Выбіраем тых, каму давяраем


Першыя выбаршчыкі прыйшлі на Верхнядзвінскі-Заводскі ўчастак для галасавання №3, што размешчаны ў памяшканні філіяла аўтапарка №2, адразу пасля яго адкрыцця. 

Першымі на Верхнядзвінскім-Заводскім участку № 3 прагаласавалі З. П. Матуль і А. І. Мазура.

 

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Таццяна Альбінаўна Давыдзёнак адзначыла, што і цяпер, падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны дзень выбараў тут чакаюць іх высокай актыўнасці. Усё ж участак — самы вялікі ў раёне, у спісы для галасавання ўнесена 2244 чалавекі з трох акруг: Будаўнічай, Усходняй і Маладзёжнай.
Каб прыняць такую колькасць выбаршчыкаў, давялося правесці немалую падрыхтоўчую работу. Члены камісіі карпатліва зверылі спісы ўдзельнікаў галасавання, наведалі іх, уручылі запрашэнні на выбары і інфармацыю аб кандыдатах.
— У нас вельмі адказная і арганізаваная камісія,- заўважае Таццяна Альбінаўна,- яе члены выбраны з самых дастойных і сумленных прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскасці. Яны прайшлі неабходныя навучальныя трэнінгі, удзельнічалі ў рабоце падрыхтоўчых семінараў. Не лічацца з асабістым часам, каб зрабіць усё для зручнасці выбаршчыкаў і дастойна правесці выбарчую кампанію.
Належным чынам падрыхтавалі і залу для галасавання. У гэтым дапамаглі гаспадары будынка на чале з дырэктарам філіяла Т. М. Салаўёвай. Напярэдадні яны адрамантавалі дах, сцены, пафарбавалі падлогу. Абсталяваны дзве кабіны для выбаршчыкаў, празрыстыя скрыні для галасавання, адведзены месцы для камісіі і назіральнікаў, якіх зарэгістравалася чацвёра, арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў РАУС. У асноўны дзень выбараў на ўчастку будзе панаваць святочная атмасфера, працаваць буфет з шырокім асартыментам прадукцыі.
-Стараемся, каб удзел у галасаванні пакінуў у выбаршчыкаў добрыя ўражанні,- гавораць члены камісіі. — Першым, хто прыходзіць на галасаванне датэрмінова і ў асноўны дзень выбараў, а таксама ўсім, хто галасуе ўпершыню, уручаем «салодкія падарункі».
Іх з пашанай паднеслі першым выбаршчыкам Аляксею Іванавічу Мазура і Зінаідзе Пятроўне Матуль. Пенсіянеры збіраюцца ў выхадныя ехаць да дзяцей, таму вырашылі прагаласаваць датэрмінова. Паспяшаліся на ўчастак адразу па адкрыцці, бо ўдзел у выбарах лічаць сваім важнейшым грамадзянскім абавязкам.
— Улада павінна быць моцнай і абапірацца на народ,- гаворыць Аляксей Іванавіч.- Таму нам трэба абраць дэпутатаў, якія здольны адстойваць нашы інтарэсы. Лічу, што жывём нядрэнна: своечасова атрымліваем зарплаты і пенсіі, маем сацыяльныя гарантыі. Але заўсёды хочацца паляпшэння дабрабыту, таму ад сваіх абраннікаў чакаю актыўнай работы ў гэтым напрамку.
Зінаіда Пятроўна дадае, што найбольш цэніць мірнае, спакойнае жыццё. Успамінае, як пасля вайны збіралі па палях мерзлую бульбу і крапіву, з цяжкасцямі ўзнімалі народную гаспадарку. Сённяшняе жыццё ў параўнанні з перажытым — вялікая каштоўнасць. Ветэраны як ніхто разумеюць гэта і перасцерагаюць моладзь, каб умелі цаніць і берагчы здабытае. У сучасным свеце ёсць горкія прыклады таго, як жорстка расплачваюцца людзі за неадумную палітыку ўладаў. Таму трэба абавязкова ўдзельнічаць у будаўніцтве сваёй дзяржавы: прыйсці на выбары і аддаць галасы за дэпутатаў, якім можна даверыць будучае.
* * *
У першыя два дні ў датэрміновым галасаванні на ўчастку прынялі ўдзел 7% выбаршчыкаў. 60 чалавек заявілі аб галасаванні на даму ў асноўны дзень выбараў.
С. Дзвінская.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *