Крыніца жыцця


Як паведаміла метадыст раённага аддзела адукацыі Н. С. Кісляк, у школах раёна прайшоў чарговы этап конкурсу сачыненняў. На гэты раз была вызначана тэма «Напішыце пісьмо аб тым, чаму вада з’яўляецца каштоўнай крыніцай». Прапаноўваем увазе чытачоў вытрымкі з сачыненняў.


Руслан СКРЫПКО, вучань Сенькаўскай базавай школы-сада.
Уявіце сабе, што вы сядзіце на беразе прыгожага возера. Ціхі цёплы ветрык абвявае ваш твар. Невялікія хвалі набягаюць на бераг і няспешна адыходзяць назад. У чаратах, як маланка, блісканула рыбіна, пачуўся лёгкі ўсплеск. Вы бачыце сонечны праменьчык, які пераскоквае з хвалі на хвалю, чуеце крыкі чаек, непаўторны пах вады, водарасцей.
Лета… Раніца… Першы сонечны праменьчык нясмела паказваецца з-за небакраю… I раптам уся сакавітая, мурожная зеляніна пачынае іскрыцца, блішчаць, пералівацца — гэта кропелькі расы, а яшчэ іх называюць «слёзы зямлі», пачынаюць зіхацець на сонцы. Усё жывое ў такую раніцу амылася крышталём і стала яшчэ дужэй і прыгажэй.
Зіма… Сонца, моцны мароз і іней… Іней на дрэвах, на дроце, на слупах. Белыя, пульхныя, лёгкія сняжынкі апускаюцца на срэбную коўдру, якой пакрыта ўсё наўкол. Быццам у казцы, у нейкім дзівосным палацы суровага Дзеда Мароза. Прыгажосць, аж дух захоплівае! I ўсё гэта ізноў — вада.
А зараз уявіце сабе, што, не дай Божа, сонечная бура прайшлася па нашай планеце. Згіне ўсё жывое: зямля спячэцца, быццам яблык, загінуць жывёлы, птушкі, дрэвы, расліны і мы з вамі, людзі. Задумайцеся!… Што будзе значыць у той момант для кожнага з нас хоць кропля вады. Ніякія грошы нам тады не дапамогуць, а толькі яна -гэта жывая, каштоўная вада. Нездарма з даўніх часоў на Зямлі існавалі святыя крыніцы. Я даўно ведаў, што ў нашай мясцовасці, на Генеўскай гары, існуе крынічка. Туды часта заходзілі ў спякотны дзень падарожнікі напіцца гаючай, халоднай, крыштальнай вады.
Дык вось вам і адказ на пытанне, чаму вада з’яўляецца каштоўнай крыніцай. І вось чаму яе трэба берагчы.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *