15 верасня — Дзень бібліятэк

Актуально Культура

Бібліятэка. Адзінае сёння месца, дзе чалавек адчувае сябе проста і свабодна, негледзячы на ўзрост, фінансавае становішча і сацыяльны статус. 26 бібліятэк, якія валодаюць шматгаліновым сукупным фондам каля 300 тысяч экземпляраў выданняў на розных носьбітах, ажыццяўляюць паслугі насельніцтву раёна, больш за 13 тысяч чалавек якога з’яўляюцца іх карыстальнікамі.

 А. ГЕНДЗІК, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Падзеі. Раённая бібліятэка імя Т.Хадкевіча стала ўдзельнікам урачыстасцей Дня беларускага пісьменства (2 верасня, г. Глыбокае) з кніжнай выставай «Скарбонка Верхнядзвіншчыны літаратурнай».
АкцыІ. Дзейнічае ў бібліятэках сістэма пад назвай «Падары кнігу бібліятэцы», у выніку якой сабрана каля сямі соцен выданняў. Асаблівую ўдзячнасць выказваем А. Ляшкову, Д. Свіржэўскаму, В. Намаконаву, Н. Лісаевіч, З. Гарбачовай, В. Набатавай, Р. Гудавай, І. Маладзечкіну, М. Мянькоўскаму, А. Самсонаву, І. Бяляеву.
Мерапрыемствы. Запамінальнымі для наведвальнікаў у Дзень бібліятэк застануцца: хіт-парад кніжных навінак «Чытай, каб жыць цікава і карысна! » , выстава-агляд » Вітаю цябе, беларуская кніга!» і » «Аўтограф на памяць» , акцыя «Беларуская кніга. Чытаем разам» (ЦРБ); «Пабывайце ў кніжным царстве» — кніжная выстава-прагляд і акцыя » Чытацкая стужачка» у дзіцячай бібліятэцы; «Тут кнігай радуюць сяброў і душы гояць добрым словам»-тэматычны вечар (Бігосаўская б-ка); «Свет ведаў кніга адчыняе» — кніжны марафон (Валынецкая), «Цуд, імя якому кніга»- выстава-агляд (Боркавіцкая б-ка) і іншыя.
Да ведама. 967 кніжных навінак атрымалі нашы бібліятэкі толькі да Дня бібліятэк ; 5728 экз. выданняў, з якіх 1079 экз. на беларускай мове — на працягу бягучага года. Інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца адным з галоўных патэнцыялаў бібліятэк, ад паўнаты, якасці і колькасці якіх залежыць поспех работы. І, дзякуючы актыўным намаганням супрацоўнікаў аддзела па камплектаванню бібліятэчнага фонду пад кіраўніцтвам Т. Ф. Суздаленка, яны адпавядаюць сучасным запытам карыстальнікаў.
Год кнігі. 2012 год асаблівы для дзейнасці бібліятэк, бо аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам кнігі. Бібліятэка і кніга — словы непадзельныя, а праблема цікавасці да беларускай кнігі адна з найбольш актуальных. Таму з боку бібліятэк неабходны канкрэтныя дзеянні, накіраваныя на абуджэнне павагі да беларускай мовы і беларускай мастацкай кнігі. Распрацавана комплексная праграма «Адкрый для сябе беларускую кнігу», якая дазволіць актывізаваць работу па папулярызацыі кнігі і чытання з дапамогай цікавых і змястоўных мерапрыемстваў крэатыўных форм: мультымедыйных прэзентацый, літаратурных брэйн-рынгаў і вандровак, віктарын, конкурсаў чытальнікаў.
Год кнігі багаты на юбілеі: 130-годдзе Я. Купалы і Я. Коласа, 125-годдзе Ц. Гартнага, 100-годдзе М.Танка, 95-годдзе П. Панчанкі і Я. Брыля; адзначаюцца юбілеі беларускія кнігі: 100 гадоў «Песням жальбы» Я.Коласа, 90 — «Спадчыне» Я.Купалы і інш. Асноўная частка мерапрыемстваў прысвечана гэтай тэме: «Дзве душы — дзве ліры» — выстава-прагляд і літаратурная вечарына (ЦРБ), «Роднага слова не згасне святло» — конкурс чытальнікаў (Асвейская б-ка), «Мелодыю мовы славянскай я чую» — літаратурна-музычная кампазіцыя (Бігосава),»Я быў бы шчаслівы бязмерна…» — літаратурна-музычная імпрэза (Боркавічы); цыклы выстаў: «Жыццё ў паэзіі», «Талент шчодры непаўторны», «Сэрцам роднага слова краніся» — ва ўсіх бібліятэках.
Асобнае месца адведзена датам краязнаўчага календара: літаратурныя гадзіны «Упала у возера сляза. Э.Зубрыцкі — 75 год» (Каханавіцкая б-ка), «І сам стаў песняю Дзвіны. Т.Хадкевіч -100 год» (Жыгулеўская), «На хвалях паэтычнага слова.С.Панізнік — 75 год», «Зоркі паэтычнага небасхілу» (Валынецкая), «Сонейка будзе заўседы з табой. З.Самуйленак — 105 год»(Сар’янская).
Нетрадыцыйнымі формамі прыцягнення ўвагі да кнігі і чытання з’яўляюцца фотаконкурс «Читай всегда! Читай везде!», акцыя «Чытаем разам». З мэтай павышэння значнасці беларускай кнігі, прапаганды творчасці беларускіх пісьменнікаў ў бібліятэках сістэмы праходзіць конкурс «Любіць і чытаць свае».
Нашы дасягненні. ЦРБ узнагароджана Дыпломам за перамогу ў абласным туры ХХ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу» (за выданне кнігі «Легенды і паданні Верхнядзвіншчыны»).
Выдавецкая дзейнасць. Вынікам пленнай працы супрацоўнікаў раеннай бібліятэкі стала выданне друкаваных зборнікаў мясцовых творцаў слова: Л. Федарэнка «Успамінам сёння цесна», М.Карагода «Я вам пишу» і даведачнага выдання «Испытание мужеством» аб воінах- афганцах.
Цікава. У Верхнядзвінску самыя актыўныя чытачы: С. Д. Кісялевіч, Е. К. Міхасевіч, А. А. Шкецік, Г. А. Мадамінава, А. Г. Тамашэвіч Самая чытаючая сям’я — Гарашчанка. Самы старэйшы чытач — С. Н. Нікалаенка ( 94 гады). Самы чытаючы дом — №9 па вул.Кабзуна. Самая чытаючая вуліца — Савецкая.
Адміністрацыя Верхнядзвінскай ЦБС і прафкам віншуюць ветэранаў і супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы з Днем бібліятэк! Прыміце шчырыя словы падзякі за ваша прафесійнае майстэрства, душэўную шчодрасць. Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, цудоўнага настрою, новых дасягненняў і павагі шматлікіх чытачоў! Няхай праца прыносіць задавальненне, а нашы ўстановы адпавядаюць усім патрабаванням сучаснасці!
НА здымку: дырэктар ЦБС А. К. Гендзік (справа) і яе намеснік Р. У. Бадзюкова ля аднаго са стэндаў.
Фота Анны ЗІМАЦКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *