У клубе «Белыя вароны»

Память

Не магу не ўспомніць вясёлае філасофскае выслоўе Вудзі Алена: «Можна дажыць да ста гадоў, калі адмовіцца ад таго, дзеля чаго хочацца жыць сто гадоў.»


Амаль чвэрць стагоддзя сябры клуба «Белыя вароны» лёгка адмаўляюцца ад расслабляльнай цеплыні ў доме, мяккай пасцелі, смачнай ежы пад модным соусам і могуць спаць у цвёрдым халодным намёце ды есці ля дымнага вогнішча што Бог даў.
Вядома ж, прасцей і прыемней сесці ў камфортную машыну і імчаць з ветрыкам па асфальце. Толькі гэта не для нас. «Белым варонам» куды цікавей зрабіць 20-30 кіламетраў па снезе, лясах ды балотах за краязнаўцам Антонам Францавічам Бубалам з заўжды канкрэтнай мэтай. Сёлета найчасцей такой мэтай было знайсці і добраўпарадкаваць закінутую магілу часоў Вялікай Айчыннай вайны, бо на парозе — сямідзесяцігоддзе вызвалення Беларусі і Перамогі. Клуб «Белыя вароны» вывучае гісторыю раёна, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах па ўшанаванні Памяці.
Пошукавы сезон лета-2014 вырашылі адкрыць у «ноч раўна-дзенства» ля начнога вогнішча.
Са шматлікіх сяброў клуба ў розных кутках раёна на прапанову адгукнуліся бывалыя турысты з Бігосава. Завадатаркай жывых спраў там з’яўляецца настаўніца Алена Васільеўна Ходас. Яе выхаванцам знаёмыя і доўгія кіламетры змагання з ветрам у велападарожжах, і вострыя адчуванні маржавання, і цеплыня сапраўднага сяброўства. А ў багажы іх класнай кіраўнічкі да таго ж сур’ёзныя пешаходныя, водныя і лыжныя маршруты, цудоўныя навыкі арганізатара калектыўных спраў, вопыт сямейнага турызму.
На гэты раз Бігосаўскі філіял клуба прыехаў у складзе сёлетніх выпускнікоў школы. Зразумела, што Антон Францавіч вырашыў скарыстацца такой магчымасцю, каб праверыць веды маладых лю-дзей па гісторыі роднага краю, прапанаваўшы ім сур’ёзную віктарыну. Мэтай незвычайнага іспыту ля начнога кастра было выявіць ступень асвядомленасці падрастаючага пакалення ў пытаннях мінуўшчыны, каб у экспазіцыях раённага краязнаўчага музея акцэнтаваць фрагменты і раздзелы, якія найбольш спрыялі б выхаванню грамадзянскасці ў тых, каму належыць будучыня нашай зямлі.
Прызам для пераможцаў у віктарыне паслужыла новае выданне з серыі «Жамчужыны Беларусі. «Верхнядзвінскі раён. На крайняй Поўначы». Важнасці па-дзеі надаваў векавечны пошум вясновага лесу ды водблескі агню на замшэлых ствалах ялін. Было яшчэ халаднавата, вясна толькі збіраецца лашчыць нас цяплом, але ля вогнішча цёпла і ўтульна. Пасля віктарыны пайшла размова пра лета, пра выпускныя і ўступныя іспыты, будучае дарослае жыццё.
І гэтая ноч раўнадзенства, спадзяюся, падказала рабятам штосьці каштоўнае на парозе іх даросласці.
Пётр КВЯЦІНСКІ,
кіраўнік клуба «Белыя вароны».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *