Праект «Павышэнне статусу ацалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак»

Актуально Память

«Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у вайну гарадоў і больш за дзевяць тысяч спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, — маюць што сказаць свету». Гэтыя радкі з прадмовы да кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскi» з’явіліся стымулам для арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднага праекта «Павышэнне статусу ацалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак», які стартаваў напрыканцы 2010 года.


Звярнуць увагу грамадскасці на ахвяраў нацызму, на вачах якіх здзяйсняліся жахлівыя злачынствы, сабраць як мага больш звестак пра жыхароў вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, садзейнічаць развіццю дыялогу паміж пакаленнямі — такой ставілася галоўная мэта праекта, ініцыянаванага грамадскім аб’яднаннем «Беларускі Фонд міру» і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
У гады другой сусветнай вайны Беларусь, як ніякая іншая краіна, пацярпела ад нацызму. За перыяд з 1941 па 1944 гады фашыстамі было спалена 9200 вёсак, 5295 з іх нацысты знішчылі разам з усім або часткай насельніцтва.
Верхнядзвінскі раён уваходзіць у лік раёнаў, найбольш пацярпелых у час Вялікай Айчыннай вайны. У перыяд фашысцкай акупацыі на Верхнядзвіншчыне было спалена 426 населеных пунктаў, у тым ліку 305 — часткова або цалкам з жыхарамі. Менавіта таму наш раён стаў найбольш плённай пляцоўкай для ажыццяўлення праекта. За апошнія гады ў нас пабывалі грамадскія дзеячы і творцы, гісторыкі-даследчыкі, прадстаўнікі газет, выдавецтваў, радыё і тэлебачання з нашай краіны і замежжа, якія сустракаліся з людзьмі, што перажылі вайну, каб праз СМІ, выставы і міжнародныя канферэнцыі паведаміць свету новыя звесткі пра вогненныя старонкі «Асвейскай трагедыі». Акрамя другога выдання аднайменнай кнігі С.Панізьніка, паліца Памяці папоўнілася каштоўнымі зборнікамі дакументаў і ўспамінаў, сабраных Фондам «Гістарычная памяць» і надрукаваных у Маскве.
Рыхтуючыся да сустрэчы 70-годдзя з дня вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, актыўную падтрымку міжнароднаму праекту выказала раённае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Фонд міру», якое выступіла з ідэяй аб стварэнні раённага праекта «Трагедыя Верхнядзвінскіх вёсак», што пашырыла б арэал працы сярод насельніцтва, дазволіла б прыцягнуць да дзейнасці як мага больш прадстаўнікоў маладога пакалення, садзейнічала б выхаванню ў ім грамадзянскасці, патрыятызму на прыкладах падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Арганізатарамі «даччыннага» праекта сталі аддзелы ідэалогіі і адукацыі райвыканкама, раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Да іх далучыліся і сябры штаба «Іскрынкі» раённай піянерскай арганізацыі. У сацыяльным партнёрстве былі задзейнічаны бібліятэкі, архіў і музеі, газета «Дзвінская праўда» і сельскія выканаўчыя камітэты.
Праца ў рамках рэалізацыі праекта была накіравана на стварэнне базы дадзеных пра жыхароў спаленых вёсак, выяўленне дакументаў, якія адносяцца да тых страшных падзей, арганізацыю сустрэч навучэнцаў з жыхарамі спаленых вёсак, збор іх успамінаў, правядзенне канферэнцый, круглых сталоў, выстаў. Па выніках рэалізацыі праекта плануецца арганізацыя перасоўнай выставы на аснове сабраных матэрыялаў, стварэнне дакументальнага фільма «Трагедыя Верхнядзвінскіх вёсак», выданне зборніка.
У чэрвені бягучага года мяркуецца падвесці вынікі зробленай працы. Таму ўжо сёння можна прааналізаваць, як удалося рэалізаваць задачы, запісаныя ў Палажэнні аб праекце. Галоўныя з іх — стварэнне электроннай базы дадзеных пра спаленыя вёскі і збор успамінаў ацалелых жыхароў — вырашаны паспяхова. Высокая ацэнка нашай дзейнасці ў гэтым напрамку не раз гучала з вуснаў арганізатараў міжнароднага праекта. Уважліва, карпатліва і аператыўна папрацавалі раённы Савет ветэранаў; большасць сельвыканкамаў, каштоўныя матэрыялы надрукавала раённая газета. Ёсць немалы ўнёсак у агульную справу і школьных калектываў.
Пад кіраўніцтвам педагогаў піянерскія атрады і сябры пярвічак БРСМ, юныя краязнаўцы даглядалі магілы ахвяр фашызму і помнікі на месцах спаленых вёсак, займаліся цімураўскім клопатам пра людзей, што прайшлі праз вайну, запісвалі іх успаміны і ладзілі сустрэчы, рыхтавалі тэматычныя вечарыны. Сістэмна, з афармленнем матэрыялаў папрацавалі валынецкія краязнаўцы; грунтоўныя запісы зрабілі даследчыкі Асвейскай і Сар’янскай школ; сенькаўскія вучні самастойна склалі найбольш картак-апытальнікаў ацалелых жыхароў; каштоўныя матэрыялы паступілі з Прыдзвінска-Бароўскай, Бігосаўскай, Шайцераўскай школ.
Падвядзенне вынікаў праекта і ўзнагароджанне самых актыўных удзельнікаў адбудзецца на раённым піянерскім зборы і ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня горада, дзе мяркуецца правядзенне канферэнцыі «Мы з вогненнай вёскі».
Праглядаючы «Форму справаздачы аб правядзенні праекта», хочацца перасцерагчы арганізатараў ад папяровага фармалізму пры падвядзенні вынікаў. У гэтай «форме» цэлы раздзел працы калектывы — удзельнікі праекта абавязаны падаць у выглядзе табліцы паказчыкаў: колькасць дагледжаных помнікаў, колькасць сустрэч з ацалелымі жыхарамі спаленых вёсак, экспанатаў, сабраных пры гэтым, колькасць паходаў, экскурсій, выстаў, лекцый, гутарак, «іншых масавых мерапрыемстваў», канцэртаў і г.д. У такой справаздачы практычнай каштоўнасці не праглядаецца, затое дастаткова прасторы для фантазіі. Я б раіў абмежавацца разглядам прэзентацыі калектываў у пажаданым для іх выглядзе (альбом, выстава, відэафільм, стэнд, вечарына і інш.), дзе можна ацаніць якасць і глыбіню зробленай працы.
Раённая газета дае чытачам магчымасць пазнаёміцца з яе добрымі ўзорамі. Некаторыя ўспаміны пада-дзены для друку ў новым выданні — кнізе да 45-гадовага юбілею мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
А. БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *