Каранямi з Верхнядзвiншчыны

Наш край

Многія лічаць, што Варажцоў, бачачы ў Капцюга велізарны навуковы патэнцыял, лічачы яго адным з самых адораных сваіх вучняў, наўмысна засцерагаў яго ад арганізацыйнай працы, не ўводзіў у склад дырэкцыі НІАХ. Але ўсё ж, пазбегнуць кіруючых пасад Капцюгу не ўдалося. Нездарма пра яго гавораць не толькі як пра бліскучага навукоўца, але і як пра таленавітага арганізатара навукі, ён умеў прадбачыць напрамкі развіцця навукі, грамадства, адукацыі. У 1978 г. В.А.Капцюг заняў пасаду рэктара Навасібірскага Дзяржаўнага Ўніверсітэта. Валянцін Апанасавіч узначальваў універсітэт усяго два гады, але за гэты тэрмін здолеў зрабіць шмат для яго развіцця. На працягу 15 гадоў ён узначальваў у НДУ кафедру арганічнай хіміі, сотні выпускнікоў якой працуюць у даследчых арганізацыях і на прадпрыемствах Сібіры. Яго вучні ўспамінаюць, што Валянцін Апанасавіч ніколі не ставіў дрэнных адзнак сваім студэнтам. Ён умеў такім чынам задаваць пытанні, што малады чалавек, нават не вельмі ўпэўнены ў сваіх ведах, мог спакойна на іх адказаць. Пазней з гэтага сфармаваўся своеасаблівы «капцюгоўскі» прынцып адносін да людзей — шукаць у кожным і акцэнтаваць яго моцныя, добрыя бакі.
На чале Сібірскага Аддзялення РАН
У 1980 годзе Валянцін Апанасавіч Капцюг змяніў славутага вучонага Гурыя Іванавіча Марчука на пасадзе старшыні Сібірскага аддзялення АН СССР. У гэтым жа годзе ён быў абраны віцэ-прэзідэнтам АН СССР. Капцюг, таленавіты вучоны, шчыра, усёй душой захоплены хіміяй, вымушаны быў фактычна пакінуць навуковыя пошукі і заняцца арганізатарскай працай. З гэтага часу яго задача заключалася ў тым, каб стварыць для астатніх навукоўцаў Сібірскага аддзялення прыдатныя ўмовы для плённай працы і развіцця.
Якім кіраўніком быў Валянцін Апанасавіч Капцюг? Усе, хто ведаў яго, аднадушныя ў меркаванні: ён шмат працаваў, быў патрабавальны да падначаленых, але яшчэ больш патрабаваў ад самога сябе. Ён давяраў думцы сваіх калег, але заўсёды глыбока ўнікаў сам у кожнае пытанне. Ён быў выдатным аратарам — заўсёды сам пісаў тэксты сваіх выступаў, у тым ліку і на англійскай мове, любую сваю ідэю ён мог выкласці гранічна ясна, данесці думку да слухачоў. Яго любілі і паважалі ўсе супрацоўнікі — ад акадэмікаў да вахцёркі і прыбіральшчыц. «У той час у прэзідыуме не было яшчэ ахоўнікаў з фірмаў, на вахце сядзелі проста бабулькі. І вось была ў Інстытуце эканомікі адна такая цікаўная бабуля. Толькі ўбачыць, як Капцюг ідзе на працу з нязменнай велізарнай тэчкай папер, адразу махае яму ўслед і крычыць: «Валянці-і-ін Апанасавіч! А скажыце, калі ласка …». Капцюг вяртаўся, клаў на яе акенца свой стос папер, усміхаючыся, падпіраў твар рукой і ўважліва слухаў усё, што яна распавядае, адказваў на ўсе яе пытанні»,- успамінае адзін з яго супрацоўнікаў. Нягледзячы на высокую пасаду, Капцюг умеў шанаваць любую працу, у кожным чалавеку бачыць асобу, да кожнага ставіцца з належнай увагай і павагай. «У яго, здаецца, проста не было ворагаў, кожны, хто з ім меў зносіны, пранікаўся да яго як мінімум пачуццём павагі. Ён быў надзіва цёплым і душэўным у зносінах чалавекам, нават лаяўся па-добраму. Гэта шчасце, што я працаваў побач з такім дзіўным чалавекам».
Антон Бубала,
дырэктар рабочай групы Верхнядзвінскага раённага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *