1812 год на Верхнядзвіншчыне

Наш край

(працяг).

Бой ля гэтай мызы і ля пераправы праз Свольну вылучаўся асаблівай упартасцю; тут загінуў геройскай смерцю камандзір 25-га егерскага палка палкоўнік Дзянісьеў, якому ядром адарвала галаву, вызначыўся маёр Пермскага палка Тарбееў, які кінуўся з паляўнічымі грэнадзёрскай роты гэтага палка на мост для падтрымкі стралкоў, атакаваных французскімі кірасірамі; французы, пераследуючы стралкоў, праскакалі цераз мост ўварваліся на мызу, але, атакаваныя некалькімі эскадронамі Гродзенскага гусарскага палка, павярнулі назад да пераправы і амаль усе загінулі, часткай пераколатыя гусарамі і перабітыя паляўнічымі, часткай патануўшы ў рацэ. Гэты эпізод быў адзначаны ў рапарце графа Вітгенштэйна цару.
Адначасова бой ішоў ля вёскі Востры Канец і каля моста там праз Свольну. Мясцовасць на поўнач ад Свольны паабапал бальшака з мястэчка Каханавічы на Востры Канец і далей на Валынцы, на якой быў левы фланг баявога размяшчэння рускіх, ад месца, дзе была вёска Засценак, і да самай ракі цалкам адкрытая і роўная з зусім слабым ухілам да ракі. Бой у гэтым напрамку быў параўнаўча менш упартым і скончыўся некалькі раней поўнай паразай праціўніка, што дало магчымасць своечасова падтрымаць суседзяў ля мызы Свольна, авалодаць там пераправай і канчаткова адкінуць праціўніка за раку.
У таленавіта складзенай Крастоўскім «Гісторыі 14-га уланскага Ямбургскага палка», усе чатыры эскадроны якога прымалі ўдзел у баі 11 жніўня на левым флангу баявога размяшчэння рускіх, наступнымі словамі расказаны адзін цікавы эпізод гэтага бою, у той час, калі гэты полк, пабудаваны разгорнутым фронтам, наступаў у напрамку на Востры Канец, маючы за сваім фронтам цяжкую батарэю.
«Нам удалося,- кажа аўтар,- як немага лепш замаскіраваць сваю артылерыю. Паказваючы намер атакаваць, мы падышлі да французаў на блізкую адлегласць і ў той самы момант, калі яны, думаючы, што насупраць іх знаходзіцца адзін толькі кавалерыйскі полк, хацелі сваімі пераўзыходнымі сіламі пакараць яго за дзёрзкасць, мы раптам заскакалі першым дывізіёнам паўзводна направа, другім — паўзводна налева і ў кар’ер ачысцілі фронт для артылерыі. Але не паспелі мы яшчэ стаць за яе флангамі ў прыкрыццё, ды і французы не апамяталіся яшчэ ад нечаканасці гэтага манеўра, як наша батарэя грымнула ўжо супраць іх знішчальным агнём сваіх цяжкіх гармат». Вынікам манеўра было не толькі замяшальніцтва праціўніка, але і бязладнае адступленне яго да моста ля вёскі Востры Канец. Пяхота рускіх на штыках уварвалася ў вёску, выбіла адтуль французаў і адкінула іх за раку, прычым яны ўсё ж паспелі запаліць некалькі пабудоў вёскі і мост. Ямбургскі полк страціў у справах пры Каханавічах і на Свольне ўсяго 8 коней і аднаго забітага драгуна, што, канечне, не гаворыць на карысць трапнасці стральбы французаў.
Бой 11 жніўня на рацэ Свольне меў, як адзначана вышэй, важныя наступствы. Упартасць і настойлівасць дзеянняў рускіх войскаў прымусілі Удзіно памылкова лічыць, што да рускіх падышлі моцныя падмацаванні, і таму французскі маршал не толькі адклаў сваё наступленне, прадпісанае яму Напалеонам, але і адышоў к Полацку.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *