«Зажынкі» на Верхнядзвіншчыне

Актуально Жизнь сельских Советов

Вось і прыйшла самая гарачая пара палявых работ — жніво. Пара, якая патрабуе ад хлебаробаў вялікіх намаганняў, майстэрства і адказнасці.

Багатых намалотаў жадалі ўдзельнікам жніва старшыня райвыканкама І. І. Марковіч (у цэнтры), старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, першы намеснік старшыні райвыканкама У. У. Быкаў, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Л. К. Грэсько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, айцец Уладзімір.

Раённыя «Зажынкі» адбыліся на базе СП «Лявонішана». Удзел у іх прымалі старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У.У. Быкаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, камбайнеры.
Адкрываючы перад урачыстасцю семінар-нараду, У. У. Быкаў адзначыў, што галоўнай задачай з’яўляецца якасная ўборка збажыны. Сёлета пасеяна амаль 26 тысяч гектараў зерневых, аднак асаблівасць гэтай уборачнай у вялікай палегласці пасеваў. І гэта будзе патрабаваць ад камбайнераў асаблівага майстэрства.

Зажынкі ў СП «Лявонішана».
Побач з маладым камбайнерам А. Барстком (у цэнтры), які сёлета ўпершыню будзе ўдзельнічаць у жніве, - вопытныя прудзінкаўскія механізатары Р. Малей, Я. Мардвінцаў, А. Скарабагаты, А. Пацёмкін, А. Пілюшын, А. Лапкоўскі (злева направа).

-Убраць зерне — толькі палова задачы, -падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч, — яго яшчэ трэба дапрацаваць. Убіраць трэба, калі зерне максімальна сухое, а паколькі надвор’е зменлівае, нагрузка на хлебаробаў будзе вялікай.
Аб тэхналагічных патрабаваннях уборкі расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Л. К. Грэсько. А пачынаць яе трэба з палеглых хлябоў. Убіраць кожнае поле трэба за тыдзень, аптымальны тэрмін — за два. Павінен быць падрыхтаваны транспарт для перавозкі ўраджаю, зерне падчас транспартыроўкі накрыта тэнтам.
Рапс на сушылках трэба дасушваць да 70% і рабіць гэта максімальна хутка, бо ляжаць ён не можа. Пры сушцы гароху ўлічваць, што вільготнасць ён аддае вельмі марудна, таму рабіць трэба па 3-4 захады. Аб’ём работ вялікі, магчыма, давядзецца працаваць і ноччу, аднак і аплата будзе дастойнай.
Галоўны спецыяліст па ахове працы і тэхніцы бяспекі А. У. Жураўскі нагадаў аб неабходнасці правядзення перад- і паслярэйсавых аглядаў, забеспячэння работнікаў спецадзеннем, неабходным інвентаром, сродкамі аховы, захавання правілаў проціпажарнай бяспекі. Сёлета на палеткі выйдуць 108 камбайнаў, будзе працаваць 31 зернесушыльны комплекс. Неабходна ўстанавіць кантроль за перасоўваннем тэхнікі, расходам гаручага.
З умовамі аплаты працы на жніве прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст райсельхарчу М. П. Губанава. Аб умовах раённага і абласнога спаборніцтва на жніве расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй.
Камбайнерам былі прадэманстраваны прыёмы ўборкі, рэгуліроўка тэхнікі.
Калектыў Дзёрнавіцкага СДК прапанаваў жніўны абрад з песнямі і карагодам. Падчас яго віталі маладых камбайнераў, для якіх гэтае жніво стане першым выпрабаваннем на шляху да высокіх намалотаў і працоўных перамог.
Прымаючы сноп залацістых каласоў новага ўраджаю, І. І. Марковіч нагадаў, што пастаўлена задача атрымаць не менш 100 тысяч тон зерня. Таму на вагу золата будзе кожны колас. Зроблена ўсё магчымае, каб ураджай вырас добрым, і цяпер з дапамогай граматных кіраўнікоў, вопытных спецыялістаў і адказных камбайнераў трэба сумленна выканаць пастаўленую задачу.
Па старажытнай беларускай традыцыі, перш чым прыступіць да жніва, снапы асвяціў айцец Уладзімір, а ўдзельнікаў жніва благаславіў на паспяховую працу.
Дырэктар СП «Лявонішана» А. С. Калмычэўскі адзначыў, што за штурвалы камбайнаў сядуць лепшыя механізатары, пажадаў ім моцнага здароўя, поспехаў і спрыяльнага надвор’я.
Для прысутных гучалі беларускія песні ў выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці Дзёрнавіцкага СДК.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *