Дзень работы з насельніцтвам адбыўся ў Бігосава

Актуально Райисполком

Вывучэнне клопатаў і патрэб людзей і выкананне іх просьбаў і пажаданняў — неад’емная частка работы ўлады.

У пастаянную практыку ўвайшлі прыёмы грамадзян службовымі асобамі, правядзенне «прамых ліній», сходаў па месцы жыхарства. Адной з эфектыўных форм узаемасувязі ўлады з жыхарамі раёна з’яўляюцца дні работы з насельніцтвам. Прадстаўнікі райвыканкама, розных прадпрыемстваў і служб выязджаюць у кожны сельскі Савет, дзе наведваюць усе без выключэння населеныя пункты, вывучаюць сітуацыю, даюць адказы на пытанні, а праблемы, якія патрабуюць вырашэння, абмяркоўваюць на выніковым пасяджэнні. Складаецца пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама, якім вызначаюцца адказныя за выкананне пастаўленых задач і тэрміны рэагавання.
У красавіку дзень работы з насельніцтвам праведзены ў Бігосаўскім сельскім Савеце. Упаўнаважаныя ад раёна наведалі 21 населены пункт Бігосаўшчыны, дзе сустрэліся з жыхарамі і расказалі аб развіцці раёна і высветлілі, чым жывуць людзі і якія маюць патрэбы. Як адзначыў падчас дня работы з насельніцтвам старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, гэты сельсавет асаблівы. Ён з’яўляецца прыгранічным, свайго роду, «варотамі» у Беларусь, мае буйны населены пункт — Бігосава, градаўтваральнае прадпрыемства — «Інвет», тут будуецца пункт пропуску «Грыгароўшчына». Зразумела, і адказнасць за парадак на зямлі і ў населеных пунктах, развіццё сацыяльнай інфраструктуры і прыдарожнага сервісу Бігосаўшчыны высокая. Трэба зрабіць усё магчымае, каб стварыць тут умовы для камфортнага пражывання і дастойнага прыёму гасцей.
Найперш гэтай задачай заклапочаны мясцовы сельвыканкам. Старшыня яго У. С. Ходас расказаў, што вытворчыя прадпрыемствы Бігосаўшчыны працуюць эфектыўна. ААТ «Інвет» займаецца рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй вытворчасці, нарошчвае экспарт. Шырыцца асартымент прадукцыі ратацыйнага фармавання, уведзена новая лінія па выпуску дрэнажных труб. Расце валавы прадукт і ў ААТ «Баліны».
Мясцовыя прадпрыемствы забяспечваюць жыццядзейнасць сельсавета, прадастаўляюць людзям рабочыя месцы. Аднак праблемай з’яўляецца тое, што не ўсе працаздольныя жадаюць хадзіць на работу, ёсць грамадзяне, якія перабіваюцца выпадковымі заробкамі.
Старшыня райвыканкама патрабаваў зрабіць аналіз прычын гэтай з’явы і прыняць меры па працаўладкаванню людзей. Абмеркаваны дзейнасць сацыяльнай сферы, развіццё асабістых падсобных гаспадарак, работа з рознымі катэгорыямі грамадзян, стан добраўпарадкавання, праблемы аховы правапарадку, асаблівасці культурнага і спартыўнага жыцця, перспектывы турызму.
Па ўсіх праблемных пытаннях вызначаны шляхі іх вырашэння. У прыватнасці, дадзена даручэнне РАУС абсталяваць пакой для ўчастковага і ўкамплектаваць гэту пасаду. Камунгасу належыць навесці парадак на тэрыторыі бігосаўскай кацельні, электрасеткам — наладзіць бесперабойнае энергазабеспячэнне аграгарадка. Вырашана выкапаць сажалку і абсталяваць зону адпачынку ў Бігосаве. Адказным службам дадзена заданне па ўборцы аварыйных дрэў на тэрыторыі сельсавета.
Асобна разгледжаны ўсе пытанні, з якімі жыхары вёсак звярнуліся да ўпаўнаважаных. У асноўным, гэта праблемы жыццезабеспячэння: дарогі, забеспячэнне вадой і электраэнергіяй, работа сацыяльных аб’ектаў. Больш за ўсё пытанняў датычыла рамонту праезджых шляхоў. Дарожнікам, сельвыканкаму і мясцовай гаспадарцы дадзены заданні па прывядзенні іх ў належны парадак. Работы будуць праведзены ў вёсках Грыгароўшчына, Новікі, Кавалеўшчына, Жукава. Належыць абсталяваць пад’езды да вёсак Карценева, Цынгелі, могілак вёскі Сушкі.
Гаспадарам камунікацый дадзена заданне адрамантаваць водаправод у Карценева і Вопытнай, разгледзець заявы аб арганізацыі водазабеспячэння ў Шавёлах і Шармухах.
Узнімалі вяскоўцы і праблемы добраўпарадкавання: зносу ветхіх дамоў (в. Чурылава), устаноўкі агароджы вакол карценеўскіх могілак, збору адходаў у в. Шармухі. Вырашэннем іх зоймуцца сельвыканкам і мясцовыя службы. А сельгаспрадпрыемству «Баліны» даручана навесці парадак у вёсцы Цінкаўцы, вуліцы якой знаходзяцца ў непрывабным выглядзе.
Як паказалі сустрэчы, праблемы нярэдка ўзнікаюць там, дзе не хапае работы з людзьмі. Жыхары Новікаў і Цінкаўцаў наракалі на недахоп увагі да іх з боку мясцовай гаспадаркі. Дырэктару А. У. Шаўраку даручана правесці з людзьмі сход, высветліць патрэбы і выканаць просьбы аб арганізацыі апрацоўкі агародаў, аднаўленні пад’ездаў да іх, кантролю за вывазкай арганікі і іншых.
Наладзіць бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй прадугледжана ў вёсках Цінкаўцы, Новікі, Баліны і Марозы, дзе ёсць з гэтым праблемы. У вёсцы Кавалеўшчына будзе праверана работа электрасувязі.
Райспажыўтаварыству даручана ўкамплектаваць магазін в. Вопытная прадаўцом і зрабіць прыдатным для спажыўцоў рэжым работы магазіна в. Марозы.
Хвалююць мясцовых жыхароў і пытанні медабслугоўвання, арганізацыі вольнага часу. Былі выказаны просьбы прывозіць у аддаленыя вёскі, дзе жывуць старыя, медпрэпараты. Пажадана спаўна выкарыстоўваць творчы патэнцыял мясцовых жыхароў: распрацаваць план культурных мерапрыемстваў у Балінах, наладзіць гуртковую работу на базе Балінскай бібліятэкі. Вырашана правесці перамовы з пісьменнікам Сяргеем Панізьнікам аб перадачы аддзелу культуры музея «Хатка Бабкі Параскі» — варта ажывіць і зрабіць даступнай для шырокага кола наведвальнікаў яго работу.
Уздымалі жыхары сельсавета таксама пытанні забеспячэння палівам, вызначэння дзялянак для нарыхтоўкі дроў, рамонту печаў, уключэння ў севазварот агародаў, прафілактыкі правапарушэнняў, якасці хлеба і іншых. У пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама ўнесена звыш 50 заданняў па выкананню патрэб людзей. Зразумела, гэта работа патрабуе і фінансавых выдаткаў, і немалых сіл. Але справіцца з ёю, адзначыў кіраўнік раёна, неабходна ў вызначаныя тэрміны. Ад таго, як забяспечваюцца жыццёва важныя патрэбы людзей, залежыць і іх дабрабыт, і давер да ўлады.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *