1812 год на Верхнядзвіншчыне

Наш край

(Заканчэнне.)
Яшчэ праз сто год, нашым часам, у вёсцы Зара месца былога маёнтка можна вызначыць па прысадах векавых дрэў ды рэштках сажалкі. На ранейшым месцы знаходзіцца і мост праз Свольну, вядома ж, іншы — капрызлівая рака паспела ўжо не раз пабурыць створаныя чалавекам пераправы. Мост каля Вострага Канца не існуе. Толькі той, у каго хапае настойлівасці, можа прабрацца праз лазнякі ды чаромхавыя спляценні надбярэжжа, каб пабачыць рэшткі чорных замшэлых паляў. Пабыўшы ў гэтых мясцінах, міжволі думаеш пра наш абавязак не разбураць старыя і ствараць новыя масты Памяці паміж пакаленнямі, каб надзейнымі былі нашы крокі ў будучыню.
Спакойную аднастайнасць зарэчных разложыстых мясцін Галубаўшчыны каля былой вёскі Забор’е парушае невялічкая выспа-баравінка крыху суровага выгляду. Гэта — месца пахавання французскіх ваяроў, загінулых на Свольне. Мясціна здаўна вядомая жыхарам навакольных вёсак. Па зарослых травою раскопах бачна, што цікавіліся «французскай магілай» меліяратары, якія асушалі пойму ракі, і іншыя гора-даследчыкі. Частка соснаў павалена або спалена. Першасны план пахавання, форма і размяшчэнне магіл або курганоў дакладна не выяўляецца.
«Французская магіла» размешчана ў даступнай і маляўнічай мясцовасці. Тут праходзіць добрая гравійная дарога. Магільны ўзгорак знаходзіцца над штучнай азярынай, улюбёнай мясцінкай у рыбаловаў. Бераг прыдатны для добраўпарадкавання. Само месца пахавання варта адзначыць памятным знакам і таксама добраўпарадкаваць. Зусім неабходна гістарычнае месца ўзяць пад афіцыйную апеку, надаўшы яму статус помніка гісторыі.
Краязнаўцам варта папрацаваць і над выяўленнем месца пахавання рускіх ваяроў, загінулых у бітве на Свольне. Такая мясціна павінна быць нечым адметная, а ў прысвальнянскіх вёсках пра яе, магчыма, яшчэ жывуць успаміны-паданні.
Зразумела, што сёлета самы гарачы інтарэс будзе выклікаць тэма Напалеонаўскай эпапеі, да бясслаўнага фінішу якой спрычыніўся і наш край. Вельмі пажадана, каб прапанаваныя аддзелу спорту і турызму маршруты па памятных мясцінах 1812 года не засталіся на паперы, а былі актыўна ўвасоблены ў жыццё ў справе выхавання патрыятызму ў сённяшніх пакаленнях.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *