Школьнікі селі за парты

Актуально Общество

Сёлетні Дзень ведаў асабліва запомніцца вучням, настаўнікам і бацькам Асвейскай СШ, да якіх на свята першага званка прыйшлі ўдзельнікі Навукова-асветніцкай Экспедыцыі «Дарога да Святыняў», Уладыка Феадосій, духоўныя асобы раёна, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады.

Свята першага званка ў Асвейскай школе прайшло з удзелам Экспедыцыі.

Віншуючы рабят і педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, дырэктар школы А. В. Шынкевіч адзначыла, што сустракаюць яго вучні пасля плённа праведзенага лета. Дзеці не толькі добра адпачылі ў аздараўленчым лагеры школы, які прыняў сёлета 120 навучэнцаў, але і шчыра папрацавалі. Рамонтам школы і добраўпарадкаваннем тэрыторыі займалася брыгада, створаная пры садзейнічанні Цэнтра занятасці. Падрыхтаваць школу да заняткаў дапамаглі бацькі. Граматы ўручаны члену бацькоўскага камітэта Р. С. Свярдлову, а таксама вучням Марыі Аўсеевай, Арцёму Шынкевічу, Яне Еўдакімавай, Юліі Пятніцкай, Аляксею Ясюкевічу, Наталлі Шчарбаковай, Віталю Булаху.
Дырэктар школы адзначыла важкую дапамогу, якую школе пастаянна аказваюць КУВСП «Асвейскі», фермерская гаспадарка В. І. Лагуна, участкі ТЦСАН, ДРУВП ЖКГ і РЭС.
Асобая падзяка была выказана брыгадзе па рамонту фермы ў в. Відокі, работу якой арганізоўвалі загадчык фермы М. М. Мураўёў, лабарант С. П. Глябовіч і член бацькоўскага камітэта Т. М. Курмель. Падзякі ўручаны вучням Андрэю Курмелю, Вікторыі Казачонак, Анне Фралёнак і Цімафею Мураўёву, якія выдатна працавалі на гэтым участку.
Дырэктар КУВСП «Асвейскі» таксама прыйшоў да школьнікаў з падзячнымі пісьмамі і падарункамі — іх атрымала вялікая група рабят, якія дапамагалі гаспадарцы падчас уборкі ўраджаю.
З пачаткам новага навучальнага года вучняў і настаўнікаў павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел і старшыня Асвейскага сельвыканкама В. Е. Гладкова. Дырэктар КУВСП «Асвейскі» М. П. Мартынаў і фермер В. І. Лагун перадалі школе сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
З інтарэсам слухалі дзеці і дарослыя пажаданні духоўных асоб. Уладыка Феадосій найперш заклікаў школьнікаў да паслухмянасці і працавітасці — гэтыя якасці дазваляюць кожнаму па прыкладу Хрыста выконваць сваё Божае прызначэнне.
Айцец Сергій Гардун гаварыў аб ролі пісьменства і духоўнасці ў жыцці чалавека. Ён заклікаў дзяцей чытаць Біблію, вывучаць Божае Слова, хадзіць у Храм, цягнуцца да святла духоўных ведаў, каб стаць дастойнымі людзьмі.
А пісьменніца Н. С. Загорская нагадала галоўную Хрыстову запаведзь любові да Бога і бліжняга і пажадала, каб школьнікі заўсёды жылі з ёй.
Уладыка Феадосій благаславіў школу, вучняў, настаўнікаў, бацькоў, увесь пасёлак цудатворнай Іконай Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы, з якой Экспедыцыя вядзе свой шлях па Беларусі.
І вось над наваколлем прагучаў першы званок, які далі выдатніца вучобы Юлія Быкоўская і першакласнік Дзяніс Аляксееў. Вучні адчынілі дзверы школы, якая гасцінна запрасіла іх на заняткі.
Госці прыйшлі да дзяцей на першы ўрок, прысвечаны святу беларускага пісьменства, і расказалі аб гісторыі айчыннага кнігадрукавання, місіі Святых, вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў.
Візіт Экспедыцыі стаў незабыўнай падзеяй у жыцці асвейцаў. Як сказаў Мітрапаліт Філарэт: «Сляды паломніцтва надоўга застаюцца ў сэрцах і розумах людзей».
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ,
Ларыса ЗАЙЦАВА (фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *