Як працуюць мясцовыя самакіраванні?

Актуально Жизнь сельских Советов

На чарговым выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне «Аб рабоце Боркавіцкага сельскага Савета дэпутатаў па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».
Тэма прэзідыума — свайго роду, канцэнтрат усёй работы Саветаў, якая праводзіцца на карысць людзям і ў цеснай узаемасувязі з імі. Удзел у абмеркаванні прынялі старшыня райсавета дэпутатаў І.Ф. Козел, члены прэзідыума, кіраўнікі сельскіх Саветаў, а таксама апора сельскай улады — дэпутаты, старэйшыны, прадстаўнікі мясцовых арганізацый.

За трыбунай – А. М. Есіпёнак.

 

У дэпутатаў і старэйшын няма чужых спраў
Расказваючы аб дзейнасці Боркавіцкага сельскага Савета, яго старшыня А.М. Есіпенак адзначыла, што намаганні дэпутатаў накіраваны на вырашэнне сацыяльных, эканамічных і палітычных пытанняў, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян. Асноўнай формай работы з’яўляецца сесія, на якой разглядаюцца найбольш актуальныя тэмы: выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэнне законнасці і правапарадку, паляпшэнне якасці гандлёвага абслугоўвання, ход добраўпарадкавання населеных пунктаў і іншыя.
Актыўны ўдзел у вырашэнні жыццёва важных задач прымаюць усе 12 дэпутатаў сельскага Савета. Народныя выбраннікі займаюцца навядзеннем парадку ў населеных пунктах і на могілках, аховай правоў дзяцей у неблаганадзейных сем’ях, барацьбой з п’янствам і незаконным гандлем спіртнымі напоямі, развіццём асабістых падсобных гаспадарак і многім іншым. Асабліва актыўна працуюць у гэтых накірунках дэпутаты О.М. Барысава, В.С. Вялічка, С.І. Ясюкевіч, Н.А. Багдановіч.
У справе добраўпарадкавання многае робіцца дэпутатамі В.М. Собаль і О.Г. Людскай. Яны не толькі арганізоўваюць людзей на справу, але і самі паказваюць прыклад добраўпарадкавання сядзіб. Сям’я Людскіх з’яўляецца пераможцам раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні , а таксама раённага і абласнога этапаў конкурсу «Уладар сяла».
У органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ўваходзяць 13 старэйшын, абраных з ліку найбольш паважаных людзей вёскі. Па ініцыятыве старэйшыны вёскі Буракова Г.В. Жук арганізавана работа па добраўпарадкаванні могілак. Старэйшыны Г.Г. Беглік, Г.Д.Бука, І.Д.Клевайчук, Н.А.Багдановіч істотна дапамагаюць у зборы падаткаў і сродкаў самаабкладання, старэйшына вёскі Новы Двор Л.В.Галынская рэгулярна праводзіць падворныя абходы і трымае на кантролі пытанні добраўпарадкавання. Сельскі актыў добра ведае жыхароў сваіх тэрыторый і дапамагае ў вырашэнні асабістых патрэб людзей.
Выканкам, у сваю чаргу, стараецца аддзячыць за гэту працу — у мінулым годзе на заахвочвальныя выплаты накіравана 7,8 млн рублёў, у першым квартале гэтага — 1,2 млн.
Выступаючы на пасяджэнні, народныя выбраннікі пацвердзілі, што работа сельскага актыву — вялікі мабілізуючы фактар. Так, дэпутат У.С. Вялічка адзначыў, што найлепш дзейнічаць уласным прыкладам. Спатрэбілася навесці парадак у грамадскім месцы — узяў пілу, каб убраць кустоўе, глядзіш, а побач ужо некалькі чалавек далучыліся да справы.
Дэпутат сельскага Савета і старэйшына аграгарадка Боркавічы Н.А. Багдановіч працуе ў мясцовым аддзяленні сувязі. Дзякуючы гэтаму, знаходзіцца ў цэнтры падзей пасёлка. Знаёміць тых, хто прыязджае сюды, з умовамі жыцця і быту, бярэ на ўлік ветэранаў, інвалідаў, адзінокіх людзей, трымае на кантролі схільных да п’янства і непрацуючых. Сельскія актывісты прымаюць на сябе адказнасць за жыхароў сваіх вёсак і стараюцца прынесці ім карысць.
Работа павінна даваць вынік
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі пасяджэння засяродзілі менавіта на выніковасці работы мясцовых самакіраванняў і праблемах, над якімі належыць працаваць. Дзякуючы агульным намаганням, удаецца захаваць асабістыя гаспадаркі вяскоўцаў — жывёлу трымаюць 163 гаспадары, закуп малака на карову склаў за год 838,9 кг. А лідар малаказдачы В. Э.Урбан з Магераў прадала 11 тон 245 кг малака. Штогод робіцца падворны абход, спісы гаспадароў для заключэння дагавораў кантрактацыі жывёлы перадаюцца ў мясцовыя гаспадаркі — ААТ «Нурава» і КУВСГП «Боркавічы». Аднак сельгаспрадпрыемствы амаль што не вядуць закуп жывёлы, спасылаючыся на высокі падзёж цялят з асабістых падвор’яў.
Ёсць вынік у рабоце з абавязанымі асобамі, за якімі замацаваны дэпутаты сельскага Савета. Так, дзякуючы рабоце дэпутата В.А. Цяпляева, абавязаная асоба вярнула дзяржаве запазычанасць за догляд дзіцяці. Сфарміраваны банк дадзеных на грамадзян, схільных да правапарушэнняў. Яны знаходзяцца пад пастаянным кантролем савета ГПАП, якім за год разгледжана 101 справа, працаўладкавана 8 чалавек, пралечана ад алкагалізму 2.
Праца суб’ектаў прафілактыкі сумесна з няштатнымі пажарнымі інспектарамі спрыяе змяншэнню выпадкаў пажараў у сельсавеце.
Адчувальны эфект дае сістэмная работа па навядзенні парадку ў населеных пунктах. Дэпутатамі прымаюцца адпаведныя мерапрыемствы, штоты-дзень праводзяцца штабы па добраўпарадкаванні, арганізоўваюцца сельскія сходы, збіраюцца суботнікі, да работы па навядзенні парадку прыцягваюцца шэфствуючыя арганізацыі. Значна папрыгажэлі сёлета Боркавічы, Магеры, Нурава, Новы Двор. Магазін №52 райпо і сям’я Рубіных з Боркавіч сталі пераможцамі раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Лепшыя гаспадары адзначаюцца на праводзімых у сельсавеце святах вёсак. Дарэчы, іх арганізацыіяй таксама актыўна займаюцца дэпутаты і сельскія актывісты.
Праблемнымі застаюцца пытанні адлову бадзяжных жывёлін, забеспячэння населеных пунктаў кантэйнерамі, абсталявання кантэйнерных пляцовак. Патрабуюць рамонту аб’язная дарога і пад’езд да Боркавіч, водаправодныя сеткі. Старэйшыны вёсак выказваюць занепакоенасць наяўнасцю аварыйных дрэваў на могілках. Вырашаць праблему часткова дапамагае Боркавіцкае лясніцтва, але трэба выпрацаваць механізм правядзення гэтых работ.
За час дзеяння Указаў №70 і №100 у сельсавеце знесена 75 ветхіх дамоў, аднак прыходзяць у заняпад ведамасныя жылыя дамы СП «Боркавічы», якія псуюць выгляд населеных пунктаў.
На пасяджэнні гаварылася аб вырашэнні вельмі важнага для баркаўчан пытання перасячэння чыгункі. Па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.П. Папко і раённых уладаў ім займаецца кіраўніцтва Беларускай чыгункі.
Бюджэт — для самага неабходнага
Дэпутат сельскага Савета, кіраўнік спраў сельвыканкама А.Г.Кудрэц расказала аб фарміраванні бюджэту сельскага Савета і яго расходванні. Адметна, што адной з крыніц папаўнення агульнага кашалька з’яўляюцца добраахвотныя ўзносы грамадзян. У мінулым годзе такі ўзнос складаў 15 тысяч рублёў з домаўладання, усяго сабрана звыш 7 млн рублёў. Нямнога, але гэтыя грошы вельмі спатрэбіліся на набыццё кантэйнераў і абсталяванне кантэйнерных пляцовак у вёсках. Сёлета ўзнос складае 20 тысяч. Аб’яўлены і добраахвотны збор сродкаў па 50 тысяч рублёў на агароджу могілак у Новым Двары.
Актыўна працуюць па зборы сродкаў дэпутаты, кіраўнікі арганізацый, старэйшыны — яны не толькі праводзяць растлумачальную работу з насельніцтвам, робяць справаздачы аб зробленым, але і самі ўносяць па 100 тысяч рублёў на агульныя мэты.
Выдзяляюцца сродкі ў бюджэт і цэнтралізавана, у прыватнасці — на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі. У год гэта ўсяго 35-40 млн рублёў, але дзякуючы трохбаковаму дагавору паміж сельвыканкамам, ДРУВП ЖКГ і дарожнымі арганізацыямі, а таксама дапамозе Боркавіцкага ДПЛ і сельгасарганізацый, удалося адрамантаваць частку вуліц у аграгарадку.
А.Г.Кудрэц паведаміла аб іншых артыкулах расходу бюджэту і адзначыла, што эфектыўная работа сельскага актыву па зборы сродкаў, празрыстасць расходаў і рацыянальнае іх выкарыстанне ў сукупнасці з удзелам мясцовых арганізацый дазваляюць вырашаць многія жыццёвыя патрэбы людзей.
* * *
Падводзячы вынікі пасяджэння прэзідыума, І.Ф.Козел дала станоўчую ацэнку дзейнасці Боркавіцкага сельскага Савета ў выкананні Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і адзначыла важнасць работы дэпутатаў і грамадскіх фарміраванняў, якія з’яўляюцца важакамі вёскі і вядуць яе ў стваральным накірунку.
У прынятай пастанове сельскаму Савету рэкамендавана больш актыўна працаваць над папаўненнем даходнай часткі бюджэту, прымаць меры па рацыянальнаму выкарыстанню ўчасткаў, вызваленых пасля зносу ветхіх дамоў, працягваць работу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
С. Дзвінская.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *