Пакупнікам даспадобы верхнядзвінскія прадукты

Экономика

Апошнім часам у віцебскіх крамах стала праблемай купіць тварог. Не тое, каб яго зусім не было ў продажы, але пасля працы гадзін у 17-18 вечара на паліцах у лепшым выпадку стаіць так званы «зярнёны» тварог, з якога ні сырнікаў, ні запяканкі, ні аладак з тварагом не зробіш. Альбо, яшчэ горш, ляжаць цэлафанавыя «каўбаскі» мяккага тварагу з нейкай, даруйце, тварожнай «музой» унутры, разгарнуўшы якую, не ведаеш, што лепш: з’есці ці выкінуць?
І вось дні два таму заходжу па дарозе дамоў у бліжэйшы магазін, без усякай надзеі кідаю погляд на халадзільнік з малочнымі прадуктамі, і раптам сярод звыклых расфасовак бачу нешта новае: у ладных невялічкіх пластыкавых стаканчыках стаіць тварог тлустасцю 3% вытворчасці Верхнядзвінскага масласырзавода, расфасаваны па 190 грамаў. Ладныя беленькія кругляшы так спакусліва свецяцца праз упакоўку, быццам толькі што выкладзеныя матулінай рукой з вясковага кужэльнага «клінка», у якім адцэжвалася належным чынам сквашанае і адтопленае малако ад дамашняй кароўкі. Адразу захацелася купіць, і не адну, а некалькі.
…Дома была не вячэра, а «свята жывата». Тварожны смак (ды са смятанай!) быў зусім такі, як у вясковым басаногім дзяцінстве.
Вялікі дзякуй верхнядзвінскім сырных спраў майстрам за якасць прадукцыі, якая робіцца з душой і веданнем справы!
Наталля Каліноўская,
жыхарка г. Віцебска.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *