У Верхнядзвінску пабывалі ветэраны з Міёршчыны

Общество

Дружба паміж ветэранскімі арганізацыямі Верхнядзвінска і Міёр існуе даўно.

Міёрскіх гасцей сустракалі члены клуба «Ветэран» на чале з яго кіраўніком М. У. Шчаснай (справа).

 

Яна пачыналася з сумесных творчых мерапрыемстваў, а ў мінулым годзе нашы ветэраны з’ездзілі ў Міёры на спецыяльную сустрэчу, падчас якой сябры абмяркоўвалі дзейнасць грамадскіх арганізацый, дзяліліся вопытам работы, паказвалі канцэртныя праграмы, наведвалі славутыя мясціны суседняга раёна і дамовіліся цесна супрацоўнічаць.
Днямі міёрцы прыехалі да нас з візітам у адказ. Гасцей на мосце цераз Заходнюю Дзвіну сустракалі члены клуба «Ветэран» на чале з яго кіраўніком Марынай Уладзіміраўнай Шчаснай. Найперш міёрцам паказалі прыгожыя куточкі Верхнядзвінска, асабліва ўразіў квітнеючы веснавымі фарбамі дэндрарый.

У «Спартландыі» ветэраны заўзята змагаліся за перамогу.
У РДК ветэраны паглядзелі фільм аб Верхнядзвінскім раёне і паслухалі расказ аб гэтай слаўнай зямлі намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Генадзьеўны Кісялевіч. З вялікім задавальненнем госці паглядзелі дзею з п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» ў выкананні культработнікаў і артыстаў народнага клуба «Ветэран». А затым ветэраны паказалі, што гады — не перашкода спрыту. У вясёлай «Спартландыі» сыйшліся каманды міёрцаў «Адуванчыкі» і верхнядзвінцаў — «Энтузіясты». Пасля разнастайных спаборніцтваў перамагла, зразумела, дружба!

А балельшчыкі горача іх падтрымлівалі.

У другой частцы сустрэчы ветэраны гутарылі за «круглым сталом» аб вопыце работы, дзяліліся знаходкамі і планамі. Выступілі кіраўнікі ветэранскіх арганізацый Часлаў Станіслававіч Кашкур і Міхаіл Якаўлевіч Дабранаў. Суразмоўцы гаварылі аб падрыхтоўцы да святкавання 70-й гадавіны вызвалення Беларусі, рабоце з ветэранамі, арганізацыі вольнага часу. Гасцей зацікавіў вопыт работы клуба «Ветэран», у сваю чаргу, яны расказалі аб дзейнасці творчага клуба міёрцаў «Бажэна».
Удзел у сустрэчы прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Павел Ягоравіч Баярын, Уладзімір Уладзіміравіч Дашчонак, Іван Паўлавіч Пудаў, былая блакадніца Ленінграда Лідзія Аляксееўна Гарачава, а таксама актывісты ветэранскага руху Ігнацій Афрыканавіч Майсяёнак, Валянціна Мінаеўна Мядзюта, Вера Іванаўна Крыштопенка, Галіна Іванаўна Сямёнава і іншыя.
Гасцям уручылі сувеніры, за сяброўскім сталом гучалі песні і вершы, ветэраны доўга ядналіся і дамовіліся сустрэцца зноў — з новымі набыткамі і творчымі знаходкамі.
С.Аляксандрава.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *