Верхнедвинцы принимали волонтера из Бельгии

Актуально Общество

У нашым раёне пабывала прадстаўнік бельгійскай супольнасці «Арка» каталіцкай царквы г. Антверпена Вікторыя Ясіновіч з гуманітарным грузам у дапамогу хворым на цукровы дыябет.

Намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў падзякаваў Вікторыі Ясіновіч за гуманную місію і ўручыў буклет аб Верхнядзвінску.

Як рассказала Вікторыя Ясіновіч, яе арганізацыя носіць назву «Арка», што сімвалізуе каўчэг — ён бярэ на свой борт усіх людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Бельгійскія дабрачынцы збіраюць сродкі і дапамагаюць многім хворым і абяздоленым людзям у сваёй краіне і за мяжой — пакутуючым на невылечныя захворванні, пацыентам з псіханеўралагічнымі дыягназамі, інвалідам. У наш раён Вікторыя прыязджае ў другі раз. Яна даставіла сюды гуманітарны груз для дыябетыкаў — глюкометры і тэст-палоскі.
Прадстаўніка міжнароднай гуманітарнай супольнасці сустрэлі ў райвыканкаме намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Н. Г. Кісялевіч, спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі грамадскасці.
Як адзначыў У. Я. Якаўлеў, вітаючы госця, у нашай дзяржаве многае робіцца ў падтрымку людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Дзейнічаюць спецыяльныя інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу, прыняты дзяржаўныя праграмы па абароне дзяцей-інвалідаў і хворых, сацыяльныя праекты, прадугледжана льготнае забеспячэнне медыкаментамі. У раёне паспяхова дзейнічае цэнтр карэкцыйнага развіцця, пры ТЦСАН створана аддзяленне для маладых інвалідаў, у Луначарскім ДІ паляпшаюцца ўмовы быту. Але мы не адмаўляемся ні ад якой дапамогі, што накіравана на гуманныя мэты і здольная аблегчыць жыццё людзей.
У выпадку супрацоўніцтва з Вікторыяй інтарэсы абодвух бакоў супадаюць. Яна выбрала накірунак дапамогі хворым і інвалідам пасля 18 гадоў. Маўляў, клопат аб дзецях паўсюдна адладжаны — яны знаходзяцца пад шчыльнай апекай дзяржаўных устаноў і дамоў сямейнага тыпу. А вось пасля выхаду ў самастойнае жыццё такія людзі нярэдка застаюцца сам-насам з праблемамі: працаўладкаваннем, лячэннем, абсталяваннем быту.
Вікторыя расказала, што ў Бельгіі для іх ствараюцца сямейныя дамы, дзе інваліды жывуць па некалькі чалавек і вядуць супольную гаспадарку пад наглядам спецыялістаў, атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Пачынаюць адкрывацца такія дамы і ў Беларусі — Вікторыя прывяла ў прыклад кватэру-лагер для інвалідаў у Мінску, дзе жывуць чацвёра чалавек, якія паспяхова прайшлі сацыяльную адаптацыю ў грамадстве. Госця падзялілася намерам працаваць над стварэннем такіх дамоў у іншых месцах.
А пакуль Вікторыя Ясіновіч уручыла прадстаўнікам грамадскасці глюкометры і тэст-палоскі для дыябетыкаў, — яны будуць раздадзены людзям, якія маюць у тым асаблівую патрэбу. Медработнік Таццяна Кавалеўская шчыра падзякавала за падарунак: прылады для кантролю цукру ў крыві каштуюць дорага і для хворых гэта — выдатная падмога.
Валанцёр з Бельгіі пабывала таксама ў Луначарскім Доме-інтэрнаце, дзе пазнаёмілася з яго дзейнасцю і вызначыла магчымыя накірункі супрацоўніцтва.
Яно мае перспектывы — замежныя дабрачынцы сабралі ўжо немалы груз для перадачы хворым і інвалідам, могуць шырыць ахвяраванні. Трэба выпрацаваць сістэму, якая дазваляла б бесперашкодна накіроўваць іх атрымальнікам.
Выступаючы на сустрэчы, жыхарка нашага раёна В. В. Болбат, якая трымае сувязь з дабрачыннай замежнай арганізацыяй, запэўніла, што размеркаванне гуманітарнай дапамогі будзе праводзіцца адрасна.
У. Я. Якаўлеў падзякаваў Вікторыі Ясіновіч за гуманную місію і папрасіў перадаць удзячнасць прыхаджанам Антверпенскай царквы, якія збіралі груз для хворых. Ён выказаў надзею, што карыснае супрацоўніцтва будзе працягвацца і знаходзіць новыя грані.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *