Верхнядзвінскія ветэраны пабывалі ў Міёрах

Актуально Общество

Днямі дэлегацыя Верхня-дзвінскай раённай ветэранскай арганізацыі на чале са старшынёй савета ветэранаў Міхаілам Якаўлевічам Дабранавым пабывала ў гасцях у ветэранаў Міёрскага раёна.


Два дзесяткі актывістаў ветэранскага руху з Верхнядзвіншчыны сталі першымі наведвальнікамі інфармацыйнага экацэнтра заказніка «Ельня», пабывалі ў двух музеях СШ №3 г.Міёры, правялі экскурсію па фізкультурна-аздараўленчым комплексе, паслугамі якога карыстаюцца пажылыя людзі суседняга раёна.
Асаблівы інтарэс у гасцей і гаспадароў выклікала сустрэча ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Паслугамі такіх цэнтраў карыстаюцца многія пенсіянеры, таму карысна было абмяняцца вопытам работы з пажылымі людзьмі, даведацца аб новых формах сацабслугоўвання, падзяліцца планамі на будучае. Аб дзейнасці ў гэтым напрамку расказала дырэктар ТЦСАН і кіраўнік раённай арганізацыі ГА»Белая Русь» А.В.Шамёнак. Пра ветэранскі рух у сваіх раёнах паведамілі кіраўнікі саветаў ветэранаў М.Я.Дабранаў і Ч.С.Кашкур.


Ветэраны — людзі актыўныя і жыццярадасныя, што яшчэ раз пацвердзіла сустрэча двух клубаў — «Бажэна» Міёрскага раёна і «Ветэран» — Верхнядзвінскага. Прадстаўнікі абодвух суполак абмяняліся вопытам работы і, зразумела, падзяліліся талентамі. Прагучалі гімны абодвух клубаў, у сумеснай культурнай праграме былі і вершы, і сатырычныя замалёўкі, і прыпеўкі, і песні пад гармонік. Вядома, што ветэранскія калектывы маюць багатыя творчыя скарбонкі, выступаюць з канцэртамі на розных мерапрыемствах, праводзяць фальклорныя абрады, вечары паэзіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Хор «Надзея» клуба «Ветэран» — жаданы госць не толькі на раённых святах, але і ў замежжы. Уразіў суседзяў і вопыт работы верхнядзвінцаў па арганізацыі святаў пажылых людзей, сумесных экскурсій і творчых вечарын.
Сябры абмяняліся сувенірамі і дамовіліся сустракацца надалей — такое цеснае супрацоўніцтва ўздымае настрой і дае імпульс для далейшай дзейнасці.
х х х
Удзельнікі паездкі выказваюць падзяку Валынецкаму ПМС за прадастаўлены транспарт.
С.Аляксандрава.
На здымках: старшыні саветаў ветэранаў М. Я. Дабранаў (справа) і Ч. С. Кашкур абменьваюцца сувенірамі; фота на памяць.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *