Идёт уборка рапса

Актуально Общество

ААТ «Бялькоўшчына» і «Сакалоўшчына» першымі ў раёне пачалі ўборку рапсу.

  
 
А. Стубайла і У. Сяргееў задаволены якасцю абеда, дастаўленага прама ў поле.
Механізатар Я. Агурэцкі.

У дзень, калі мы прыехалі на бялькоўшчынскае поле, там працавалі тры камбайны. Плошча, адведзеная пад гэту культуру і якую давядзецца ўбраць, складае 164 гектары.
-Убралі пакуль 70 гектараў, — адзначае галоўны аграном гаспадаркі В. Ламінская, — атрымалі ўраджайнасць 22 цэнтнеры з гектара, намалацілі 155 тон насення. У параўнанні з мінулым годам гэта добры паказчык, але не мяжа.
Сёлета тут пасаджаны рапс беларускага гатунку «Лідар». Атрыманы ўраджай адвозіцца на зернесушыльны комплекс, а сёння будзем запускаць і другі.
Праца на палетках пачынаецца з самай раніцы. Два разы на дзень вадзіцель Э. Рыжы прывозіць работнікам гарачыя абеды. Вось і пакуль мы вялі размову, пачаўся абедзенны перапынак. Але доўжыўся ён непрацяглы час — пераменлівае надвор’е прымушае людзей даражыць кожнай гадзінай, уборка — час гарачы. Дзяржзаказ, даведзены гаспадарцы, складае 360 тон насення рапсу.
На трох КЗС-12-18 «Палессе» з уборкай спраўляюцца Я. Агурэцкі, У. Драздоў, У. Сяргееў. На адвозцы задзейнічаны А. Стубайла на МТЗ 12-21з ПТС-9, на МАЗах — С. Гірдзюк і Д. Варанько.
Зараз асноўная ўвага ў гаспадарцы засяроджана на ўборцы гэтай культуры, але калі дазваляе надвор’е, займаюцца тут і нарыхтоўкай сена. На чарзе — уборка азімых зерневых.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.