Нязгасная лампада духоўнасці

Актуально Общество

Першага верасня ў нашым раёне пабывала дзевятнаццатая Навукова-асветніцкая Экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнем ад Гроба Гасподняга, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства

Экспедыцыя прыбыла ў Асвею. У цэнтры - Уладыка Феадосій і айцец Сергій Гардун.

 

Ідэя правядзення Экспедыцыі, як і ўвогуле Дня беларускага пісьменства,- у прапагандзе дасягненняў айчыннай пісьменнай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Праводзіцца свята ў першую нядзелю верасня. Гэты час пачатку навучальнага года абраны невыпадкова : адукацыя, інфармаванне і культура — галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі. Месцамі правядзення Дня пісьменства становяцца гарады — цэнтры беларускай культуры, навукі, гісторыі кнігадрукавання. Сярод іх былі Тураў, Навагрудак, Несвіж, Орша, Мсціслаўль, Паставы, Смаргонь, Барысаў, Ганцавічы і іншыя. Сёлета сталіцай свята абрана старажытнае Глыбокае. Менавіта да цэнтра Дня пісьменства накіроўваецца штогод Экспедыцыя , якая на працягу некалькіх дзён наведвае святыні і гістарычныя месцы на гэтым шляху і нясе людзям Благадатны Агонь веры.
Яна мае асобую значнасць у Год кнігі, калі актыўна прапагандуецца багатая духоўная і творчая спадчына Беларусі. Як вядома, першай кнігай на беларускай зямлі было Святое Пісанне. Таму і ў аснове пісьменства — Божае Слова. Адзінства духоўнага і творчага пачаткаў — аснова адраджэння нашага грамадства, на якой і будуе сваю работу Экспедыцыя. Заснавальнікам і нязменным натхняльнікам яе з’яўляецца заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Святой Роўнаапостальскай Вялікай княгіні Вольгі пісьменніца Н.С.Загорская. Разам з ёй Экспедыцыю ўзначальвае протаіерэй Свята-Духава кафедральнага Сабора, галоўны захавальнік Благадатнага Агню айцец Сергій Гардун. У склад экспедыцыі ўваходзяць вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва, педагогі, прадстаўнікі міністэрстваў і духавенства.

Дарога да святыняў пачалася 29 жніўня ад сцен Мінскага Свята-Духава кафедральнага Сабора з благаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Адсюль Экспедыцыя рушыла на Святое Поле ў Баранавіцкім раёне, якое па традыцыі з’яўляецца першым пунктам наведвання. Менавіта тут у 1983 годзе свету з’явілася Ікона Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы, праслаўленая як цудатворная з назвай «Загор’е — Сталовіцкая». Гэта Ікона і суправаджала паломнікаў на ўсім іх далейшым шляху. А пралягаў ён па тэрыторыі Віцебскай вобласці па маршруту: г.Талачын — г. п. Багушэўск Сенненскага раёна — г. п. Лёзна — г. п. Езярышча Гарадоцкага раёна — г. п.Ула Бешанковіцкага раёна — г. п. Асвея Верхнядзвінскага раёна — в. Празарокі Глыбоцкага раёна — г. Глыбокае.
У наш раён экспедыцыя прыбыла ўвечары 31 жніўня. Нягледзячы на позні час, жыхары аграгарадка Боркавічы са свечкамі сабраліся ля Свята-Казанскай царквы, каб агеньчыкамі сваёй веры прывітаць Благадатны Агонь. І ўжо наступнай раніцай Экспедыцыя накіравалася ў Асвею, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы.
Ля ўезду ў пасёлак Экспедыцыю і епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Уладыку Феадосія сустракалі старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Н. Г. Кісялевіч, старшыня Асвейскага сельвыканкама В. Е. Гладкова, дырэктар КУВСП «Асвейскі» М. П. Мартынаў, Благачынны раёна айцец Валянцін, настаяцелі праваслаўных прыходаў айцец Уладзімір і айцец Васіль, вернікі і культработнікі Асвеі.
Вітаючы дарагіх гасцей, І. І. Марковіч адзначыў, што верхнядзвінцы рады прыбыццю Экспедыцыі з Благадатным Агнём на нашу святую зямлю — радзіму працаўнікоў і герояў. Яны праславілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны барацьбой з захопнікамі і сёння ганарацца працоўнымі здабыткамі. Ігар Іванавіч паведаміў, што ў раёне атрыманы рэкордны ўраджай — ужо намалочана 80 тысяч тон збожжа, і ўборка працягваецца. У знак гасціннасці і павагі І. І. Марковіч уручыў кіраўніку Экспедыцыі Н. С. Загорскай каравай са збожжа новага ўраджаю.
Гасцей віталі І. Ф. Козел, В. Е. Гладкова і М. П. Мартынаў, які перадаў Экспедыцыі асвячоную асвейскую зямлю. Яна прызначана пад карэнні Сада Малітвы, закладваемага ў сталіцы святкавання Дня пісьменства. Гэта сімволіка нагадвае аб дачыненні да агульнадзяржаўнага свята тых мястэчак, дзе праходзіла «Дарога да Святыняў».
Дзякуючы за шчыры прыём, Н. С.Загорская расказала, што Экспедыцыя, вандруючы па гарадах і вёсках Беларусі, наведала больш за паўтысячы храмаў і капліц. Члены яе ўпэўнены ў Божым благаславенні важнай духоўнай справы. Ніна Сямёнаўна нагадала знак у храме в. Лясная — калі святар узняў ікону, над святыняй зайграла вясёлка. «Бог ідзе з намі, — сцвярджае пісьменніца, — каб не толькі хлебам зямным, але і духоўным быў жывы чалавек».
Пад спеў званоў Хрэсны ход рушыў па вуліцах Асвеі да Свята-Георгіеўскай царквы. Тут адбыўся малебен, які вёў Уладыка Феадосій. Звяртаючыся да вернікаў, святар сказаў, што некаторыя філосафы і ідэолагі паспяшаліся назваць сучасную эпоху постхрысціянскай. Спробы адыйсці ад веры відавочныя — крызісы палітычныя, эканамічныя, фінансавыя. Не толькі іншыя кантыненты, але і Еўропа ператварылася ў ачаг палітычнай і сацыяльнай напружанасці. Гэта непазбежны вынік, калі хто намерыцца ўладкаваць сваё жыццё без Хрыста.
На шчасце, ёсць у цэнтры Еўропы сінявокая Беларусь, народ якой — спрыяльная глеба для духоўнага развіцця. Удзельнікі Экспедыцыі, якія пакінулі свае дамы і сем’і і рушылі ў шлях падзвіж-ніцтва, — Апосталы веры, яны засяваюць гэту беларускую ніву. Уладыка назваў працу асветнікаў ідэалагічнай, бо яна напаўняе душы і сэрцы людзей сэнсам, і пажадаў плёну ў рабоце на карысць духоўнасці.
Айцец Сергій Гардун падкрэсліў узаемасувязь развіцця хрысціянства і беларускага пісьменства. Самая раняя беларуская кніга — Тураўскае Евангелле, першае друкаванае выданне Францыска Скарыны — Псалтыр. На гэтых творах узрастаў і развіваўся наш народ. Царква не дапусціла экспансіі іншых моў і захавала беларускую пісьменнаць. І хаця на гэтым шляху развіцця было нямала цяжкасцей — нашы духоўнасць і культура прайшлі праз вялікія выпрабаванні, вера нязменна перамагае. Сёння на Беларусі зноў будуюцца храмы і адраджаюцца духоўныя каштоўнасці.
Экспедыцыя падаравала Асвейскай царкве копію Іконы Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы, Ікону Святой Праведніцы Сафіі Слуцкай і праваслаўную літаратуру. На тэрыторыі царквы быў закладзены Сад Малітвы, пад карэнні якога лягла зямля, прывезеная з сталіцы беларускага пісьменства — Глыбокага і Святога Поля.
З прасветленымі тварамі атрымлівалі людзі Благадатны Агонь, які неслі ў свае дамы.
Члены Экспедыцыі наведалі мясцовыя бальніцу і школу, дзе ўдзельнічалі ў свяце першага званка і ўроках «Я — грамадзянін Беларусі».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *