Дзед Мароз на ферме

Актуально Жизнь сельских Советов

Добрай традыцыяй у КУВСП «Асвейскі» стала віншаванне з навагоднімі святамі працаўнікоў непасрэдна на рабочых месцах.


Выхадных у сялян, як вядома, амаль не бывае — і ў нядзелю, і ў святы буронкі павінны быць падоены, а цяляткі напоены. Вось і вырашыла кіраўніцтва гаспадаркі: калі людзі ў такі час працуюць, то трэба сустракаць святы з імі разам. На фермы накіраваліся дырэктар гаспадаркі М. П. Мартынаў, старшыня прафкама Л. В. Русак, спецыялісты жывёлагадоўчай галіны і работнікі мясцовых устаноў культуры. Яны павіншавалі жывёлаводаў са святам, уручылі падарункі, пагаварылі аб здабытках і планах на будучае.


Атрымаўся своеасаблівы святочны дзень жывёлавода, які ўзняў настрой людзям і падкрэсліў значнасць іх працы.
Увайшлі ў новы год асвейцы ўпэўнена. Жывёлаводам удалося не толькі захаваць, але і павялічыць статак да 6205 галоў супраць 6112 пазалеташніх. Валававая вытворчасць прадукцыі склала 106%, а рэалізацыя — 116%. Парададзена 708 тон БРЖ сярэднездатачнай вагой галавы 477 кг (+12 кг да папярэдняга года). Прывагі на дарошчванні складаюць 809 грамаў, на адкорме — 892.
У Год беражлівасці немалаважным фактарам з’яўляецца скарачэнне затрат па вытворчасці прадукцыі. Асвейцы зменшылі расход кармавых адзінак на цэнтнер прываг з 7,3 да 6,9, павялічылі пры гэтым якасць і таварнасць мяса і малака. Увогуле, рацыянальнае гаспадаранне выходзіць у рабоце на першы план. Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі М. П. Мартынаў, раней клапаціліся аб тым, каб проста накарміць жывёлу, а сёння — збалансаваць кармы так, каб пры найменшых затратах пагалоўе атрымлівала ўсе неабходныя харчовыя рэчывы. З гэтай мэтай павялічылі да 1000 гектараў плошчы пад рапс, забяспечылі неабходныя аб’ёмы бабовых і кукурузы. З кожным годам растуць ураджаі збожжавых — летась праблемная на ўрадлівасць асвейская зямля дала адзін з лепшых у раёне намалотаў.
Яшчэ адзін вызначальны напрамак дзейнасці — мадэрнізацыя жывёлагадоўчых памяшканняў. Ідзе рэканструкцыя Асвейскай фермы, дзе з’явіцца даільная зала на 600 галоў, у перспектыве — абнаўленне ферм у Сенькаве, Відоках і Канчанах. Ужо ў гэтым годзе запланавана правесці рэканструкцыю цялятніка на Асвейскім комплексе. Мадэрнізацыя дазволіць укараніць сучасныя тэхналогіі вытворчасці прадукцыі і вырашыць кадравую праблему ў галіне.
Істотна палепшацца і ўмовы працы жывёлаводаў. На фермах ужо абсталяваны пакоі адпачынку, дзе напярэдадні святаў з’явіліся навагоднія ёлачкі. А ў далейшым тут будуць сучасныя памяшканні з цёплымі санвузламі.
-Калі людзі бачаць уважлівыя адносіны да сябе, — адзначае дырэктар, — то і працуюць з адпаведным настроем. За час святаў у нас не было вытворчых зрываў і істотных парушэнняў дысцыпліны. Людзі настроены на прадукцыйную працу і адпаведны заробак. Яшчэ раз віншую калектыў з Новым годам і Ражаством — няхай усе планы здзейсняцца.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *