30 мая ў школах прагучыць апошні званок

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

30 мая ў школах раёна, дзе навучаецца 2280 вучняў, прагучыць апошні званок.

Для 144 юнакоў і дзяўчат, якія заканчваюць 11 клас, свята апошняга школьнага званка асабліва хвалюючае. Наперадзе — дарога ў самастойнае жыццё. Але перш трэба вытрымаць выпускныя экзамены. Сёлета ў якасці абавязковых замест ранейшых трох прадметаў вызначаны чатыры. Адзін, як звычайна, па выбару вучня. Трэба будзе прадэманстраваць атрыманыя веды па матэматыцы і беларускай ці рускай мовах.
-Упершыню ўводзіцца яшчэ абавязковы экзамен па замежнай мове, — паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама В. Л. Фесіна. — Гэта сведчыць аб асаблівай значнасці гэтага прадмета пры далейшым навучанні выпускнікоў.
Трэба зазначыць, што ў нашых сярэдніх школах выкладанне замежных моў вядзецца на належным узроўні. Хапае кваліфікаваных выкладчыкаў. Ды і ў тэхнічным плане кабінеты добра аснашчаны. Будзем чакаць высокіх балаў на экзамене.
Мяркуецца, што на выпускных іспытах пацвердзяць свае грунтоўныя веды дзевяць выпускнікоў, якія прэтэндуюць на атрыманне медалёў. Гэта шэсць гімназістаў і па аднаму прадстаўніку з Асвейскай, Бігосаўскай і Боркавіцкай СШ.
За асаблівыя поспехі пры вывучэнні асобных прадметаў пахвальныя лісты атрымаюць 38 выпускнікоў, якія ў 10 і 11 класах займаліся на 6-10 балаў.
Як паказвае практыка мінулых гадоў, усе выпускнікі сярэдніх школ становяцца абітурыентамі. Але для гэтага патрэбна важкая падрыхтоўка. Сёлета стаць студэнтам будзе яшчэ складаней, бо ВНУ павялічылі прахадныя балы па тэсціраванні.
Не лішне нагадаць сферы прафесійных інтарэсаў для нашага раёна. Ён мае патрэбу ў спецыялістах сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніках, медработніках, педагогах. Жадаючым прапаноўваюцца мэтавыя накіраванні.
Базавую школу сёлета закончылі 250 вучняў. З іх шасцёра маюць усе падставы атрымаць пасведчанні аб базавай адукацыі асобага ўзору. Гэта — патэнцыяльныя медалісты. Звычайна 60% выпускнікоў базавай школы працягваюць навучанне. Сёлета ім належыць здаць тры пісьмовыя экзамены — па матэматыцы, рускай і беларускай мовах і вусны — па гісторыі Беларусі.
Пажадаем усім выпускнікам паспяховай здачы экзаменаў і запамінальных выпускных баляў, якія пройдуць 10 чэрвеня.
Л. ФЁДАРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *