У вёсцы Барсукі адкрыты стадыён

Актуально Общество

Прыўрочыць адкрыццё спартыўна-аздараўленчай пляцоўкі з футбольным і валейбольным палямі вырашылі да свята вёскі, якое адбылося днямі ў Барсуках.

В. Каменскі (другі злева) уручае спортінвентар юнаму жыхару вёскі.

Ініцыятарам яе стварэння стаў новы жыхар вёскі Віктар Іванавіч Каменскі. Родам з гэтых мясцін, зусім нядаўна ён вярнуўся з Прыбалтыкі, дзе працаваў трэнерам. Купіў у Барсуках хату і, як чалавек актыўны, заняўся спатрыўна-аздараўленчай работай.
Адкрываючы новы спартыўны аб’ект, стужку перарэзалі Т. А. Разумная, старшыня Шайцераўскага сельскага Савета, Л. К. Рудак, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шайцерава» і В. І. Каменскі. А гаспадарка ў якасці падарунка для аматараў здаровага ладу жыцця падрыхтавала спортінвентар.
Загадзя была падрыхтавана да святочнага дзейства пляцоўка. Яе стварэнне — зноў жа ідэя В. І. Каменскага. Зусім нядаўна на гэтым месцы была пустка. Абкасіць тэрыторыю дапамаглі ААТ «Нафтан», «Шайцерава», сельскі Савет, а кветкі пасадзілі мясцовыя жыхары.
Свята ішло сваёй чарадой. Вядучыя расказалі аб гісторыі роднай вёскі, нагадаўшы між іншым паходжанне яе назвы. Існуе версія, што раней вёску акружалі густыя лясы, і жыхары іншых мясцін сталі называць мясцовых «барсукамі».
Вёска можа ганарыцца сваім знакамітым земляком — І. М. Кабзуном, Герем Савецкага Саюза. У мінулым годзе яму споўнілася б 110 гадоў. Яшчэ ў 1969 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка на сцяне барсукоўскага клуба. З часам устаноўлены помнік. Да яго ў гэты дзень былі ўскладзены кветкі.
Сёння ў Барсуках пражывае 50 чалавек. Самай старэйшай жыхарцы Н. П. Сівоха споўнілася 89 гадоў, а самай малодшай Уладзе Ганчаронак — чатыры з паловай.
У гэты дзень прымалі віншаванні і падарункі юбіляры — І. С. Кірычай, У. У. Грамза, У. С. Субач і тыя, хто нядаўна ўзялі шлюб — Н. Грамза і В. Вішнеўскі. Словы павагі гучалі ў гонар А. С. Афанасьевай, якая нарадзіла і выгадавала 8 дзяцей.
На мерапрыемства з задавальненнем прыбылі людзі, якія нарадзіліся і выраслі ў Барсуках, а зараз жывуць у іншых мясцінах. Ім, безумоўна, прыемна, што родная вёска прыгажэе, радуе вока шматкаляровымі палісаднікамі.
У рамках свята намінацыя «Лепшы кветкавод» была прысуджана сям’і Таццяны Пятроўны і Леаніда Міхайлавіча Шэнда. А самай прыгожай і дагледжанай прызнана сядзіба Аляксандра Яўгенавіча і Надзеі Іванаўны Радзіёнавых. Ва ўменні вырошчваць багаты ўраджай гародніны няма роўных Васілю Васільевічу і Наталлі Глебаўне Сцепулёнак. Вясёлымі песнямі гледачоў радавалі артысты Шайцераўскага сельскага Дома культуры, гучалі прыпеўкі, гумарэскі. Разнастайнасцю і багаццем радавала выстава дароў прыроды.
Свята паказала, што тут жывуць нераўнадушныя, працавітыя і ініцыятыўныя людзі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *