У Бігосаве — бібліятэка імя Эдуарда Зубрыцкага

Актуально Наш край

У Бігосаўскім Доме культуры адбылася значная ў жыцці ўсяго раёна падзея — мясцовай бібліятэцы прысвоена імя паэта Эдуарда Зубрыцкага. Вечарына «Я па жыцці іду паэтам», прысвечаная 75-й гадавіне з дня нараджэння паэта, прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы.

Гасцямі сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, начальнік аддзела культуры райвыканкама Т. В. Сыраватнікава, дэпутат абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, генеральны дырэктар ААТ «Інвет» С. М. Грамадка, старшыня Бігосаўскага сельвыканкама У. С. Ходас, дзеці Эдуарда Зубрыцкага і малодшы брат Леанід Іосіфавіч.

Л. Зубрыцкі, В. Рудой, І. Зубрыцкі, А. Бубала, А. Крывалевіч, Л. Жарнасек і ўнук паэта Ілля.

Аб жыццёвым і творчым шляху паэта прысутным нагадала дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі А. К. Гендзік.
Нарадзіўся будучы паэт у 1942 годзе ў Докшыцкім раёне у в. Шклянцы, дзе закончыў пачатковую школу. Сярэдняя была ў суседняй вёсцы Бярозкі. Пасля дзесяцігодкі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У гэты час пачынаецца яго актыўная паэтычная дзейнасць. Першы верш быў надрукаваны ў 1960 годзе ў Бягомльскай раённай газеце «Савецкі патрыёт», наступныя — у часопісе «Маладосць».
Пасля заканчэння універсітэта Эдуард прыязджае па накіраванні ў Асвею настаўнікам, потым яго запрашаюць у рэдакцыю «Дзвінскай праўды». З 2001 года пачынаецца новы ўсплёск яго творчасці. Выходзяць зборнікі «Птушка з водгукам заранкі», «Журлівіца», «След чмяля», «Прычашчэнне», «Суэма».
З 2005 года Эдуард — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2008 годзе ў выдавецтве «Беларускі Дом друку» выйшла кніжка «Восень над вогнішчам», у якую ўвайшло ўсё самае лепшае на думку паэта. На жаль, самому аўтару яе пабачыць не давялося….
Прысваенне бібліятэцы імя Э. Зубрыцкага — падзея знакавая і невыпадковая ў культурным жыцці нашага раёна.
Трымаючы слова, брат паэта Леанід падзяліўся ўспамінамі аб дзяцінстве. Ён расказаў аб ваенных гадах, калі для іх сям’і існавала рэальная пагроза быць спаленымі карнікамі. Аднак лёс вырашыў інакш, захаваўшы жыццё будучаму паэту. Галодныя пасляваенныя гады, цяжкая праца з самага маленства, усяго хапіла поўнай мерай. Аднак нішто не перапыніла нястрымнае жаданне падлетка складаць вершы.
Выступаючы адзначыў, што другой малой радзімай Эдуарда стаў Верхнядзвінскі край. Тут ён пражыў большую і лепшую частку жыцця, выгадаваў з жонкай дзяцей. Тут узмужнеў яго талент, тут ён чэрпаў натхненне, рыхтаваў зборнікі вершаў.
Ад сябе і брата Станіслава Леанід выказаў словы падзякі мясцовай уладзе за вялікую ўвагу да памяці Эдуарда, за тое, што робіцца для яе ўвекавечання.
Вершы паэта прагучалі ў выкананні вучняў Бігосаўскай сярэдняй школы Юліі Іжык і Валерыя Малага.
Любоў Уладзіміраўна Жарнасек, загадчык бібліятэкі, нагадала, што ў гэтым годзе ўстанове споўніцца 88 гадоў, а пачыналася яе гісторыя са звычайнай хаты-чытальні. Кніжны фонд тады налічваў 200 экземпляраў. Сёння асноўны напрамак дзейнасці — экалагічны, пры бібліятэцы дзейнічае дзіцячы экалагічны гурток «Званочак». Трэці дзесятак гадоў існуе клуб па інтарэсах «Сябровачка» — для сталых чытачоў, які яшчэ ў 1991 годзе стварыла Л. У. Жарнасек.
Ганаровым госцем мерапрыемства стала загадчык Бігосаўскай бібліятэкі з 61-года Тамара Мікалаеўна Гендзік, якая прысвяціла ёй 43 гады.
У выкананні настаўнікаў музычнай школы пад акампанемент дырэктара І. А. Новіка гучалі песні на словы Э. Зубрыцкага.
Успамінамі аб паэце падзяліліся яго сябры па пяру А. Ф. Бубала, член Саюза пісьменнікаў Беларусі В. І. Рудой. На нашай зямлі шмат таленавітых людзей, на прыкладах якіх мы павінны вучыць падрастаючае пакаленне.
Эдуард Зубрыцкі напісаў верш-гімн Верхнядзвінску, які паклаў на музыку былы выкладчык музыкі сярэдняй школы №2, самадзейны кампазітар А. П. Міронаў. Вынікам іх сумеснай працы з’яўляецца некалькі песень.
Сын Эдуарда Зубрыцкага Ігар падараваў усім прысутным зборнікі бацькоўскіх вершаў.
А каб мерапрыемства захавалася ў памяці і сэрцах бігосаўцаў, цудоўным завяршэннем мерапрыемства стала выступленне заслужанага аматарскага тэатра «Пілігрым» з пастаноўкай «Рагнеда». У фае Дома культуры была разгорнута выстава работ дзіцячай школы мастацтваў, падрыхтаваная спецыяльна да вечарыны.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



1 комментарий по теме “У Бігосаве — бібліятэка імя Эдуарда Зубрыцкага

  1. Хочется внести некоторые поправки — 75-ю годовщину со дня рождения поэта наша библиотека будет отмечать немного позже (Эдуард Зубрицкий родился в 1942 году). Ещё, клуб по интересам «Сябровачка» в 1991 году основала Любовь Ивановна Жерносек, а не Любовь Владимировна Жерносек. Я работаю в библиотеке только с 1997 года,поэтому наш клуб — это заслуга Любови Ивановны,а не моя. Ну, и ещё раз слова благодарности за помощь директору Бигосовской муз. школы Игорю Алексеевичу НОВИКОВУ.
    Спасибо за статью.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *