Верхнядзвінск адзначыў Дзень горада

Актуально Общество

 

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Верхнядзвінск адзначаў і свята горада. Гэта надавала агульнай нацыянальнай урачыстасці асаблівую цеплыню і блізкасць. Верхнядзвінцы адчувалі сябе часцінкай вялікага народа, які ганарыцца сваім мінулым, радуецца мірнаму і стваральнаму жыццю, марыць аб шчаслівай будучыні для дзяцей і ўнукаў.

Старшыня райвыканкама І. І. Марковіч уручае пасведчанне Ганаровага грамадзяніна Верхнядзвінскага раёна І. І. Грынько.

Па традыцыі напярэдадні свята жыхары горада ўшанавалі памяць воінаў, якія абаранялі нашу зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. У скверы ля мемарыялу загінуўшым героям адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя «Памяць нашага горада», ускладзены кветкі і вянкі да помнікаў.
3 ліпеня гарадскі парк сустракаў удзельнікаў свята багатай праграмай. На гэты раз яна пачалася незвычайна — першымі на сцэну падняліся прадстаўнікі працоўных калектываў, занесеных на раённую Дошку гонару, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый розных галін народнай гаспадаркі. Землякі мелі магчымасць падзякаваць ім за працу, у выніку якой раён з году ў год павялічвае вытворчыя паказчыкі, пашырае выпуск уласнай прадукцыі, забяспечвае жыццядзейнасць сацыяльнай сферы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч. Ён павіншаваў землякоў і гасцей з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 69-й гадавінай вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў і святам горада Верхнядзвінска.

На сцэне - артысты РДК.

— Ёсць даты, — адзначыў кіраўнік раёна, — якія выклікаюць пачуццё нацыянальнай гордасці і пашаны, з’яўляюцца асновай патрыятызму і грамадзянскасці, аб’ядноўваюць людзей. У гэты асобы дзень мы нізка кланяемся ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ушаноўваем памяць ахвяр вогненных гадоў. У час выпрабаванняў беларусы крывёй заплацілі за свабоду, гераічнай барацьбой заваявалі права на мірнае жыццё. Сучасны Верхнядзвінск памятае аб мінулым і з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Свята горада нагадвае, што лёс Радзімы — гэта лёс кожнага з нас. Мы даказалі, што ўмеем захоўваць мір і парадак на роднай зямлі, працаваць і дасягаць пастаўленай мэты.
І. І. Марковіч падзякаваў верх-нядзвінцам за працу на карысць роднай зямлі і заклікаў умацоў-ваць яе новымі здабыткамі. Напярэдадні свята было прынята рашэнне аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна» людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна. Гэтага звання ўдастоены Вацлаў Якаўлевіч Сяргушка — ветэран працы, які 30 гадоў узначальваў перадавы калгас імя Леніна, узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга; Іван Іванавіч Грынько — генеральны дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі райаграсервіс», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі; Аляксандр Паўлавіч Міронаў — ветэран педагагічнай працы, выдатнік асветы, стваральнік дзіцячых творчых калектываў, аўтар гімна Верхнядзвінска. Кіраўнік раёна павіншаваў лаўрэатаў з прысваеннем ганаровага звання і ўручыў адпаведныя пасведчанні.

Сямейныя юбіляры.

Віншавалі на свяце і сямейных юбіляраў. Імі сёлета сталі Сяргей Пятровіч і Таццяна Пятроўна Валковічы, Васіль Яўгенавіч і Аксана Вячаславаўна Ахламёнкі, Марат Робертавіч і Святлана Уладзіміраўна Саакян, Мікалай Мікалаевіч і Таццяна Паўлаўна Столп, Мікалай Вячаслававіч і Алена Сігізмундаўна Захарэвічы. Землякі апладысментамі віталі сямейныя пары, якія пранеслі праз жыццё вернасць і любоў, самааддана клапоцяцца аб дзецях і перадаюць нашчадкам лепшыя традыцыі.
Свята набірала разбег на канцэртнай пляцоўцы, дзе нумары аматарскай творчасці гледачам прадставілі салісты і калектывы РДК, Запрудзьеўскага, Бігосаўскага і Сар’янскага Дамоў культуры.

На выставе прадукцыі верхнядзвінскіх вытворцаў.

З інтарэсам удзельнічалі верхнядзінцы ў віктарыне, прысвечанай гісторыі роднага горада, і заваёўвалі прызы, падрыхтаваныя працоўнымі калектывамі.
Увогуле, забаў і відовішчаў у парку было на любы ўзрост і густ. Дзеці з задавальненнем вабілі час у конкурсах на гульнёвай пляцоўцы, каталіся на конях, забаўляліся на атракцыёнах. Нямала цікаўных сабралі выступленні пагранічнікаў-кінолагаў, супрацоўнікаў РАНС і спартсменаў клуба «Віцязь». Для жадаючых таксама былі арганізаваны забаўляльныя спартыўныя мерапрыемствы.
Тэматыка, прысвечаная роднаму гораду і яго жыхарам, з’яўлялася галоўнай на выставах творчых работ навучэнцаў Верхнядзвінскай ДШМ, устаноў адукацыі, фотавыставах В. Салаўёва, І. Окуневай, Г. Ахламёнка. Цікавыя гістарычныя матэрыялы былі прадстаўлены на экспазіцыях музея імя Чэрскага і раённай бібліятэкі «Верхнядзвінская скарбонка».
Госці свята маглі ацаніць прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў на выставе «Гэта наш прадукт», пакаштаваць хлебабулачныя вырабы і сыры на дэгустацыйных сталах і нават увачавідкі ацаніць прафесійнае майстэрства работнікаў лясгаса па распілоўцы драўніны.


Працавалі ў парку імправізаваны «Здраўпункт» Верхнядзвінскай ЦРБ і дабрачынны кірмаш ТЦСАН. Як заўсёды, багатымі былі выставачныя рады народных майстроў раённага Дома рамёстваў.
Людзі сярэдняга і пажылога ўзросту з задавальненнем удзельнічалі ў танцавальнай праграме «Модна быць маладым», арганізаванай клубам «Ветэран».
Усеагульны інтарэс выклікаў конкурс «Ёсць талент!», арганізаваны сярод устаноў і прадпрыемстваў раёна. Удзел у ім прынялі 14 працоўных калектываў, якія прадставілі гледачам свае нумары аматарскай творчасці. Пераможцамі конкурсу прызнаны самадзейныя артысты райспажыўтаварыства, якія паказалі тэатралізаваную сцэнку, вакальны ансамбль райгазу і саліст Раман Шакель з аддзела пагранічнай службы «Верхнядзвінск».

Забавы ў парку былі на любы густ.

Удзельнікі свята маглі адпачыць на танцавальных пляцоўках, пакаштаваць шматлікія пачастункі райспажыўтаварыства, паўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах.
Свята доўжылася да позняй ночы і вянчалася агульнарэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам», падчас якой верхнядзвінцы з гонарам выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Выдатным завяршальным акордам стаў вялікі салют, за які гледачы сардэчна дзякуюць спонсару.
С. ДЗВІНСКАЯ.
В. САЛАЎЁЎ (фота).

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *