Прэзентацыя кнігі «Освейская трагедия» адбылася ў Рызе

Актуально Память

Набліжаецца да завяршэння год, які праходзіў пад знакам памяці Асвейскай трагедыі.


У нашым раёне 70-годдзю трагічных падзей былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы, праведзеныя ў школах і ўстановах культуры, у працоўных калектывах. Пра вогненныя вёскі Верхнядзвіншчыны даведаліся ў Мінску і Пскове, Маскве і Берліне, дзе адбыліся выставы і сустрэчы з аўтарскімі калектывамі новых гістарычных выданняў, якія дэталёва распавядаюць пра злачынствы ашалелых гітлераўскіх катаў, што ладзілі дзікае паляванне на мірных людзей. Дзякуючы намаганням пісьменніка Сяргея Панізьніка і пры падтрымцы раённых уладаў было задаволена пажаданне многіх чытачоў — перавыдадзена ў новым грунтоўным фармаце кніга «Освейская трагедия». Свой унёсак у асвятленне юбілейнай тэмы зрабілі газеты і часопісы нашай дзяржавы, артыкулы і ўспаміны чытачоў не сыходзілі са старонак «Дзвінскай праўды».
А нядаўна прэзентацыя кнігі «Освейская трагедия» адбылася і ў Рызе, у бібліятэцы імя Я. Місыньша. Паклапаціўся аб гэтым дырэктар Беларускага інфармацыйнага цэнтра Уладзіслаў Рэдзькін. Сярод выступоўцаў былі Першы сакратар пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі Іван Грыневіч, старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» Ірына Кузьміч, журналіст Алесь Карповіч, мастак Вячка Целеш. У зале былі і людзі, для якіх падзеі Асвейскай трагедыі, тэма выратавання малалетніх саласпілскіх вязняў застаюцца незабыўнымі па сённяшні дзень.
Вядучай сустрэчы была Людміла Кароль, удзельніца ансамбля «Вытокі», якім кіруе Рышард Райніс. Яго выхаванцы выканалі песні пра Саласпілс, пра Беларусь.
Прывезеныя ў Рыгу асобнікі кнігі «Освейская трагедия» перададзены для карыстання Беларускаму інфармацыйнаму цэнтру. Але многія з удзельнікаў прэзентацыі хацелі б набыць для сябе і сваіх родных выданне пра пякучыя старонкі чалавечых лёсаў. Дырэктар Цэнтра паабяцаў ім дапамагчы.
Ішла на прэзентацыі гаворка і пра творчыя латвійска-беларускія стасункі. Прысутны на сустрэчы латышскі мастак Яніс Струпуліс, які ўжо стварыў серыю медалёў у гонар беларускіх гуманістаў-асветнікаў, прыняў прапанову Літаратурнага музея Янкі Купалы прыехаць налета ў Мінск з багатай выстаўкай.
У 2014 годзе Рыга стане культурнай сталіцай Еўропы. І Мінск сваёй шматвекавой суседцы можа паднесці «Добрыя лекі». Так называецца зборнік латышскіх народных казак у перакладзе рыжскага беларуса Пятра Масальскага, падрыхтаваны да выдання дзіцячай рэдакцыяй выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Аўтар «Освейской трагедии» Сяргей Панізьнік пакінуў у сталіцы Латвіі некалькі асобнікаў такой дарагой для нашай памяці кнігі.
А.Бубала, краязнаўца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *