Ад Віцебска да Берліна

Актуально Общество

Партызанскі атрад Міная Шмырова, I Беларускі фронт маршала Жукава, штурм Берліна. Гэта — баявыя дарогі нашага земляка Міхаіла Аляксандравіча Бухавецкага.

Міхаіл Аляксандравіч паказвае, што ў маладосці быў бравым хлопцам, але і сёння не губляе аптымізму.

 

Ветэран корпаецца ў гародчыку — зграбае рэшткі лісця і галінак, прыбірае сад. У гэтым месяцы яму споўніцца 90, але ён не губляе рухавасці і працавітасці, ніколі не паддаецца ляноце. А памяць, як празрыстае шкельца, праз якое ён і сёння так выразна бачыць мінулае. Хто перажыў вайну, можа забыць учарашні дзень, але ніколі не сатрэ з успамінаў тыя жахлівыя, нацятыя да болю гады паміж жыццём і смерцю.
Для Міхаіла Аляксандравіча вайна пачалася зусім не гераічна — палонам. Іх сям’я жыла ў Барсуках Жоўнінскага сельсавета — маці і пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і «паскрэбак» Міхаіл. Бацька даўно памёр, і сын быў адзіным мужчынам у доме. З малых гадоў працаваў у калгасе, цяслярыў. Падчас мабілізацыі яму не хапіла гадоў, каб трапіць на фронт. Разам з сябрамі вырашыў ісці ў партызаны. Умовай уступлення ў атрад была зброя, якую належыла раздабыць за лініяй фронту. З групай такіх жа, як сам, добраахвотнікаў дайшоў да Суража. А там іх акружылі паліцаі, пагрузілі ў вагоны і прывезлі ў лагер у Віцебск. Палонных ганялі на работы — Міхаіл з іншымі хлопцамі грузіў дровы. Час ад часу групы моладзі адпраўлялі ў Германію.
Падгаварыў надзейнага напарніка да ўцёкаў. Падгадалі момант, калі канваіры адцягнулі ўвагу, і скаціліся ў бліжэйшыя кусты. Стрэлы пачулі, калі былі ў добрым кіламетры ад лесасекі. Доўга ішлі па беразе Дзвіны, пакуль у прыцемках не натыкнуліся на вёску. Ім пашанцавала: у адной з хат старавераў уцекачоў накармілі, а затым бабуля давяла іх аж да самога партызанскага стану. Так у лістападзе 1942 года Міхаіл Бухавецкі стаў аўтаматчыкам партызанскага атрада Дзіка. Затым амаль год партызаніў у вядомай брыгадзе Міная Шмырова. Выконваў заданні на чыгунцы, адбіваў палонных, удзельнічаў у баявых аперацыях.
А як толькі напрыканцы 1943 года падыйшла лінія фронту, ён стаў палкавым разведчыкам 124-га стралковага палка 334-й стралковай дывізіі. Адразу ж вызначыўся — за ўзяцце каштоўнага «языка» Міхаіла ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Але праз тры месяцы ў баях пад Віцебскам быў паранены і трапіў у эвакашпіталь у Омск.
Пасля паўгадавога лячэння маладога воіна збіраліся накіраваць у маршавы полк. Але не ставала курсантаў танкавай школы. І хлопца з важкай тады адукацыяй у 6 класаў накіравалі ў вучэбны танкавы полк. Праз чатыры месяцы выпускнікоў разам з танкамі пагрузілі ў вагоны. На цёмна-зялёнай брані машын белай фарбай было выведзена: «На Берлін!».
Высадзіліся пад Кракавам. Адтуль у складзе 55-га танкавага палка Міхаіл Бухавецкі ішоў праз Браціславу, на Берлін. Тактыка наступлення была простай: фрыцаў акружалі і бралі ў палон. Яны здаваліся амаль што без бою. Але за сваю галоўную цытадэль спрабавалі зачапіцца: баі ішлі за кожную вуліцу. Спыніць націск савецкіх войскаў было немагчыма — Берлін быў павержаны. Міхаілу Аляксандравічу не ўдалося распісацца на рэйхстагу, але Дзень Перамогі ён сустрэў там, у самай гушчыні падзей.
Ачысціўшы берлінскія вуліцы ад фашыстаў, іх полк рушыў на Прагу, дзе для Міхаіла Бухавецкага і скончылася вайна. Але служыў яшчэ да 1947 года ў Аўстрыі і Германіі. За баявыя дзеянні ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За ўзяцце Прагі», «За перамогу над Германіяй».
Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Аляксандравіч, як сам жартуе, «бягом вярнуўся на Радзіму». І тут заняўся самай неадкладнай на той час справай: адбудоўваў зруйнаванае вайной жыллё. Доўгі час працаваў у будаўнічых арганізацыях раёна — МПМК-21, ПМК-101. Многія жыхары раёна і сёння карыстаюцца вокнамі і дзвярыма, зробленымі рукамі вопытнага цесляра. Стварыў сваю сям’ю, выгадаваў дачку і дваіх сыноў. Адзін з іх, Віктар, абраў прафесію ваеннага, 25 гадоў адслужыў у арміі.
Сёння ў Міхаіла Аляксандравіча пяцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Ён жыве на ціхай вулачцы Гейжанава з дачкой Тамарай, якая даглядае бацьку. У доме і на падворку ўтульна і чыста. Да ветэрана наведваюцца дзеці — і свае, і школьнікі, Міхаіл Аляксандравіч не губляе інтарэсу да жыцця, глядзіць тэлевізар, у курсе ўсіх падзей.
Сакрэт гэтай жыццёвай учэпістасці просты: ён заўсёды быў патрэбным гэтай зямлі — змагаўся за мір для яе, будаваў, працягваў свой род. Вось і трымае яна яго ў страі, як свайго вернага сына.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.

 



7 комментариев по теме “Ад Віцебска да Берліна

  1. С Великим праздником Великой Победы! Здоровья и мира на земле! Давайте помнить и знать о своих героических дедах, уважать память нашего народа!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *