Споўнілася 70 гадоў з дня гібелі ўдзельнікаў Обальскага падполля

Актуально Память

Так сталася, што менавіта ў гэтыя памятныя дні давялося пабываць у музеі Обальскага камсамольскага падполля на Шуміліншчыне.

У Обальскім музеі.

Уневялікім будынку — помніку архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя размешчана ўнікальная экспазіцыя, якая пераканаўча расказвае аб зараджэнні партызанскага руху на Віцебшчыне, народнай барацьбе з ворагам, рабоце па захаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Музей адкрыты ў 1965 годзе, але экскурсавод адзначае, што колькасць наведвальнікаў не змяншаецца з часам. Вырастаюць новыя пакаленні, праводзяцца ўрокі Памяці, прыязджаюць замежныя госці — іх неадольна цягне сюды жаданне зразумець: як невялікая жменька патрыётаў, па-сутнасці, дзяцей здолела стаць пагрозай цэламу варожаму фарміраванню і паказаць небывалы прыклад мужнасці. Бо ўдзел у падполлі быў раўназначны прыгавору — фашысты катавалі і расстрэльвалі нават за падазрэнне ў непакоры.
На шыльдзе імёны 38 членаў арганізацыі — маладых людзей з Обалі, Ушалаў, Зуёў, Масцішча і іншых вёсак тагачаснага Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна. З партрэтаў строга і даверліва глядзяць вочы 9 камітэтчыкаў: Ефрасінні Зяньковай (сакратар), Ніны Азолінай, Марыі Дзяменцьевай, Уладзіміра, Ільі і Яўгена Езавітавых, Марыі Лузгіной, Зінаіды Партновай, Валянціны Шашковай. А за шклянымі акенцамі — іх асабістыя рэчы, ад выгляду якіх сціскаецца сэрца,- паркалёвыя пінжачкі і сукенкі дзіцячых памераў, маленькія, нібы лялечныя, сумачкі. Падполле ўзнікла зімой 1941 года з вучняў 7-10 класаў мясцовай школы. Самай старэйшай Фрузе Зяньковай было дваццаць. Астатнім пераважна па 16-17 гадоў.
Відаць, гэтаму страшнаму і няпэўнаму часу патрэбны былі такія адважныя, рызыкоўныя і адчайныя юныя героі. На высокай хвалі патрыятызму яны гатовы былі дзейнічаць, змагацца, ахвяраваць сабой. І дзякуючы маладому напору, зваротлівасці і адчайнасці — пранікаць у самыя небяспечныя месцы «нябачнага фронту».
Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі аб размяшчэнні варожых войскаў, руху эшалонаў, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, рабілі дыверсіі на варожых аб’ектах, знішчалі акупантаў і іх тэхніку, вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Дзякуючы звесткам падпольшчыкаў, савецкія самалёты знішчылі на чыгуначнай станцыі Обаль 4 эшалоны з танкамі.
За гэтай статычнай інфармацыяй — напоўненыя смяротнай рызыкай дзеянні юных мсціўцаў. Так, Ніна Азоліна пранесла ў рыдыкюлі міну, схаваную ў кавалку вугалю, і ўзарвала вадакачку на станцыі Обаль. У выніку 11 воінскіх эшалонаў былі затрыманы на некалькі дзён. Уладзімір Езавітаў узарваў легкавую аўтамашыну з нямецкім афіцэрам, катам Карлам Борманам. Стрыечны брат падпольшчыка Яўген Езавітаў узняў у паветра 3 матавозы і экскаватар на торфзаводзе. Зінаіда Лузгіна спаліла льнозавод і склады, якія знаходзіліся побач. Мікалай Аляксееў падарваў цыстэрну на станцыі Лоўжа: згарэлі эшалон з боепрыпасамі, будынак станцыі, прадуктовы склад. Усяго падпольшчыкі ўчынілі 21 буйную дыверсію: знішчылі пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў і іншыя аб’екты.
Па заданні партызанскага атрада маладыя людзі ўладкоўваліся на работу ў нямецкія ўстановы. Ніна Азоліна паступіла ў камендатуру, Зіна Партнова і Ніна Давыдава — у афіцэрскую сталовую, іншыя рабяты — на цагельны, тарфяны і льно- заводы. Дзякуючы гэтаму, партызаны рэгулярна атрымлівалі патрэбныя звесткі і вялі актыўныя дзеянні ў тыле ворага.
Па няпісаных правілах пасля выканання аперацыі юныя падпольшчыкі дзеля ўласнай небяспекі павінны пераходзіць у партызанскі атрад. Але дзейнасць іх была надзвычай каштоўнай, а смеласць не мела межаў. І многія з рабят вярталіся ў населеныя пункты. Самыя буйныя аперацыі яны здзейснілі летам 1943 года. Гітлераўцы кінулі ўсе сілы на пошукі падпольшчыкаў. 27 жніўня перад чарговай аперацыяй па даносу здрадніка былі схоплены амаль усе члены арганізацыі. Першай арыштавалі Ніну Азоліну, якая мела доступ да сакрэтнай інфармацыі гестапа. Яе пыталі больш усіх, здзекваліся з нечалавечай лютасцю. Цудам удалося выратавацца толькі Ефрасінні Зяньковай, Зінаідзе Партновай і Аркадзю Барбашову. 5 кастрычніка пасля катаванняў падпольшчыкаў расстралялі ў Баравусе.
Пазней гераічна загінулі Зінаіда Партнова і Аркадзь Барбашоў. Зіна Партнова ў снежні 43-га была накіравана ў разведку ў Масцішча, каб высветліць прычыну правалу юных мсціўцаў. На зваротным шляху была схоплена фашыстамі. На допыце афіцэр адвярнуўся да акна, забыўшы на стале пісталет. Зіна схапіла зброю і застрэліла ката, а затым двух гестапаўцаў, прыбегшых на стрэлы. Выскачыўшы ў акно, кінулася, адстрэльваючыся, да Дзвіны. Але пісталет даў асечку, і падпольшчыцу схапілі. Яе ўжо не дапытвалі, а метадычна мучылі : выганялі на мароз, прыпальвалі калёным жалезам, выкалалі вочы, адрэзалі вушы. Дзяўчынка ўся пасівела. 10 студзеня 1944 года яе расстралялі.
Аб подзвігу обальскіх камсамольцаў свет даведаўся ў 1958 годзе, калі Ефрасінні Зяньковай — адзінай з падпольшчыкаў, хто дажыў да Перамогі, прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна высокае званне было прысвоена Зінаідзе Партновай . Слава герояў-падпольшчыкаў увекавечана ў помніках і абелісках, кнігах і фільмах. Усё, чым могуць аддзячыць гэтым мужным змагарам нашчадкі,- памяць.
Абавязак сучаснікаў — зберагчы яе. Бо ідуць гады, падзеі вогненнага часу аддаляюцца, усё менш застаецца сведкаў вайны, і ў моладзі з’яўляюцца новыя куміры. Адна маладая наведвальніца музея сказала: «А ці была апраўдана такая страшная ахвяра падпольшчыкаў? Ці мелі права дарослыя рызыкаваць жыццямі дзяцей і пускаць іх на верную смерць?». Адказ на гэтыя пытанні кожны даваў па-свойму. Пісьменнік Мікалай Мароз, які прэзентаваў на сустрэчы ў музеі сваю новую кнігу пра Обальскае падполле «Папялішча — не тлен», заўважыў, што гэта быў адзіна магчымы выбар ваеннага пакалення патрыётаў. Вайна парушыла саму логіку чалавечага існавання, нацызм паставіў пад пагрозу прынцыпы свабоды і гуманнасці. Гітлераўцы захапілі ледзь не палову Еўропы, але захліпнуліся сваёй крывёю толькі ў нашай краіне. Калі б не гэта ўсенароднае процістаянне ворагу, ці магчыма было б адолець яго?! Падпольшчыкі не проста правялі дзейсныя аперацыі, яны паказалі прыклад мужнасці і патрыятызму. З іх барацьбы, асабістых подзвігаў людзей ваеннага пакалення і складалася Вялікая Перамога, якая азначае само жыццё.

Асобны раздзел у музеі прысвечаны вядомай разведчыцы Алене Сураўнёвай, якая дзейнічала і ў Верхнядзвінскім раёне.Алена нарадзілася на Шуміліншчыне, у канцы 1942 года трапіла ў спецгрупу штаба Калінінскага фронту. Яна збірала звесткі аб перамяшчэннях фашысцкіх войскаў. У 1943 годзе яе, як вопытную разведчыцу, пераправілі праз лінію фронту і накіравалі ў складзе спецгрупы разведчыкаў на мяжу Верхнядзвінскага і Себежскага раёнаў. Камандаванню патрэбны былі звесткі аб варожым гарнізоне ў Себежы. Лена наладзіла сувязь са старой настаўніцай, якая дапамагла выканаць задачу. 23 мая 1944 года, вяртаючыся з задання, Алена трапіла ў засаду. На допытах дзяўчына трымалася мужна, нікога не выдала. Гітлераўцы нанеслі ёй 15 штыкавых ран, на плячах выразалі пяціканцовую зорку. Пасмяротна Алена Сураўнёва ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *