У меліяратараў — прафесійнае свята

Актуально

Трэцяга чэрвеня адзначаецца Дзень меліяратара. Гэта прафесійнае свята людзей, якія робяць нашу зямлю больш урадлівай і прыгожай.

Паўтарасоценны калектыў КУП меліярацыйных сістэм «Валынецкае ПМС» сустракае прафесійную дату з добрым працоўным настроем. Аб’ём падрадных работ за чатыры месяцы склаў 2992 млн рублёў або 117% да плана і 154,5 % — да ўзроўню 2011 года. Асноўныя напрамкі дзейнасці прадпрыемства — будаўніцтва і меліярацыйныя работы. Выконваюць іх меліяратары прафесійна.
Аб запатрабаванасці і майстэрстве валынецкіх спецыялістаў гаворыць той факт, што менавіта гэта прадпрыемства выступае падрадчыкам на будаўніцтве экспартнага аб’екта — мытна-лагістычнага тэрмінала «Хрошкі» у Себежскім раёне Пскоўскай вобласці, а таксама на рэканструкцыі такога адказнага вытворчага будынка, як цэх масласырзавода.
Актыўна працуе прадпрыемства і па асноўнай сваёй спецыялізацыі — на меліярацыйных аб’ектах. Галоўныя з іх — рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у ААТ «Прудзінкі» і СП «Лявонішана». Справай гонару называюць тут і работу па праграме «Чыстыя палі».
У Валынецкім ПМС нямала выдатных прафесіяналаў, сапраўдных майстроў сваёй справы. На Дошку гонару прадпрыемства занесены машыніст шматкаўшовага экскаватара А. К. Бембель, брыгадзір меліярацыйнага аб’екта У. Я. Цярэшка, машыніст бульдозера У. У. Кірпічэнка, газаэлектразваршчык А. В. Крыўко, тынкоўшчык І. І. Кутузава, вадзіцель Я. І. Лісоўскі, трактарыст С. Я. Пятрэня, машыніст экскаватара А. П. Пятрэня.
Нядаўна калектыў узначаліў малады ініцыятыўны кіраўнік Павел Аляксандравіч Арлоўскі. Разам з ім прадпрыемству належыць адолець новыя вытворчыя вяршыні. Гадавы аб’ём падрадных работ складае 15235 мільёнаў рублёў, плануецца атрымаць не менш 670 млн рублёў прыбытку з узроўнем рэнтабельнасці 4%, забяспечыць паказчык па энергазберажэнні «-8». За гэтымі лічбамі – нястомная штодзённая праца, якая вельмі патрэбна ўсім нам.
Віншуем меліяратараў раёна з прафесійным святам і жадаем ажыццяўлення ўсіх задум.
С. АЛЯКСАНДРАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *