Як выконваюцца прагнозныя паказчыкі

Райисполком

Як паведамлялася ўжо, на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за студзень-верасень бягучага года і задачы па выкананні паказчыкаў прагнозу развіцця па выніках 2013 года.

Выступаючы з дакладам, намеснік старшыні райвыканкама А. А. Барздыка адзначыла, што з 19 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных распараджэннем старшыні аблвыканкама, выкананы чатыры: удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі, сальда знешняга гандлю паслугамі, рознічны тавараабарот і ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі.
Тэмп росту аб’ёму вытворчасці па індэксу фізічнага аб’ёму склаў за 9 месяцаў 108,1% пры заданні 120%. Зніжэнне выпуску прадукцыі да ўзроўню мінулага года дапусцілі масласырзавод і льнозавод. Што датычыць першага прадпрыемства, то такое адставанне тлумачыцца недахопам сыравіны, рэканструкцыяй маслацэха, тэхналагічным прыпыненнем і рамонтам абсталявання для вытворчасці сыроваткі. На льнозаводзе свае прычыны: нізкая якасць трасты, зніжэнне выхаду гатовай прадукцыі з 27 да 25%.
У сувязі са скарачэннем спажывання хлеба і пладовых він знізілася вытворчасць гэтых відаў прадукцыі на хлебазаводзе.
З другога боку, ААТ «Інвет» даведзенае заданне па выпуску тавараў-прадстаўнікоў выканаў на 306%, па вырабах з пластмас — на 126%; завод сталярных вырабаў па лесаматэрыялах — на 164%.
Страты ад зніжэння паступлення малака будуць кампенсавацца масласырзаводам за кошт прыцягнення канцэнтраванай сыроваткі з іншых абласцей. Хлебазавод павялічыць выпуск кандытарскай сушкі — не менш 50 тон у месяц.
У агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі, адзначыла дакладчык, доля інавацыйнай перавышае 50%. Сёлета масласырзавод за сродкі інавацыйнага фонду аблвыканкама закупіў электрадыялізную ўстаноўку для выпуску сыроваткі коштам больш 4 млрд рублёў, заказаў сепаратар і ўпаковачнае абсталяванне на 5 мільярдаў. За 9 месяцаў прадпрыемства вырабіла 2382 тоны сыроваткі, асартымент сыроў павялічаны да 23 відаў.
«Інвет» выпусціў 312 тон гафрыраваных дрэнажных труб на суму звыш 16 мільярдаў рублёў, што ў тры разы больш узроўню мінулага года.
Хлебазавод асвоіў вытворчасць сушкі кандытарскай — больш 180 тон на суму 2 млрд рублёў.
Адметна, што назіраецца зніжэнне складскіх запасаў. На 1 кастрычніка яны складалі 18,7% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.
Тым не менш, дынаміка пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці сведчыць аб складаным фінансавым стане шэрагу прадпрыемстваў. На 1 верасня крэдыторская перавышала дэбіторскую ў 2,5 раза; на сельгаспрадпрыемствах — у 7 разоў, на льнозаводзе — у 25, на «Верусе» — у 35 разоў.
Найбольшая дэбіторская запазычанасць у «Інвета», жылкамунгаса, СП «Верхнядзвінскі», ДРБУ-143.
Хаця ў цэлым па раёну назіраецца рост выручкі: за 8 месяцаў яна складае на аднаго працуючага 193 млн рублёў, але ніжэй мінулагодняга гэты паказчык на льнозаводзе, у райаграсервісе, ААТ «Бялькоўшчына», «Баліны», «Нурава», «Прудзінкі», «Антонава-Агра», СП «Асвейскі» і ДБУ-4. Арганізацыямі атрымана 58 млрд рублёў чыстага прыбытку. Разам з тым, па выніках 9 месяцаў стратнымі застаюцца 3 арганізацыі — ПМК-44, Верхнядзвінскае ПМС і льнозавод. Менш 10 млн чыстага прыбытку атрымалі лясгас, завод сталярных вырабаў, ААТ «Верус» і ДРУВП ЖКГ. Рэнтабельнасць продажаў па раёну знізілася да мінулага года на 3,5 п. п. і склала 7,8%. Гэта заданне не выканана ніводным прамысловым прадпрыемствам. Для павышэння рэнтабельнасці продажаў масласырзаводам будзе павышацца ўдзельная вага вытворчасці высокамаржынальных сыроў і 90-працэнтнай сыроваткі, ААТ «Інвет» — прадукцыі новай лініі ратацыйнага фармавання.
Мэтавы паказчык па энергазберажэнні за студзень-жнівень склаў «мінус» 5,5% пры заданні «мінус» 6%. З «плюсам» спрацавалі хлебазавод, льнозавод, ААТ «Бялькоўшчына», «Прудзінкі», «Шайцерава», «Нурава», СП «Дрысенск», «Асвейскі», «Лявонішана», «Верхнядзвінскі», Валынецкае ПМС.
За 9 месяцаў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна вырабілі валавой прадукцыі на 446 млрд рублёў — 96,9% да адпаведнага перыяду мінулага года. Рост выпуску жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 101,2%, аднак валавая вытворчасць малака ў параўнанні з леташнім перыядам знізілася на 677 тон, сярэдні надой на карову — на 142 кілаграмы. Самыя нізкія надоі ў СП «Боркавічы» (3182 кг), СП «Асвейскі» (3424 кг) і ПВУП «Вужыца-Агра» (3631 кг).
Ніводнай тоны малака сортам «экстра» не прадало ААТ «Антонава-Агра», нізкая ўдзельная вага рэалізацыі падобнай прадукцыі ў КУВСГП «Асвейскі», ААТ «Баліны».
Жывёлы вырашчана 7254 тоны, што вышэй леташняга на 4,3%. Аднак узроўню адпаведнага перыяду мінулага года не дасягнулі «Бялькоўшчына», «Вужыца-Агра», «Баліны», «Нурава», «Верхнядзвінскі».
Валавой прадукцыі раслінаводства атрымана на суму 197 млрд рублёў, што на 17 мільярдаў менш узроўню мінулага года.
Лепшыя паказчыкі па вытворчасці збожжа забяспечылі ААТ «Шайцерава» (39,6 ц/га, намалот 9105 тон), ААТ «Прудзінкі» (41,2 ц/га, намалот 7596 тон), СП «Верхнядзвінскі» (38,2 ц/га, намалот 4960 тон).
Дакладчык прааналізавала таксама стан спраў у жыллёвым будаўніцтве, рознічным гандлі, малым і сярэднім прадпрымаль-ніцтве, экспарце тавараў і паслуг.
Былі заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія не спраўляюцца з выкананнем паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У прынятым рашэнні работа шэрагу суб’ектаў гаспадарання ў студзені-верасні 2013 года прызнана нездавальняючай або недастатковай па многіх пунктах. Пастаўлены канкрэтныя задачы па выпраўленні становішча і безумоўным выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2013 годзе.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *