Адвэнт — час чакання

Духовность

Адвэнт — гэта час радаснага чакання на прыйсце Збавіцеля. Працягваецца ён каля чатырох тыдняў: 3 поўныя тыдні з дабаўленнем ад 1 да 6 дзён у залежнасці да таго, на які дзень тыдня прыпадае Божае Нараджэнне.


У час Адвэнту ў касцёлах раніцай адбываецца Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі — «рарата» (ад лацінскага — гогаіе сеіі). Сімвалам гэтай Імшы з’яўляецца запаленая свечка, якая асвятляе шлях тых, хто ідзе ў касцёл да ўзыходу сонца. Адвэнт дзеліцца на два каляндарныя этапы: першы — з 1 да 16 снежня, які больш звяртае ўвагу на другое прыйсце Езуса Хрыста, і другі — з 17 па 24 снежня (дзевяцідзённая навэнна перад Ражаством Хрыстовым),- гэтыя дні непасрэдна рыхтуюць да свята Божага Нараджэння і прысвечаны ўспаміну першага прыйсця Езуса Хрыста на свет.
Усе нядзелі Адвэнта прыроўненыя па сваім значэнні да вялікіх святаў — нават калі на іх выпадае нейкае свята, яно пераносіцца на панядзелак. Першая нядзеля Адвэнта лічыцца пачаткам новага літургічнага (касцёльнага) года. Кожная з нядзель мае свой успамін, да якога падабрана адпаведнае чытанне з Евангелля падчас Святой Імшы. Першая прысвечана прыйсцю Езуса Хрыста ў канцы часоў, другая і трэцяя — Яну Хрысціцелю, які прадвяшчаў прыйсце Збаўцы, чацвёртая — тым з’явам, якія непасрэдна папярэджвалі Нараджэнне Божага Сына, і асобаму месцу Дзевы Марыі ў гісторыі збаўлення.У першую нядзелю запальваецца першая свечка на вянку з чатырма свечкамі, якая сімвалізуе Прароцтва — прыйсце Дзіцяці праз веру ў Божае Слова і Яго апошняе прыйсце ў славе, каб судзіць усіх людзей. Другая свечка азначае Віфлеем, трэцяя — Пастухоў, чацвёртая — Анёлаў.
У гэты перыяд прыгатавання важным з’яўляецца не столькі падрыхтоўка дома да свята, колькі духоўнае падрыхтаванне. Для яго варта выкарыстоўваць удзел у рэкалекцыях, сакраманце паяднання (споведзі). Важна аддаць больш часу малітве, разважанню над Божым Словам, чытанню Бібліі і рэлігійнай літаратуры. І менш — забавам, гучнай музыцы, прагляду тэлеперадач, інтэрнэту, асабліва — алкаголю, якія перашкаджаюць духоўнаму засяроджанню. Больш часу неабходна прысвяціць справам міласэрнасці, дапамагчы хворым і бедным.
Чалавек, калі чакае вялікага госця, старанна рыхтуецца, каб належным чынам прыняць дарагую асобу. Таму, браты і сёстры, не будзем марнаваць часу і годна падрыхтуемся да прыйсця вельмі дарагога Госця — самога Госпада, які прыходзіць на зямлю ў чалавечым абліччы.
Тадэуш КАВАЛЬСКІ,
пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *