У Каханавіцкай іардані

Актуально Жизнь сельских Советов

Сёлетнія калядныя маразы, здавалася, пазбавяць імпэту аматараў зімовага купання.

Дык жа не — маржы, наадварот, актыўна заварушыліся і зладзілі свае святы здароўя адразу ў некалькіх мясцінах. У сяброў народнага клуба «Белыя вароны» аб’явілася нямала канкурэнтаў. Аднак у прызначаны час каля азярыны ў Каханавіцкім парку ўжо было людна, гарэла вогнішча, у нецярпенні пабачыць экзатычнае відовішча тапталіся апранутыя ў дублёнкі ды абутыя ў валёнкі мясцовыя жыхары. Старшыня сельскага Савета В.Ярмоленка на гэты раз вырашыў даць больш месца ў палонцы маладой змене, а сам заняўся клопатамі пра стварэнне камфорту для аматараў саграваць ледзяную ваду ўласнымі целамі. Дзеля гэтага, акрамя кастра, на беразе стаяла машына-«будка», дзе можна было пераапрануцца і з яе ж дапамогай пасля купання аператыўна апынуцца ў клубнай лазні.
У чарзе да іардані ў форме прыгожага крыжа, у самой палонцы, на слізкім лёдзе, у пульхным снезе і ў вясёлых брыльянцістых пырсках былі заўважаны галоўны інжынер, галоўны урач і некаторыя «негалоўныя» спецыялісты гаспадаркі, «архітэктар» іардані Міхаіл Гушчык з васьмігадовым сынам Жэнікам, трое настаўнікаў з СШ№1 райцэнтра, бывалыя маржы з «белых варон» Аляксандр і Станіслаў, іх юныя паслядоўнікі-дэбютанты Аляксей, Дзяніс і Максім. Нялёгка было злавіць у аб’ектыў як заўсёды энергічнага іх важака, завадатара цікавых спраў П.Квяцінскага.
Свята завяршылася лазняй, гутаркай, вершамі і жартамі ў сяброўскім застоллі.
А.Бубала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *