Жыхарка Верхнядзвінска галасавала ў свой 90-гадовы юбілей

Актуально

Для Ніны Фёдараўны Куксо сёлетнія выбары асаблівыя: у гэты дзень, 23 сакавіка, ёй споўнілася 90 гадоў.

Галасавала доўгажыхарка на даму, і 23 сакавіка да яе прыйшла цэлая дэлегацыя: члены выбарчай камісіі Верхнядзвінскага — Заводскага ўчастка №3, калегі па рабоце, журналісты. Гаспадыня расчулілася да слёз і з радасцю абдымала гасцей.Для адзінокай пажылой жанчыны гэты візіт стаў самым урачыстым момантам юбілею.
Так склалася, што Ніна Фёдараўна не мае ўласнай сям’і. Двойчы была замужам, але сваіх дзяцей не нажыла. Зрэшты, на лёс не скардзіцца: дзякуючы працавітасці, захавала здароўе і рухавасць. Нават ад сацыяльнага работніка адмовілася, бо ўсё робіць сама: прыбірае, мые, гатуе ежу. Наведваюць яе мужаў унук з нявесткай, якога лічыць родным, і пляменнікі.Дапамагаюць суседзі — вельмі ўдзячна за клопат і ўвагу сям’і Дземяншчонак. А яшчэ гаворыць, што ёй пашанцавала працаваць у арганізацыі, дзе заўсёды памятаюць аб ветэранах. Усё працоўнае жыццё аддала сельгастэхніцы — сённяшняму райаграсервісу. Працавала рабочай на складзе, прыбіральшчыцай. Калектыў не забывае яе — віншуе на ўсе святы.
Нядаўна, на 8 Сакавіка, атрымала падарунак. І вось у 90-гадовы юбілей павіншаваць Ніну Фёдараўну прыехала намеснік дырэктара райаграсервісу па ідэалагічнай рабоце Наталля Раманаўна Галавач. Яна зачытала прывітальны адрас ад арганізацыі і ўручыла грашовую дапамогу.
Наталля Раманаўна заўважыла, што сёлетні год у райаграсервісе асабліва багаты на юбіляраў. 25 сакавіка таксама 90-гадовы дзень нараджэння адзначыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Эдуард Сяргеевіч Кажамячанка. Затым будуць наступныя віншаванні. Ветэраны жартуюць, што пры такой увазе грэх не быць доўгажыхарамі. А на справе доўга жывуць працаўнікі і аптымісты, якія захавалі актыўную грамадскую пазіцыю, цікавяцца навакольнымі падзеямі, добразычліва адносяцца да іншых. Вось і ўдзел у выбарах ветэраны лічаць сваім важным абавязкам — гэта вельмі актыўныя і адказныя выбаршчыкі.
Старшыня выбарчай камісіі №3 Т.А.Давыдзёнак прапанавала Ніне Фёдараўне прагаласаваць, і яна аддала голас за дэпутатаў, якія будуць працаваць у інтарэсах дюдзей. Каб спакойна жылося і мудра вырашаліся ўсе жыццёвыя патрэбы.
С.АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *