожжа, масланасення рапсу (10800 тон і 5600 тон адпаведна).
Дакладчык адзначыў, што ў асобных гаспадарках не прымаюцца дзейсныя меры па падрыхтоўцы да ўборкі ў сціслыя тэрміны і з мінімальнымі прастоямі. Маруднымі тэмпамі вядзецца рамонт збожжавых і льноўборачных камбайнаў, збожжасушыльных комплексаў. Асноўныя прычыны -незавершаная нарыхтоўка кармоў, адсутнасць дастатковай колькасці механізатарскіх кадраў і фінансавых сродкаў.
Па стану на 10 чэрвеня гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў складала 22%, збожжаачышчальных сушыльных комплексаў — 53%.
Нізкая гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў у СП «Дрысенскі», «Асвейскі», «Каханавічы», ААТ «Прудзінкі», СП «Лявонішана». Не гатовы да ўборкі збожжаачышчальныя сушыльныя гаспадаркі ў ААТ «Прудзінкі», «Нурава», СП «Дрысенскі», «Лявонішана», «Каханавічы». Не будуць задзейнічаны сушылкі М-819 у ПВУП «Вужыца-Агра».
Па прычыне недахопу фінансавых сродкаў на рамонт і адсутнасці механізатарскіх кадраў не падрыхтаваны збожжаўборачныя камбайны КЗС-10К у СП «Лявонішана», «Асвейскі», «Каханавічы», «Дрысенскі»; КЗС-7 — у ААТ «Сакалоўшчына», СП «Верхнядзвінскі»; «Ліда-1300» — у СП «Дрысенскі» і «Лявонішана».
У райаграсервісе няма запчастак для рамонту камбайнаў. Тут з восені 2013 года знаходзяцца на прыколе 2 КЗС-1218 СП «Верхнядзвінскі».
Недастатковая работа па навядзенні парадку і рамонту на мехтаках і складах. Не праведзена поўная ачыстка складоў для захоўвання зернефуражу і насеннага матэрыялу, мойка і дэзінфекцыя. Вагавая гаспадарка не праверана ў ПВУП «Вужыца-Агра», ААТ «Баліны», «Нурава», СП «Верх-нядзвінскі».
Да 10 ліпеня неабходна завяршыць усе падрыхтоўчыя работы і пачаць уборку рапсу, якога захавалася толькі 794 гектары. Гэта дазволіць праверыць гатоўнасць камбайнаў і збожжасушылак .
На пасяджэнні адзначана, што адначасова з уборкай збожжавых культур трэба будзе весці ворыва і падрыхтоўку глебы да сяўбы азімых. А пасеяць трэба 17380 гектараў, у тым ліку 14500 збожжавых, 2880 га — рапсу, узняць зябліва на плошчы 21350 гектараў. Для гэтага ў раёне ёсць 122 плугі, з іх 75 абаротных. З 63 пасяўных глебаапрацоўчых агрэгатаў цалкам падрыхтаваны 35. ААТ «Прудзінкі» і СП «Асвейскі» «забыліся» пасля завяршэння яравой сяўбы вымыць і паставіць на лінейку гатоўнасці па 2 пасяўных агрэгаты.
Сяўбу азімага рапсу плануецца пачаць 5 жніўня і завяршыць 20, азімых збожжавых — з 25 жніўня па 25 верасня.
Неабходна ўнесці мінеральных угнаенняў 4030 тон дзеючага рэчыва, арганічных — 95 тысяч тон, унесці гліфасатутрымліваючыя прэпараты на плошчы 11100 гектараў.
Адзначалася, што для правядзення ўборкі ўраджаю і сяўбы азімых неабходна мець 2,3 тысячы тон дызельнага паліва, 290 тон бензіну, 29 тон масла. А па стану на 10 чэрвеня ў наяўнасці было ў гаспадарках 94 тоны дызпаліва, на захоўванні ў райаграсервісе 44 тоны, а таксама 1 тона бензіну, 5 тон дызельнага масла.
Падкрэслена, што матэрыяльна-рэсурснае забеспячэнне сяўбы сёлета па некаторых пазіцыях ніжэй нарматыўнага. Адсюль неабходнасць жорсткага механізму эканоміі на кожным этапе вытворчага працэсу пры захаванні якасці вытворчых аперацый і аптымальных тэрмінаў выканання работ. А да масавай уборкі ўраджаю сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна павінны быць гатовы да 15 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *