Дайсцi да кожнага

Актуально Человек Общество Закон

Што работа ў міліцыянераў клопатная — агульнавядома: ні святаў, ні выхадных, бо ў любы час могуць выклікаць на службу, ды і звычайны рабочы дзень часта выдаецца ненарміраваным. Ёсць катэгорыя супрацоўнікаў, якіх усё сказанае датычыцца ў асаблівай ступені. Гэта — участковыя інспектары. Вось ужо, сапраўды, служба дні і ночы.


Лейтэнант міліцыі Дзмітрый Барадулькін — адзін з іх. Поле яго дзейнасці — тэрыторыя Валынецкага сельсавета, дзе знаходзяцца дзве гаспадаркі: ААТ «Прудзінкі» і «Антонава-Агра», а яшчэ Валынецкая ПМС. Участак не большы і не меншы, чым іншыя, вызначаецца хіба тым, што вёсак аддаленых ад цэнтральнай сядзібы многа. Паспрабуй да Казуліна ці Дадзек дабярыся… Аўтамашына «Жыгулі», некалі выдзеленая ўчастковаму адміністрацыяй ААТ «Прудзінкі», у апошні час больш рамантуецца, чым ездзіць. Балазе, у цёплую пару матацыкл выручае. А сёлетняй зімой адзіны транспарт — папутныя машыны. Тым не менш, участковы — часты госць ва ўсіх вёсках.
Лейтэнант Барадулькін лічыць, што галоўнае ў рабоце ўчастковага інспектара — прафілактыка правапарушэнняў. Ён абапіраецца ў сваёй дзейнасці на людзей, наладзіў дзелавыя кантакты з адміністрацыямі гаспадарак і прадпрыемстваў, школ, са старшынёй сельскага Савета Надзеяй Пятроўнай Ліпоўскай.
Работы хапае. Як-ніяк, на ўчастку жыве каля 2000 чалавек. І не ўсе, скажам так, законапаслухмяныя. Выпівох хапае. Неблаганадзейныя сем’і ёсць, у якіх малыя дзеці беспрытульныя, а старэйшыя па крывой сцежцы бацькоў гатовы ісці. Сямейных скандалістаў нямала. Ёсць асобы, якія самагонаварэннем грашаць. Юнакі, здараецца, хуліганяць. Жывуць на ўчастку прыбыўшыя з месц зняволення, ёсць умоўна асуджаныя, усяго звыш 30 асоб, за якімі вока ды вока патрэбна.
Хто чаго варты — лейтэнант Барадулькін ведае беспамылкова. Праблемных цягне са злачыннай багны. Рабочы ААТ «Антонава-Агра» Андрэй Ш. асуджаны да выпраўленчых работ, бяскрыўдны, слабавольны, часта ідзе на паваду ў сябрукоў-выпівох, а ўчастковага пабойваецца, паважае. Абяцае выправіцца.
Хоць на ўчастку не зарэгістравана ніводнага злачынства, да поўнага парадку далёка, — сцвярджае Дзмітрый Барадулькін. Таму стараецца дайсці да кожнага жыхара. Лічыць, што не толькі правапарушэнні, але ўсе праблемы, нястачы людзей павінны быць у полі зроку ўчастковага. У дамах вяскоўцаў ён жаданы чалавек.
Але ў далейшым будзе тут з’яўляцца толькі па службовых справах. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, участковы інспектар Д. Барадулькін атрымаў павышэнне: прызначаны намеснікам начальніка аддзела аховы грамадскага парадку Верхнядзвінскага РАУС. А па выніках работы за 2012 год яшчэ як участковы ўзнагароджаны Граматай упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Віншуем!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *