Каранямi з Верхнядзвiншчыны

Наш край

Шматлікія навуковыя працы Капцюга былі ўдастоены прэміі Леніна і Міжнароднай прэміі імя А. П. Карпінскага. Капцюг таксама быў замежным членам акадэмій навук у Беларусі, Індыі, Балгарыі, Чэхаславакіі і Манголіі. Ён быў абраны віцэ-прэзідэнтам і пасля прэзідэнтам Міжнароднага саюза па тэарэтычнай і прыкладной хіміі, быў віцэ-прэзідэнтам Навуковага камітэта па праблемах навакольнага асяроддзя Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Ён быў адзіным у гісторыі членам ад Расіі Кансультатыўнага савета высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці пры Генеральным сакратары ААН, прымаў удзел у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Расіі.
Валянцін Апанасавіч пастаянна жыў, як ён аднойчы сам сфармуляваў, «у стане манатонна нарастальнага напружання». Працаваў, абдумваў, пісаў паўсюль — за пісьмовым сталом, на нарадах, у машынах, без святаў, кожны дзень з самае раніцы да позняга вечара. Па-іншаму жыць ён проста не мог.
Жыццё Валянціна Апанасавіча Капцюга абарвалася 10 студзеня 1997 г. ў Маскве, падчас яго чарговай камандзіроўкі. Сотні людзей прыйшлі развітацца з нябожчыкам у будынак прэзідыума Акадэміі, дзе адбыўся жалобны мітынг. Пахаваны В.А.Капцюг на Паўднёвых могілках у Навасібірску.
Валянцін Апанасавіч Капцюг — Ганаровы грамадзянін Навасібірска, Герой Сацыялістычнай Працы. Яго імем названы праспект у Акадэмгарадку, дзе ўстаноўлены ягоны бюст, і аўдыторыя ў НДУ, навукова — даследчае судна на Байкале. Імя Капцюга носіць і студэнцкая стыпендыя ў Навасібірскам Інстытуце хіміі, і прэмія для маладых навукоўцаў, і прэмія за лепшую сумесную навуковую працу ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і Сібірскім аддзяленні РАН. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі, замежнымі ордэнамі: «Палярная зорка» (Манголія), Кірылы і Мяфодзія 1-й ступені (Балгарыя). На галоўным будынку Інстытута арганічнай хіміі Сібірскага аддзялення Расійскай Акадэміі Навук устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар выдатнага навукоўца, карані роду якога знаходзяцца на нашай зямлі.
* * *
… Козікі дагэтуль былі вядомыя, мо, толькі археолагам. Тут навукоўцы даследавалі курганны могільнік нашых далёкіх продкаў — крывічоў. Паблізу ад іх месцяцца вясковыя могілкі. На некаторых помніках паўтараецца прозвішча Капцюг, а даты нараджэння і смерці прадстаўнікоў гэтага роду сягаюць у пазамінулыя стагоддзі. Гэтае ж прозвішча сустракаецца на старонках кнігі «Памяць», у спісах загінулых савецкіх воінаў, у рэестрах ахвяраў фашызму блізкай да Козікаў вёскі Брушкава і далей да Дзвіны. Жывуць яго носьбіты і ў наш час — у Боркавічах і іншых мясцінах. Сама вёсачка перастала існаваць у 1960-х гадах. Таму пошукі магчымых адгалінаванняў роду, які стаў вядомым дзякуючы славутаму ў свеце расійскаму акадэміку, — задача з няпростых. Але вопытная краязнаўца-гісторык, арганізатар Боркавіцкай школы Вера Васільеўна Ізосімава ўжо мае план даследаванняў, якія дапамогуць нашаму раённаму музею ўзбагаціць яшчэ адну старонку пра знакамітых людзей каранямі з Верхнядзвіншчыны.
Антон Бубала,
дырэктар рабочай групы Верхнядзвінскага раённага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *