Агульны клопат

Молодёжная страница "Ветразь"

Нашай Галубаўскай базавай школе вельмі пашанцавала з шэфамі. Адкрытае акцыянернае таварыства «Сакалоўшчына» — гэта гаспадарка, для якой школа з’яўляецца своеасаблівым структурным падраздзяленнем.

Гаспадарка, якую ўжо колькі гадоў узначальвае Уладзімір Уладзіміравіч Корсун, не той маленькі калгас з прыгожай назвай «Юны свет», які быў некалі. Яна аб’ядноўвае землі і вытворчыя падраздзяленні трох былых калгасаў. Вялікая тэрыторыя, вялікая патрэба ў людзях. Кіраўніцтва разумее, што будучых працаўнікоў трэба рыхтаваць з ранніх гадоў, гэта значыць, са школы.
Таму і надаецца тут вялікая ўвага прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі і, у першую чаргу, з выпускным 9-м класам. Спецыялісты гаспадаркі часта завітваюць у школу. Вось і напярэдадні навагодніх святаў адбылася сустрэча дзевяцікласнікаў з намеснікам дырэктара М. А. Бужынскім, намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі А. С. Варанец і галоўным аграномам А. В. Седлавец. Яны расказалі вучням аб сваёй рабоце, перспектывах развіцця гаспадаркі, і, трэба сказаць, гэтыя словы знайшлі водгук у сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак.
Зразумела, і школа не застаецца ў баку ад патрэб гаспадаркі. Як вучні, так і настаўнікі дапамагаюць у сельскагаспадарчых работах, адгукаюцца на ўсе звароты кіраўніцтва.
ААТ «Сакалоўшчына»ніколі не забывае сваіх падшэфных у святочныя дні. Напярэдадні Новага года кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла школе на навагоднія прызы 1 млн. 350 тысяч рублёў — у сярэднім, па 30 тысяч на кожнага вучня. Акрамя таго, гаспадарка закупіла навагоднія падарункі кожнаму школьніку на агульную суму больш за 4 мільёны рублёў. Да таго ж кожны раз напрыканцы навучальнага года выдзяляюцца грашовыя сродкі для прэміравання вучняў школы за поспехі ў вучобе і спорце.
Выказваем вялікую ўдзячнасць гаспадарцы за тое, што яна робіць для школы. Але, напэўна, усё ж не грошы і падарункі — галоўнае. Самае важнае тое, што ёсць узаемаразуменне, узаемадапамога і ўзаемапавага. Мы жывём на адной зямлі, і клопаты ў нас — агульныя.
Адміністрацыя Галубаўскай базавай школы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *