«Раёнка» ў маім жыцці

Актуально Общество

В. НЕМЯНЁНАК,
старэйшына вёскі Жыгулі

-Чакаю аўторак і пятніцу, як глыток свежага паветра, бо ў гэтыя дні прыходзіць мая любімая раённая газета. У пенсіянера даходы не надта вялікія і на многія выданні не хапае грошай, але «раёнку» выпісваю пры любых абставінах. Яна звязвае мяне з жыццём раёна, у ёй мне ўсё цікава — чытаю ад пачатку да канца. Самыя любімыя і доўгачаканыя матэрыялы — аб духоўнасці і краязнаўстве. Перачытваю іх па некалькі разоў, разважаю, узбагачаючыся душой. Люблю артыкулы, якія датычаць адукацыі: як былому педагогу, мне цікава, што сёння адбываецца ў школах, хто перамог на алімпіядах, якія мерапрыемствы праводзяцца. З задавальненнем чытаю замалёўкі аб людзях, асабліва калегах — ветэранах працы.
Ведаю, што і аднавяскоўцы любяць «раёнку» і выпісваюць яе. Калі нядаўна надрукавалі наш здымак з конкурсу па добраўпарадкаванні, хто толькі ні тэлефанаваў, каб павіншаваць!
А на выхадныя пакідаю «Дзвінскую праўду» для дзяцей. Яны прыязджаюць з Наваполацка і просяць пачытаць «раёнку» — для іх гэта крыніца навін з роднай зямлі.
Дзякую журналістам за вялікую працу, віншую з Днём друку і жадаю, каб «раёнка» павялічвалася ў памерах!
А. МІРОНАВА,
намеснік дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг

№ 206 філіяла № 214 ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк» у Верхнядзвінску
-Выпісваю «Дзвінскую праўду» на працягу 10 гадоў і лічу яе лепшай крыніцай інфармацыі аб жыцці раёна. З газеты можна пачэрпнуць навіны, прачытаць аб рабоце ўлады, аб людзях і працоўных здабытках, знайсці карысныя парады і аб’явы. Вітаю, што з’явілася старонка «Ваша здароўе» — гэта тэма мяне і маіх знаёмых цікавіць асабліва. Запатрабаванай павінна быць і новая рубрыка «Нашы ветэраны» — думаю, што і наш калектыў такім чынам ушануе сваіх заслужаных працаўнікоў. З задавальненнем чытаю падборку «Коратка аб розным» і магу параіць яе іншым чытачам. У ёй вельмі кампактна і вычарпальна сабрана ўся самая галоўная і цікавая інфармацыя з жыцця краіны, вобласці і свету. Не трэба губляць час на прагляд многіх выданняў і інтэрнэту — усё адсартавана журналістамі.
Як старшыня грамадскай раённай арганізацыі жанчын хачу пажадаць, каб больш увагі газета ўдзяляла ролі жанчыны ў развіцці грамадства, інстытуту сям’і, выхаванню дзяцей. Гэта непасрэдна ўплывае на вельмі важную сёння дэмаграфічную праблему, якую трэба вырашаць. І яшчэ ў мяне асабістая просьба: мне вельмі падабаецца раённы хор ветэранаў. Напішыце, калі ласка, аб гэтым калектыве, яго кіраўніках і ўдзельніках падрабязней.
З прафесійным святам!
Т. СЫРАВАТНІКАВА,
начальнік аддзела культуры райвыканкама

-Газету выпісваю пастаянна — знаходжу на яе старонках шмат цікавых для сябе тэм. Вельмі здорава, што ёсць інтэрнэт-версія газеты — такім чынам яна стала больш даступнай шырокаму колу чытачоў, моладзі. Ёсць магчымасць не толькі пачытаць газету ў сеціве, але і пазнаёміцца з каментарыямі, выказаць свае адносіны да той ці іншай тэмы. Сайт газеты актыўна дзейнічае: матэрыял пастаянна абнаўляецца, не затухае форум. Многае з пажаданняў выкарыстоўваем у рабоце. Хацелася б, каб на сайце з’явілася, свайго роду, Дошка аб’яў, каб можна было дзяліцца сваёй інфармацыяй і даваць анонс падзей.
Жадаю газеце больш увагі ўдзяляць асвятленню праблемы гісторыка-культурнай спадчыны — гэта вельмі важная тэма для нашага багатага адметнымі падзеямі краю.
А. ДУМАРОНАК,
пераможца конкурсу сярод падпісчыкаў

-«Дзвінская праўда» — любімая газета ўсёй нашай сям’і. Чытаем яе ад радка да радка: і муж, і я, і сын з дачкой. Уся інфармацыя тут карысная і цікавая, не ўяўляю, як можна абыходзіцца без яе — гэта ж усё жыццё раёна!
Ёсць у мяне і «свой інтарэс»: дачка танцуе ў «Ляльках», спявае, выступае на канцэртах. Вельмі прыемна ўбачыць здымкі і матэрыялы з яе ўдзелам на старонках газеты. Увогуле, гэта выдатна, што ёсць выданне, героямі якога з’яўляемся мы самі.
Выпісваю газету адразу на паўгоддзе — гэта больш зручна. А нядаўна з’явіўся яшчэ і конкурс для такіх падпісчыкаў. Дачка занесла квітанцыю ў рэдакцыю, і мы выйгралі прыз. Прыемна — будзем удзельнічаць у конкурсе і далей.
Запісала С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *