22 чэрвеня — Дзень памяці

Актуально Общество

(З кнігі «Памяць»)

На досвітку ў трывожныя дні 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія, вераломна парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць СССР. Вораг меў значную перавагу ў артылерыі i амаль двайную — у жывой сіле. Нягледзячы на гераічнае супраціўленне байцоў Чырвонай Арміі, войскі Заходняга фронту не змаглі стрымаць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія імкліва рваліся на ўсход.
Жыхары раёна мужна сустрэлі цяжкую вестку аб пачатку вайны. Адразу ж адбыўся раённы актыў, на якім былі абмеркаваны неадкладныя меры па пераводзе мірнага жыцця на ваенны лад. Патрэбна было правесці мабілізацыю мужчын прызыўнога ўзросту, вывезці калгасную жывёлу, тэхніку на ўсход, эвакуіраваць архівы. Жыхарам выдавалася з крамаў усё, што там было, каб нічога не засталося гітлераўцам.
Улічваючы складанасць сітуацыі, 25 чэрвеня 1941 г. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання прыняла рашэнне аб стварэнні ў тыле Заходняга фронту абарончага рубяжа на лініі: сярэдняе цячэнне ракі Заходняя Дзвіна — Віцебск — рака Днепр да Краменчуга, а таксама аб перадыслакаванні i канцэнтрацыі на гэтым рубяжы групы арміі Рэзерва Галоўнага камандавання (19-я, 20, 21 i 22-я) на чале з Маршалам Савецкага Саюза С. М. Будзённым.
Падрыхтоўка да абарончых баёў на мяжы рэк Заходняя Дзвіна i Днепр адбывалася ў надзвычай складаных умовах. Многія злучэнні і часці 19-й, 20-й, 21-й армій (13 дывізій) знаходзіліся толькі на падыходзе да фронту. Да моманту выхаду нямецка-фашысцкіх войск на рубеж Заходняя Дзвіна — Дняпро прыбыўшыя сюды з рэзерва арміі не паспелі сканцэнтравацца, стварыць абарончыя пазіцыі, разгарнуць войскі ў неабходны баявы парадак, наладзіць кіраванне. У той жа час нямецка-фашысцкія войскі мелі істотную перавагу ў жывой сіле i тэхніцы.
Першы ўдар гітлераўскіх дывізій прынялі на сябе дывізіі 51-га стралковага корпусу 22-й арміі. Да пачатку ліпеня яны трымалі фронт на ўчастку па Заходняй Дзвіне да Краславы i далей на поўнач. Галоўны цяжар баёў выпаў на долю байцоў 12-й i 98-й стралковых дывізій. На працягу першых чатырох дзён 98-я дывізія стрымлівала ворага на рубяжы Заходняй Дзвіны, а 112-я, сфарміраваная на Урале, упарта абаранялася на тэрыторыі Латвіі.
5 ліпеня войскі 112-й дывізіі пад пагрозай акружэння былі вымушаны адысці на новы рубеж, які праходзіў па ўсходнім беразе р. Сар’янкі i правым флангам упіраўся ў Асвейскае возера. 98-я дывізія вяла баі, замацаваўшыся на мяжы Вусце — Дрыса — Дадэкі -Вадва i далей на тэрыторыі Полацкага раёна (Кушлікі).
Адступаючы, часці 112-й дывізіі наладжвалі мінныя загароды ў раёне возера Асвейскае, былі разбураны i замініраваны магчымыя шляхі падыходу праціўніка ад Дагды на Асвею, з вёскі Бігосава на вёску Росіца, ад Краславы да вёскі Вусце i, на выпадак прарыву ворага з поўдня, у раёне вёсак Задзежжа — Каханавічы.
У справаздачы 3-й нямецкай танкавай групы адзначалася: «Кіраўніцтва войскамі ў праціўніка характарызуе энергічнасць i мэтанакіраванасць. У апошніх баях мы панеслі істотныя страты ў тэхніцы i жывой сіле… Рускія салдаты змагаліся ўпарта i бязлітасна, былі вельмі стойкімі ў абароне, па ўcix даных, знаходзіліся пад добрым кіраўніцтвам камандзіраў».
Але сілы былі няроўныя: толькі супраць 112-й дзейнічалі чатыры варожыя дывізіі. На фронце 98-й дывізіі вораг імкнуўся нанесці ўдар па лініі Дзісна — Боркавічы i далей у напрамку Невеля сіламі 57-га матарызаванага корпусу.
Узнікла пагроза акружэння. 98-я стралковая дывізія крок за крокам адступала на паўночны ўсход. Каб прыкрыць адыход суседа, 9 ліпеня 385-ы стралковы полк 112-й стралковай дывiзii пад камандаваннем А. Л. Садава здзейсніў начны марш на рубеж Валынцы-Боркавічы, дзе наступала 14-я матарызаваная дывізія праціўніка. Удар наносіўся ў двух напрамках: левым крылом уздоўж шашы на вёску Валынцы i правым — уздоўж чыгункі на станцыю Боркавічы.
Полк Садава мужна стаяў супраць цэлай дывізіі, яго байцы ўжо маглі лічыцца вопытнымі ваярамі — у адным бai на рубяжы рэчкі Сар’янкі яны нанеслі нечуваны ўрон ворагу, які склаў 2,5 тыс. забітых i параненых гітлераўцаў.
I на гэты раз, 10 ліпеня, фашысты дзевяць разоў беспаспяхова кідаліся ў атакі i толькі пад канец дня здолелі па чыгуначным мосце прарвацца на станцыю Боркавічы. У гэты ж дзень, ведучы абарончыя бai на лініі Валынцы — Ігнатова -Уладычына, за межы раёна выйшла 98-я стралковая дывізія.
Полк Садава ў апошніх баях панёс вялікія страты, у яго шэрагах не засталося i паловы байцоў. Быў цяжка паранены камандзір першага батальёна Лукічоў, загінулі начальнік штаба палка Штрэкер, камандзір трэцяга батальёна капітан Усцінаў, камандзір роты старшы лейтэнант Мікалаеў i многія іншыя воіны.
Тым часам асноўныя сілы 112-й дывізіі пад націскам ворага i пастаяннай пагрозай акружэння павольна адыходзілі на ўсход. Апошняя лінія абароны была арганізавана ў раёне азёр Ізубрыца, Страдна, Лicнa, дзе праходзіў важны шлях на вёску Юхавічы.
Выключная адвага i масавы гepaiзм асабовага саставу дывізіі былі адзначаны падзякай Ваеннага Савета 22-й арміі. Прыклад мужнасці, воінскага майстэрства i знаходлівасці паказваў байцам камандзір дывізіі палкоўнік Іван Андрэевіч Капяк, ардэнаносец часоў грамадзянскай вайны. Паранены, ён камандаваў рэшткамі дывізіі, пакуль тая, прарваўшы акружэнне, не выйшла за лінію фронту, збярогшы баявы сцяг часці.
Ужо за межамі Верхнядзвіншчыны з баямі выйшла з акружэння ў складзе 1049 чалавек i 98-я стралковая дывізія.
…Роўна праз тры гады тым жа Юхавіцкім шляхам 22-я армія ішла з баямі на захад вызваляць Асвейшчыну.
А. Бубала, краязнаўца. 

З успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міласердыі Мікалаеўны Мамянтовіч:

-Мне было 18 гадоў, калі прыйшла страшная вестка аб нападзе гітлераўскай Германіі. Жыла наша сям’я ў прыгарадным Юсціянаве, і раніцай 22 чэрвеня вёска ўжо гаманіла. Сястра Вера , муж якой праходзіў абавязковую службу, сыходзіла слязьмі. Яе заспакойвалі, гаварылі, што ворага адразу адкінуць назад. А што фашысты дабяруцца да нашых мясцін, ніхто і думаць не мог.
Неўзабаве з’явіўся нямецкі самалёт, які нізка праляцеў над Дзвіной, потым пачуліся выбухі ў раёне Дрысы. Памятаю, як праз колькі дзён пайшла калона машын, у якіх сядзелі салдаты ў мышынага колеру абмундзіраванні.
Прыгараднае размяшчэнне вёскі да пэўнага часу было выратавальным. Акупанты лютавалі ў аддаленых лясных паселішчах. Выклікалі жах весткі, што палілі вёскі разам з людзьмі. А нас рабавалі, адабралі жывёлу, усе прадукты, пачаўся голад. Маці з сястрой даглядалі дзяцей, а я пайшла ў заробкі да багатага хутараніна, сядзіба якога была на другім беразе Дзвіны, у Міёрскім раёне. Гаспадары аказаліся добрымі людзьмі, выратавалі маіх родных ад галоднай смерці.
А потым усім хапіла ліха. Людзі хаваліся ад акупантаў у лясах. Там і сустрэла партызан. Іх урачу патрэбна была памочніца — смелая, каб крыві не баялася, і кемлівая. Я і згадзілася вучыцца медыцынскай справе. Да самага вызвалення раёна ад захопнікаў заставалася ў атрадзе, які вёў баі на Дрысеншчыне, Міёршчыне, у Расонскіх лясах, на тэрыторыі Латвіі. Параненых заўсёды было шмат, а лячыць не надта чым выходзіла. Я ж травы, расліны лекавыя ведала, збірала іх, настоі ды мазі розныя рабіла.
У кожнага была свая вайна. Колькі загубіла яна хлопцаў знаёмых, зусім яшчэ маладзенькіх, з якімі на танцы бегалі… У канцлагерах загінулі родныя з Асвеі. Не вярнуўся з поля бою і муж сястры, асірацелых пляменнікаў разам расцілі. Цяжка працавалі, адраджалі родны край, які вораг знявечыў. І былі шчаслівыя, што перамаглі, што мір наступіў.
Калі мой сын Анатоль сказаў, што хоча стаць лётчыкам — не пярэчыла, няхай абараняе Радзіму. Дзякуй Богу, яму не давялося ваяваць, цяпер ужо і ён на пенсіі. Унук Генадзь таксама лётчык. Мірнага неба яму і ўсім жадаю.
Запісала Людміла АРЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *