Іх імёны носяць вуліцы нашага горада

Наш край

Вуліца Кабзуна.

названа ў гонар Івана Міхайлавіча Кабзуна, ураджэнца в. Барсукі Шайцераўскага сельсавета. Займаўся сельскай гаспадаркай, сталярнічаў.
З 1924 года служыў у Чырвонай Арміі, войсках АДПУ-НКУС, у пагранічных войсках. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне. Камандзір кулямётнага ўзвода пятага пагранічнага палка Іван Кабзун у студзені 1940 года з невялікай групай байцоў апынуўся ў акружэнні і на працягу многіх дзён вёў бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. Быў цяжка паранены, але вывеў застаўшыхся ў жывых з акружэння.
У красавіку гэтага ж года быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.
Вучыўся ў Вышэйшай школе НКУС.
Загінуў у баях з фашыстамі ў 1942 годзе. Вуліца Панціелева.

названа ў гонар старшага лейтэнанта Аркадзя Хацкелевіча Панціелева, ураджэнца Арлоўскай вобласці. Жыў у Маскве, скончыў педагагічны інстытут, працаваў інструктарам сталічнага камітэта камсамола, сакратаром Фрунзенскага РК ВЛКСМ Масквы.
Калі пачалася вайна, паступіў у ваенна-палітычнае вучылішча і ў пачатку 1943 года трапіў на фронт. Служыў агітатарам палка. У баях за г. Вялікія Лукі атрымаў медаль «За адвагу», а ордэн Чырвонай Зоркі за тое, што ў адным з баёў першым падняўся ў атаку і павёў за сабой байцоў.
У баях за Дрысу А. Панціелеў камандаваў групай аўтаматчыкаў танкавага дэсанту. Павёў іх у атаку, і ўжо побач з варожымі пазіцыямі знайшла яго фашысцкая куля. Здарылася гэта 16 ліпеня 1944 года.
Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны.

Вуліца Качкара.

названа ў гонар Анатоля Цімафеевіча Качкара, ураджэнца г. Гомеля. Пры вызваленні Дрысы маёр А. Качкар камандаваў асобным батальёнам 4-й ударнай арміі. На поўдні ад горада нашы перадавыя часці вымушаны былі спыніцца. Разведчыкі, якім загадалі дакладна ўстанавіць размяшчэнне агнявых кропак праціўніка, з задання не вярнуліся. І тады малады камандзір батальёна (нарадзіўся ў 1921 годзе) вырашыў сам пайсці ў разведку. Атрымаўшы дазвол камандзіра дывізіі палкоўніка Тапорчыка, Анатоль з двума аўтаматчыкамі пад покрывам ночы адправіўся ў невядомасць.
Перад першай лініяй варожых траншэй смельчакоў сустрэў шчыльны агонь ворага. Афіцэр па ўспышках засякаў агнявыя кропкі, пакуль куля не ўдарыла ў жывот.
Калі апрытомнеў, то зразумеў, што нясе яго да сваіх радавы Гур’ян, сам паранены. Качкар загадаў пакінуць яго і абавязкова даставіць камандаванню схему абароны праціўніка.
…На світанні нашы байцы пайшлі ў атаку. Камандзіра ўжо не было ў жывых.

Вуліца Чэрскага.

названа ў гонар І. Д. Чэрскага, знакамітага вучонага і даследчыка. Нарадзіўся ён у маёнтку Свольна, вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце. У красавіку 1863 года яго арыштавалі за ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага.
Трапіўшы радавым у Заходне-Сібірскі лінейны батальён у г. Омску, І. Д. Чэрскі заняўся геалагічнымі, палеанталагічнымі даследваннямі, пачаў вывучаць анатомію і заалогію.
З 1871 года працаваў у Сібірскім аддзяленні Геаграфічнага таварыства, здзейсніў шматлікія падарожжы ў Саянах, Прыангар’і, Прыбайкаллі. У 1885 годзе яго запрасілі ў Расійскую Акадэмію навук.
Больш дзесяці геаграфічных аб’ектаў Усходняй Сібіры носяць яго імя. У тым ліку горны хрыбет, горная сістэма працягласцю 1500 кіламетраў.
Памёр у чэрвені 1892 года ў час экспедыцыі па рацэ Калыма.

Вуліца Маскоўскага.

названа ў гонар маёра Міхаіла Сцяпанавіча Маскоўскага, ураджэнца Бранскай вобласці. Служыў у штабе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту. Спецыялізаваўся на арганізацыі проціпаветранай абароны, асабіста правяраў пазіцыі кожнай батарэі.
Вызначаўся выключнай храбрасцю, не губляў прысутнасці духу ў самых складаных абставінах. Характэрна, што яшчэ ў 1942 годзе, калі баявыя ўзнагароды шчодра не раздавалі, ён быў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга.
Загінуў пры вызваленні г. Дрыса ў ліпені 1944 года.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *