Успамінаюць дзеці вайны

Память

Аб пачатку вайны наша вялікая сям’я (бацькі, пяцёра братоў і сястра) даведалася ад суседзяў, якія вярнуліся з Дрысы. Мінула некалькі дзён, і праз родную вёску Высоцкае Каркалецкага сельсавета прайшлі адступаючыя чырвонаармейцы. А назаўтра з’явіліся прыкладна 20 веласіпедыстаў у мундзірах мышынага колеру. Да вечара вясковыя вуліцы былі запоўнены акупантамі і аўтамашынамі. Салдаты галіліся, мыліся, гулялі ў карты і набівалі жываты дармавой ежай.


Раніцай іх і след прастыў. Але праз пэўны час фашысты разам з паліцаямі сталі часта наведваць вёску, забіраючы ў жыхароў хатнюю жывёлу, масла, яйкі, словам, усё, што траплялася пад руку.
Партызаны наведваліся для адпачынку. Памятаецца такі выпадак. На вуліцах «гаспадарылі» немцы і заўважылі трох партызан, якія на конях накіроўваліся ў Высоцкае. Фашысты адкрылі агонь. Адзін коннік загінуў адразу, другі атрымаў разрыўную кулю ў нагу. І толькі трэці вырваўся з засады.
Вяскоўцы пасля пайшлі паглядзець, што сталася з партызанамі. Абодва былі забіты, прычым параненага, які спрабаваў дапаўзці да балота, фашысты дабілі штыкамі.
Давялося бачыць, як запалала вёска Марцінава, цераз яе партызаны ішлі на чыгуначныя дыверсіі. Потым полымя ўзнялося і над іншымі бліжэйшымі паселішчамі. Чакаць не было чаго, і мы кінуліся ратавацца. Пераначавалі ў сваякоў у Палыкаўшчыне і рушылі далей да Ганчарова, а сваякі — да Рудні. І ўсе яны загінулі ад рук карнікаў.
Наша сям’я дабралася аж да Маторына, дзе ўжо было шмат бегляцоў. Не паспелі размясціцца ў пуні на сене, як прыскакаў верхавы і паведаміў, што набліжаюцца немцы. Цэлы абоз бежанцаў адправіўся ў невядомасць…
Раніцай у лесе нейкім цудам мы сустрэліся са старэйшым братам Уладзімірам, партызанам атрада «КІМ». Ён забраў у атрад Геню і Фёдара, а астатнія рушылі далей. Ехалі, пакуль абоз не завяз у глыбокім снезе. Развялі кастры, пачалі гатаваць няхітрую ежу.
І раптам з’явіліся немцы. Хтосьці кінуўся бегчы, ды дагналі ўцекачоў аўтаматныя чэргі. Мы ж стаіліся ў яловай курціне, з галавой зарыўшыся ў снег. Праляжалі так усю ноч. Раніцай убачылі літаральна ў двух метрах ад сховішча два рады забітых. Бацька налічыў 56 трупаў… Фашысты прыстрэлілі нават усіх коней, а павозкі, сані, вопратку спалілі.
Вакол не было калючага дроту, але куды ісці? Даймаў холад, ад голаду пачалі пухнуць. Дзён праз дзесяць бацька прынёс кавалак мяса ад забітага каня, ваду здабывалі з растопленага снегу.
І зноў выратаваў старэйшы брат Валодзя. Разам з двума сябрамі-партызанамі ён тры дні шукаў родных сярод жывых і забітых і цудам адчуў дым нашага кастра.
У адной са знішчаных вёсак мы назіралі, як партызаны вывозілі трупы спаленых людзей.
На гэтым пакуты не скончыліся. Ля Палыкаўшчыны сутыкнуліся з немцамі. У Бажках (цяпер — в. Першамайская) калону спынілі ля першай жа пуні: вылюдкі вырашылі спаліць бегляцоў, адзін з фашыстаў адчыніў дзверы, каб загнаць усіх на пагібель у агні. Ды раптам прыкаціў на матацыкле нейкі чын, штосьці пракалдычыў. Малых і старых пасадзілі на павозкі і адправілі ў Дрысу.
Як мы выжылі — цяжка сказаць…
П. ПУЗАКА,
жыхар г. Верхнядзвінска.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *