Юбілей у вартаўнікоў прыроды

Актуально Общество

Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь спаўняецца дзесяць гадоў.
З гэтай нагоды гутарым з начальнікам Верхнядзвінскай МРІ АЖ і РС Ю. У. АПЕНЧАНКА.

А. Дзенісёнак, Ю. Апенчанка, У. Ганчаронак, М. Гаршкоў, В. Шандзяла (злева направа).

-Уласна кажучы, — адзначае Юрый Уладзіміравіч, — сваю гісторыю Дзяржінспекцыя вядзе з 1921 года, калі Пастановай Савета Народных Камісараў БССР быў створаны аддзел рыбаводства і рыбалоўства пры Наркамземе. У далейшым арганізацыя мяняла назву і падпарадкоўвалася розным міністэрствам і ведамствам, захоўваючы свае функцыі.
27 студзеня 2003 года Указам Галавы дзяржавы на базе дэпартамента рыбных рэсурсаў і паляўнічых відаў жывёлін створана Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Задача гэтага дзяржаўнага органа — кантроль за аховай і выкарыстаннем дзікіх жывёлін, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, дрэва-кустарнікавай расліннасці і іншых дзікарастучых раслін, ляснога фонду, земляў пад дзікарастучай дрэва-кустарнікавай расліннасцю (насаджэнняў), забеспячэннем рыбаводнымі арганізацыямі захаванасці рыбы ў сажалках гэтых арганізацый.
Ажыццяўляецца таксама кантроль за выкананнем законаў, рашэнняў Прэзідэнта і іншых дзяржорганаў, рэгулюючых адносіны і выкарыстанне аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету, земляў.
-Аб’ём работы, як відаць, вялікі?
-Тым больш, што ў зоне абслугоўвання нашай інспекцыі два раёны — Верхнядзвінскі і Расонскі. Агульная пло-шча паляўнічых угоддзяў складае 348 тысяч гектараў, тут жа знаходзіцца каля 220 вялікіх і малых азёр, 20 рэк рознай працягласці.
Толькі за мінулы год мы правялі 170 рэйдаў, выяўлены 252 парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку 122 — Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, 21 парушэнне Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, 50 парушэнняў Правілаў лесакарыстання і 59 іншых парушэнняў.
-І што ў выніку?
-Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 231 чалавек. У правапарушальнікаў канфіскавана 13 адзінак агнястрэльнай зброі (5 з іх незарэгістравана), 83 іншыя прылады палявання, 220 рыбалоўных сетак працягласцю 16 кіламетраў, 40 забароненых прылад лоўлі, а таксама 433 кілаграмы незаконна здабытай рыбы і 1547 кілаграмаў дзічыны. Штрафныя санкцыі склалі 105 млн рублёў, прад’яўлена шкоды на 118 мільёнаў.
Было ўзбуджана 20 крымінальных спраў.
-Пэўна, у барацьбе з браканьерамі вам дапамагаюць іншыя арганізацыі?
-А як жа! Цесна супрацоўнічаем з міліцыяй, грамадскасцю. За мінулы год на тэлефон «гарачай лініі» інспекцыі паступіла ад мясцовых жыхароў 14 паведамленняў аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства. І лепшы паказчык нашай сумеснай дзейнасці — захаванне і павелічэнне колькасці дзікіх жывёлін у лясах, рыбы ў азёрах і рэках, усіх прыродных багаццяў.
-Два раёны — ці не мнагавата для вашага невялікага калектыву?
-Спраўляемся. Тон задаюць мой намеснік Аляксандр Уладзіміравіч Дзенісёнак, дзяржінспектары Вадзім Анатольевіч Шандзяла, Уладзімір Анатольевіч Ганчаронак. Заўсёды гатовы адправіцца ў дарогу вадзіцель службовай машыны Мікалай Мікалаевіч Гаршкоў. На высокім узроўні вядзе справаводства Наталля Уладзіміраўна Лагуценкава. Добрасумленна выконвае сваю работу дзяжурная служба — В. І. Казлова, М. У. Рудніцкі, А. М. Савёнак, А. М. Белазор. (Дарэчы, сам Ю. У. Апенчанка працуе ў сістэме аховы прыродных багаццяў 17 год — рэд.).
Карыстаючыся выпадкам, хачу ўспомніць добрым словам нашых былых калег, якія ў розныя часы працавалі ў інспекцыі. Гэта — В. І. Рудой, В. К. Кульваноўскі, В. К. Булаўскі, А. Н. Лямніцкі, В. Н. Яскевіч, Г. І. Тупалеў, А. А. Шульга, А. О. Шастакевіч.
Віншую ўсіх з дзесяцігоддзем Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у нялёгкай, але высакароднай працы.
М. КАТКОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *