У клубе цікавых сустрэч

Актуально Общество

Днямі сваё дваццацігоддзе адзначыў клуб цікавых сустрэч.

Першы дырэктар клуба В. І. Крук.

Узнікла гэта творчая суполка на аснове створанага яшчэ ў 80-я гады клуба цікавых людзей, які аб’ядноўваў мясцовых літаратараў, вынаходнікаў, краязнаўцаў і іншых неардынарных асоб. У новай якасці клуб даваў магчымасць не толькі аб’ядноўваць творцаў, але і запрашаць у госці вядомых прадстаўнікоў літаратуры, мастацтва, навукі, іншых сфер. У 1993 годзе клуб цікавых сустрэч пачаў сваю дзейнасць пры раённай бібліятэцы. Узначаліла яго тагачасны дырэктар бібліятэкі Валянціна Іосіфаўна Крук. Яна здолела захапіць праектам усю творчую інтэлігенцыю раёна. У клубе не толькі праводзіліся цікавыя сустрэчы, але адзначаліся разнастайныя даты, ладзіліся культурныя мерапрыемствы, арганізоўваліся вандроўкі. Дзякуючы сумеснай рабоце, былі адноўлены культурныя брэнды Верхнядзвіншчыны, выдадзены кнігі, сабраны багаты краязнаўчы матэрыял. У клуба з’явіліся сельскія адгалінаванні: «Белыя вароны», «Сарокі», клубы пры СДК — яго парасткі.

(Злева направа): актывісты клуба П. П. Квяцінскі, А. Ф. Бубала, А. І. Мядзюта і новы кіраўнік В. В. Болбат.

У розны час клуб узначальвалі Л. В. Гагалінская, Т. Б. Зуева, Л. А. Куўшынава. Былі ў яго, як і ў кожнага аб’яднання, часы ўзлётаў і зацішша. Але аб’яднанне творчай інтэлігенцыі і праз 20 гадоў захоўвае жыццядзейнасць. Нядаўна ролю арганізатара разам з Лідзіяй Куўшынавай узяла на сябе Валянціна Болбат — верхнядзвінскія творцы спадзяюцца, што КЦС атрымае новы творчы імпульс.
На дваццацігадовы юбілей клуба, які праходзіў у РДК, былі запрошаны яго першы дырэктар В. У. Крук, культработнік В. М. Ушак, клуб «Ветэран», сённяшнія ўдзельнікі творчай суполкі. У цёплай атмасферы, якая ўласціва такім святам, успомнілі былых актывістаў клуба, якія пайшлі ўжо з жыцця, колішнія і сённяшнія мерапрыемствы, павіншавалі юбіляраў і далі слова кожнаму госцю. Пад шчырыя апладысменты гучалі песні групы «Праект» і салістаў з ліку ўдзельнікаў клуба, вершы Антона Бубалы і Чаславы Петрашкевіч. Адбылася і прэзентацыя зборніка вершаў паэтэсы «Я — чайка!».
Юбілей прайшоў душэўна і кранаюча — як заўсёды, калі разам збіраюцца творчыя людзі. З такіх мерапрыемстваў яны і чэрпаюць нахтненне для новых ідэй і сустрэч. А іх, упэўнены члены клуба, наперадзе нямала.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *