В Верхнедвинске прошла встреча белорусских литераторов

Актуально Культура

Адбыўся творчы вечар нашага земляка Васіля Іосіфавіча Рудога, прысвечаны беларускай літаратуры і пісьменнікам — майстрам слова, якія ўносяць значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі.

Г. П. Пашкоў, Т. І. Краснова-Гусачэнка, В. І. Рудой.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі Г. П. Пашкоў, паэт, лаурэат Дзяржаўнай Прэміі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі; В. А. Шырко, галоўны рэдактар журнала Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая Вежа», лаурэат Дзяржаўнай Прэміі Беларусі, публіцыст і пісьменнік; Т. І. Краснова-Гусачэнка, пяцікратны лаурэат і пераможца Міжнародных літаратурных конкурсаў, уладальнік Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Цютчава і залатога медаля «Тютчевъ», старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў Беларусі; В. А. Дадалка, член СПБ, пісьменнік, прафесар БДУ, старшыня Савета літаратурнага фонду СПБ; П. П. Саковіч, паэт і пісьменнік, былы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык».
Госці, наведаўшы чытальную залу цэнтральнай раённай бібліятэкі, пазнаёміліся з краязнаўчымі матэрыяламі, якія тут збіраюцца, захоўваюцца і прапагандуюцца, а таксама вядомымі паэтамі і пісьменнікамі, чые імёны занесены на літаратурную карту Верхнядзвіншчыны.
-Сённяшняе мерапрыемства праходзіць напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначыла Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка. — Некалькі гарадоў ужо сустрэлі свой дзень вызвалення, у іншых месцах падрыхтоўка да яго яшчэ вядзецца.
Галоўнай тэмай вечара было вызначана выхаванне маладога пакалення, увекавечванне памяці аб гераічнай гісторыі нашага народа.

Удзельнікі сустрэчы ў уэнтральнай раённай бібліятэцы.

Прадстаўляючы галоўнага героя вечара В. І. Рудога, Тамара Гусачэнка расказала аб яго жыццёвым і творчым шляху, адзначаючы, што на сённяшні дзень Васіль Іосіфавіч з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, актыўна прапагандуе айчынную літаратуру. Нягледзячы на тое, што піша аб моры, сэрца яго належыць роднай зямлі — Верхнядзвіншчыне. З мінулага года з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком ваенна-патрыятычнага аматарскага маладзёжнага аб’яднання клуба юных маракоў «Гардэмарыны» і яго філіяла — гуртка «Фрэгат». Галоўнымі прынцыпамі гардэмарынаў сталі любоў да Радзімы, павага да старэйшых, здаровы лад жыцця, выбар прафесіі, таварыскасць і ўзаемадапамога, развіццё ўласнай творчасці.
За сваю службу на флоце Васіль Іосіфавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і 14 медалямі. А зусім нядаўна на рэспубліканскім свяце беларускага пісьменства яго зборнік сучаснай прозы «Трыпціх кахання» быў адзначаны Дыпломам лаурэата літаратурнага конкурсу на лепшы твор 2012 года.
Саюз пісьменнікаў Беларусі высока ацэньвае творчасць Васіля Іосіфавіча і спадзяецца, што ён яшчэ шмат зробіць як на літаратурнай ніве, так і ў выхаванні падрастаючага пакалення.
-Мы вельмі рады пабываць на гэтай зямлі, багатай на літаратурныя таленты, — зазначыў, выступаючы, Генадзь Пятровіч Пашкоў. — І я маю гонар ад імя прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзнагародзіць граматай Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт за актыўную дапамогу ў развіцці і прапагандзе беларускай літаратуры. Таксама было вырашана ўручыць В. І. Рудому медаль «За вялікі ўклад у літаратуру», які заняў пачэснае месца сярод іншых на кіцелі капітана.
На вечары прадэманстравалі літаратурныя здольнасці вучні сярэдняй школы №2 і гімназіі, сярод якіх былі і выхаванцы клуба «Гардэмарыны». Яны чыталі ўласныя вершы і сачыненні.
Сваімі літаратурнымі планамі падзяліўся Васіль Іо-сіфавіч. Зараз ён працуе над раманам «Испытатель», апошнім з серыі аб падводніках, а потым на чарзе вялікая аповесць » Размышления старой щуки». На вечары прысутныя пачулі ў выкананні аўтара «Размышления подводника».
-Сёння мы прыехалі не толькі дзеля таго, каб пазнаёміцца з дзейнасцю клуба і літаратурнымі спробамі навучэнцаў, — адзначыла Т. І. Краснова-Гусачэнка. — А яшчэ і каб падзяліцца з прысутнымі сваёй творчасцю.
У яе выкананні прагучала паэма аб Дзвіне, а Г. П. Пашкоў прачытаў верш «У Браслаўскім зацішку». Узняў настрой прысутным сваімі вершамі-загадкамі П. П. Саковіч. А тыя, хто даваў правільныя на іх адказы, атрымалі ў якасці ўзнагароды за кемлівасць часопісы «Вожык».
Напрыканцы мерапрыемства госці выказалі шчырыя словы па-дзякі кіраўніцтву раёна за тое, што зроблена і робіцца ў агранізацыі і дапамозе дзейнасці клуба «Гардэмарыны», а ў якасці падарунка пакінулі на памяць кнігі і аўтографы з пажаданнямі.
Уручаючы герою ўрачыстасці торт у выглядзе кнігі, А. М. Палачанін, начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, пажадаў, каб яго ніколі не пакідала муза натхнення, а літаратурны дар, дадзены прыродай, і надалей прыносіў радасць чытачам.
-Верхнядзвіншчына — цудоўны край, багаты не толькі гістарычнымі падзеямі, а і таленавітымі людзьмі, — адзначыла Н. А. Масквічова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. — І наш зямляк Васіль Іосіфавіч Рудой яскравы таму прыклад. Ініцыятыўны, мэтанакіраваны чалавек, уклад якога ў выхаванне моладзі нельга пераацаніць. У якасці падарунка Надзея Аркадзьеўна ўручыла герою ўрачыстасці фігурку савы — сімвал мудрасці і эрудыцыі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *